Залатое сэрца Ніны Кавальчук. 21.by

Залатое сэрца Ніны Кавальчук

23.01.2019 16:36 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Даў жа Бог чалавеку прыгажосць, знешнюю і ўнутраную, талент, мудры і шчодры, сэрца, вялікае і чуллівае…


І ўсё гэта пра яе, простую вясковую жанчыну з вёскі Хатынічы, паэтку Ніну Кавальчук.
Водар жыцця
Вечарам Ніна вярталася дадому пасля канцэрта, які ў сельскім Доме культуры ладзіў знакаміты фальклорны гурт «Хатовічы». Яго выступленне жанчына ніяк не магла прапусціць.
«Пацяплела, – падумалася дарогай Ніне. – Як жа пахне бэзам, зялёнаю травою ды маладою лістотай! Вясна, любімая пара года. Сёлета яна, здаецца, такая ж, як і ў далёкай маладосці».
Незаўважна для сябе Ніна прайшла каля бацькоўскай хаты.
«Вясна, можа, і тая ж, вось толькі жыццё іншае. Цёмна ў вялікіх вокнах роднай хаты з блакітнымі аканіцамі, не ідзе духмяны дым з коміна, замешаны на водары смажанай цыбулі і шкварак, не грымяць станкі ў татавай сталярні. На падворку ціха і тужліва…»
Сумны настрой змяніўся, калі падышла да свайго ўжо двухпавярховага дома, які амаль сорак гадоў таму пабудавалі разам з руплівым мужам Віктарам і які зараз перайначваюць на свой лад сын Віктар з нявесткай Хрысцінай. Амаль у кожным акне гарэла святло.
«Дзякуй Богу, жыццё працягваецца, а дом наш, у які ўкладзена столькі сіл і поту, не будзе пакінутым, не стане раскіданым гняздом…» – падумалася Ніне, перш чым адчыніць уваходныя дзверы.

Госця нябесная
На рукі Ніне яшчэ з парога кінулася малодшанькая ўнучка Эмілія. Бабуля пацалавала любімую дзяўчынку ў ружовую пухнатую шчочку і адпусціла з рук катацца на трохколавым веласіпедзіку, а сама паспяшалася ў свой пакой. З верхняй шуфляды камоды дастала сшытак з зялёнай вокладкай і пачала пісаць. Радкі рыфмаваліся ў галаве самі па сабе: «Была малой, здавалася, што буду жыць бясконца. Пазней я здагадалася, што і ў жыцця ёсць донца…» Яшчэ і ноччу некалькі разоў Ніна прачыналася і, нібыта мазаіку, складвала думкі-пазлы, зазіраючы ў скарбніцу памяці. І так было заўсёды, калі прыходзіла да яе госця нябесная…
А наведалася яна ўпершыню да Ніны Кавальчук яшчэ ў юнацтве, каб заняць пачэснае месца ў жыцці жанчыны, можа, нават каб дапамагчы сфарміравацца як асобе. Колькі пісана-перапісана вершаваных гісторый! Пра каханне і сям’ю, бацькоў і дзяцей, пра марозную зіму і шчодрую восень…
– Першымі іх ветліва сустрэлі некалі ў рэдакцыі раённай газеты «Савецкае Палессе», – прызнаецца Ніна Уладзіміраўна, – дапамаглі надрукавацца, тым самым падарыўшы надзею і ўпэўненасць.
Гэта ўжо куды пазней Ніна адважыцца даслаць свае вершы ў «Чырвоную змену» і «Зарю», «Звязду» і «Народную трыбуну»… А ў 2005 годзе выйдзе першы зборнік Ніны Кавальчук з дзіўнай назвай «Летуценніца».
– Гэта мая першая кніжка, – кажа Ніна Кавальчук. – У ёй рыфмаваным радком я расказала чытачам пра тое, чым жыву, што люблю і за што перажываю ўсім сэрцам.
Праз дванаццаць гадоў свет убачыць новы зборнік вершаў паэткі «Звіваюцца сцежкі-дарожкі», у якім збярэцца паэзія жанчыны, створаная за літаратурнае жыццё, моцная і слабейшая, друкаваная раней і «свежанькая», на рускай і роднай, матчынай мове.

Мой Віктар
У паэзіі, як і ў жыцці, Ніна заўсёды адчувала падтрымку і разуменне з боку мужа Віктара. Гэта ён, калі супрацоўніца друкарні агучыла суму грошай за дваццаць пяць экзэмпляраў кнігі «Звіваюцца сцежкі-дарожкі», цвёрда сказаў:
– Мы не ездзілі з табою ў далёкія краіны адпачываць, ніколі не дазвалялі сабе лішніцы, бо думалі ў першую чаргу пра дзяцей… Зараз не перабіваемся з капейкі на капейку, таму пра грошы не думай – афармляй дакументы ў выдавецтве, няхай будзе памяць нашым дзецям і табе падарунак…
Распавядаючы пра мужа Віктара, вялікія, бяздонныя вочы жанчыны становяцца яшчэ болей жывымі і бойкімі, і чытаецца ў іх не толькі любоў, але і вялікая павага да роднага чалавека.
– Ён сапраўдны, – прызнаецца Ніна. – Ніколі не падладжваецца пад абставіны, што думае, тое і кажа. Віктар акуратны і грунтоўны ў рабоце, а па характары патрабавальны і ў той жа час мяккі чалавек. Ён любіць і шчыра перажывае за дзяцей і ўнукаў. Ён кахае мяне, і нават зараз, трыццаць восем гадоў пражыўшы разам, прызнаецца ў сваім каханні.

