Даярка з фермы «Калодзіна». 21.by

Даярка з фермы «Калодзіна»

22.04.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


З АПЕРАТАРАМ машыннага даення кароў фермы «Калодзіна» ААТ «Занарачанскі» Таццянай Талайкай сустрэліся на яе працоўным месцы. Яна рыхтавалася да дзённай дойкі кароў.
— У маёй групе 50 кароў. Большасць з іх даю два разы на дзень, а тых, што нядаўна ацяліліся — тры, — патлумачыла жанчына.
Прызнаюся шчыра: перш, чым сустрэцца з Таццянай Анатольеўнай, пагутарыў з загадчыцай фермы Галінай Сцяпанавай.
— Таццяна — жывёлавод, як кажуць, старой загартоўкі. Жанчына акуратная, дысцыплінаваная, адказная, працавітая, — расказала Галіна Уладзіміраўна. — У лістападзе будзе 30 гадоў, як узначальваю калектыў гэтай фермы. 22 з іх поплеч працуе даяркай Таццяна. Пра яе магу гаварыць толькі самае добрае. Моладзь зараз зусім іншая. Хаця не ўся. Аператарам машыннага даення кароў працуе ў нас Алеся Траццяк. Малайчына. Жывёлу глядзіць, да работы спраўная. Але напішыце ў газеце пра Таццяну, яна заслугоўвае гэтага…
Так склалася, што Таццяна Анатольеўна паспытала і гарадскога жыцця. Пасля заканчэння школы падалася ў сталіцу. У прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 93 набыла спецыяльнасць швачкі-матарысткі. Па размеркаванні працаваць трапіла на швейную фабрыку. Часта прыязджала дадому, у родныя Стахоўцы. На вечарыне пазнаёмілася з хлопцам з вёскі Калодзіна Віктарам. Пакахалі адзін аднаго, згулялі вяселле.
— Працаваць уладкавалася даяркай на ферму. Здаецца, было гэта зусім нядаўна, а ўжо мінула больш за 20 гадоў. Ды і Віктар на ферме падменным даяром два дзясяткі гадоў адпрацаваў. Зараз ён на групе, але часам прыязджае сюды, дапамагае мне. Мы жылі спачатку ў Калодзіне, а потым атрымалі добры дом у Занарачы, — расказвае Таццяна Талайка. — На работу і дадому нас возяць на аўтобусе, таму з гэтым ніякіх праблем няма.
Жыццё ідзе ў працы, у клопатах аб лепшым, у дасягненнях і перамогах, якія не прыходзяць самі, а заваёўваюцца стараннем і сумленнем чалавека. А прафесія жывёлавода не з лёгкіх. Даводзіцца рана ўставаць і позна класціся спаць. На многіх фермах па-ранейшаму шмат ручной працы. Не з’яўляецца выключэннем і МТФ «Калодзіна».
— Кармы жывёле раздаюць даглядчыкі. Але і нам клопатаў хоць адбаўляй. Пачысціць стойлы, раздаць канцэнтраты, падаіць кароў, дагледзець цялятак, а іх у мяне дзевяць. У групе 50 рагуль. Асобныя кароўкі па пуду малака зараз даюць за суткі. За мінулы год, напрыклад, я надаіла ў сярэднім ад каровы замацаванай групы па 4681 кілаграме малака, — працягвае размову Таццяна Анатольеўна. — І хаця кожная даярка абслугоўвае толькі сваю групу кароў і адказвае за канкрэтны ўчастак працы, ёсць задачы, вырашэнне якіх залежыць ад зладжанасці ўсяго калектыву. А ён у нас добры, дружны. Таму і справы ладзяцца. Вялікая заслуга ў гэтым загадчыцы Галіны Уладзіміраўны, строгай, патрабавальнай і адначасова спагадлівай жанчыны. Да яе звяртаюцца многія і з радасцю, і з горам. Для кожнага знойдзе цёплае слова, канкрэтную параду. Любяць і паважаюць яе ў калектыве. Умовы працы ў нас створаны добрыя. Праз чатыры дні маем выхадны. Іх дае падменны даяр Віталій
Капцёнак.
— Вы амаль цэлы дзень на працы. Хто ўпраўляецца з асабістай гаспадаркай? — пытаюся ў суразмоўцы.
— Муж у многім мне дапамагае. Ды і гаспадарка зараз дома невялікая. Свінні, куры. Гэта раней карову трымалі, а зараз не, — чую ў адказ. — А што датычыць дзяцей, то яны дарослыя. Старэйшая дачка Марыя жыве ў Мінску, працуе ў банку. Святлана таксама ў сталіцы, яна — медсястра хуткай медыцынскай дапамогі. А вось Алёна жыве разам з намі, працуе галоўным бухгалтарам у таварыстве. Дзяўчаты харошыя, не цураюцца вясковай працы, дапамагаюць нам ва ўсім…
— Ёсць адна праблема: Таццяна Анатольеўна збіраецца на пенсію.
Дзе знайсці ёй годную замену?! — уздыхае загадчыца фермы.
— Ды не хвалюйся, Уладзіміраўна. Пакуль будзе дазваляць здароўе, папрацую, — усміхаючыся, адказала Таццяна Талайка. — Не змагу я сядзець без справы, якой аддала лепшыя гады свайго жыцця, без свайго калектыву…

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З АПЕРАТАРАМ машыннага даення кароў фермы «Калодзіна» ААТ «Занарачанскі» Таццянай Талайкай сустрэліся на яе працоўным месцы. Яна рыхтавалася да дзённай дойкі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика