16 мая механізатар Мікалай Рашэвіч з ААТ “Гарадзец-агра” атрымаў пазапланавы выхадны. У гэты дзень у яго адрас гучалі не працоўныя нарады, а віншаванні і песні — Мікалай Іванавіч адзначаў свой сямідзесяцігадовы юбілей.
У ААТ “Гарадзец–агра” Мікалай Рашэвіч прыйшоў у 1991 годзе, да гэтага была вучоба на трактарыста, служба ў арміі, шлюб і некалькі гадоў работы ў Аніскавічах.
— Пэўны час быў слесарам на ферме, але цягнула да тэхнікі. Таму амаль увесь працоўны шлях прайшоў за рулём трактароў. Праца ў полі – самая любімая. Мабыць таму, і ў семдзесят за работай няцяжка, – усміхаецца Мікалай Іванавіч.
Павіншаваць з юбілеем і ўручыць Ганаровую грамату ў Аніскавіцкі Дом культуры, дзе і праходзіла святочная імпрэза, прыехаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Лазарчук.
— У гісторыі маёй работы ў райкаме гэта другі механізатар, які ў такім паважаным узросце працягвае працаваць на карысць роднай гаспадаркі, пры гэтым мае добрыя паказчыкі ў рабоце, – падкрэсліў Васіль Васільевіч.
Ад усяго сэрца павіншавалі і прадоўжылі думку, што працаваць можна да той пары, пакуль дазваляе здароўе, галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Кобрынскага райвыканкама Наталля Ізафатава, дырэктар гаспадаркі Іван Цецярук і старшыня прафкама гаспадаркі Наталля Пакалюк.
Для юбіляра работнікамі Дома культуры была падрыхтавана канцэртная праграма, на якую прыйшлі родныя і калегі юбіляра. У Мікалая Рашэвіча вялікая сям’я – жонка, дзеці, унукі і нават праўнук ёсць, таму адзначаць прыгожую дату было прыемней удвая.
Людмила Пашковіч
На здымку аўтара: Мікалай Рашэвіч; злева направа: Наталля Пакалюк, Наталля Ізафатава, Мікалай Рашэвіч і Васіль Лазарчук пасля святочнай імпрэзы.