«Ты не можаш жыць для сябе»
Такія словы ад сваіх родных і блізкіх Ніна чула не аднойчы. На іх ніколі не крыўдзілася, бо гэта сапраўды так. Спачатку адкладвала на другі план усе свае жаданні, таму што малымі былі дзеці, «чацвёра ясных сонейкаў»: Коля, Дзімка, Максім і Віктар. Потым з’явілася ў сям’і яшчэ і сямігадовая Волечка, якой так патрэбны былі з боку Ніны і Віктара асаблівыя любоў і ўвага. Недзе праз гадоў дзесяць дом Кавальчукоў папоўніўся дзесяцігадовым Максімкам. Яго ўзялі з прытулку. Колькі сіл трэба было мець, каб прыгрэўся душою хлапчук, адчуў шчырасць, дабрыню. І сёння кожнае дзіця Ніна імкнецца не абдзяліць любоўю, зрабіць так, каб адчувалі сябе па-сапраўднаму шчаслівымі.
– Дзеці выраслі, – з прыкметным сумам у вачах кажа Ніна Уладзіміраўна. – Усе маюць свае сем’і. У мяне ўжо зараз восем унукаў – чатыры хлопчыкі і чатыры дзяўчынкі! А вось светлы, сонечны дзіцячы пакой у хаце не пустуе і зараз.
Адчыняю дзверы ў гэты пакой, а на ложку, прыкінутым даматканай хатыніцкай посцілкай, сядзіць мілавідная, акуратненькая бабулька.
– Гэта цётка маёй нябожчыцы свекрыві. Прыехала яна да сваёй пляменніцы з Гродзеншчыны век дажываць. А тая год таму памерла. Дзевяностадвухгадовая баба Феня некаторы час жыла адна, зараз сама не спраўляецца. Таму вырашылі мы на сямейным сходзе забраць старую да сябе зімаваць. Не па-людску было б кінуць яе ў халоднай хаце адну.
Да размовы далучаецца і баба Феня. А яе слухаць не пераслухаць. Аднак галоўныя словы кажа старэнькая на развітанне:
– Ніколі не думала, што ў такіх добрых умовах, сярод добрых людзей буду дажываць свой доўгі век. З залатым сэрцам Ніна…
Жоўтыя лотаці
Кожны раз думаючы аб старасці, Ніне ўспамінаецца яе дзяцінства. А было яно зусім не бесклапотным, але ж светлым, незабыўным. Бацькі Ніны працавалі ў калгасе: мама – паляводам, а бацька – сталяром, добрая слава пра якога ішла не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Сям’я была вялікай, толькі дзяцей пяцёра. Ніна – другая па ліку. Пасля яе нарадзіліся яшчэ два браты і сястрычка. У дзіцячы садок дзеці не хадзілі, гадаваліся пад лагоднымі промнямі летняга сонца, радуючыся цёплым восеньскім туманам, снежным, марозным зімам і лёгка-ружовай квецені бацькоўскага яблыневага сада.
А вось у школу, новую, толькі-толькі пабудаваную ў Хатынічах, Ніна хадзіла з вялікім задавальненнем. Яе шлях да навукі ляжаў праз невялікую лугавіну. А на той лугавіне ранняй вясной зацвіталі жоўтыя кветкі лотаці, якія так прывабліва паглядалі на дзяўчынку з шэра-зялёнай вады. Басанож ступала яна ў даволі халодную ваду, каб нарваць кветак у букет. Ірвала і хуценька, дрыжучы, бегла дамоў.
– А з лотацей на маю рознакаляровую школьную сукеначку сцякала сцюдзёная вада, халодзячы яшчэ болей, – цяжка ўздыхнуўшы, успамінае Ніна Уладзіміраўна. – Лугавінкі той даўно няма, асушылі. Але ж кожны раз, асабліва ранняй вясною, з жалем гляджу на тое месца, дзе цвіла лотаць, дзе згубіліся сляды маіх дзіцячых ног…

Простае шчасце
Імклівы час змяніў жыццё жанчыны. Сёння яна не спяшаецца на працу (да гэтага шмат гадоў шчыравала на будоўлі, сацыяльным работнікам), а займаецца любімымі хатнімі справамі: шые сукеначкі ўнучкам, вяжа сурвэткі, шкарпэткі, гатуе смачныя вясковыя стравы для сваіх сямейнікаў і… піша вершы.
– Большасць з іх выкладваю ў інтэрнэце,– прызнаецца жанчына,– у мяне і група паэтычная ёсць. Водгукі на рыфмаваныя радкі атрымліваю ад аматараў маёй творчасці з Расіі, Украіны, Малдовы… Іншы раз друкуюць вершы ў часопісах і газетах. Напісаныя ад душы радкі кранаюць людское сэрца.
І яшчэ пра адно Нініна захапленне. Яна любіць кветкі. Іх у вялікім, акуратным і з густам аформленым палісадніку безліч: лілеі, астры, вяргіні, хрызантэмы, ружы… Гледзячы на кветкавае царства, адразу разумееш: тут жыве не проста гаспадыня, але і добры чалавек, сапраўдная жанчына.
Галіна ПУПАЧ.

(Visited 3 times, 3 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даў жа Бог чалавеку прыгажосць, знешнюю і ўнутраную, талент, мудры і шчодры, сэрца, вялікае і чуллівае… І ўсё гэта пра
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика