На мінулым тыдні непадалёк ад вёскі Машчоны супрацоўнікам Ушацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях давялося шукаць жанчыну, якая заблудзілася ў лесе. Такіх выпадкаў толькі на Віцебшчыне ў гэтым сезоне ўжо каля двух дзясяткаў. А ў Барысаўскім раёне грыбніка знайшлі, аднак, на жаль, мёртвым. Як пазбегнуць непрыемнасцей і што рабіць, калі ўсё ж вы згубіліся? Вазьміце на заметку некалькі карысных парад ад МНС.
Не адзявайцеся ў лес так, быццам збіраецеся партызаніць. Камуфляж надзейна хавае чалавека, што значна ўскладняе пошукі ў выпадку неабходнасці. Вопратка павінна быць шчыльнай з яркай дэталлю, напрыклад, з чырвонай кепкай.
Перад выхадам у лес трэба вывучыць карту мясцовасці, узяць тэлефон з навігатарам і мінімальную аптэчку. Таксама могуць спатрэбіцца нож і запалкі. Не будзе лішнім і свісток, яго гук чутны за 2-3 км.
У пахмурнае надвор’е паход у лес лепш адкласці. Не варта адпраўляцца ў адзіночку, паведаміце родным аб запланаваным маршруце і прыкладным часе вяртання.
Калі вы зразумелі, што заблудзіліся, тэлефануйце выратавальнікам па нумарах 101 ці 112. Пры адсутнасці сувязі не адчайвайцеся: трэба выняць з тэлефона SIM-карту і зноў набраць 112 – гэта забяспечыць сувязь з любым аператарам сотавай сувязі, не толькі з тым, да якога вы падключаны.
Шукайце важныя арыенціры: лініі электраперадач, прасекі і сцяжынкі. Выявіўшы любы з іх, ідзіце ўздоўж яго. Калі на шляху ручай ці рака, трэба ісці ўніз па цячэнні. Пачуўшы гук, рухайцеся ў тым кірунку. Шум трактара чутны за 3-4 км, брэх сабакі – за 2-3 км, цягніка – за 10 км.
Калі ноч заспела ў лесе, не варта працягваць рух, а лепш заняцца ўладкаваннем месца для начлегу. Для гэтага падыдзе яма ад вывернутых з коранем дрэў. З галінак пабудуйце прытулак і подсціл. Для прыцягнення ўвагі тых, хто шукае, павесці на кусты кепку, абламайце галінкі. Каб не замерзнуць, пад вопратку пакладзіце лісце ці пры наяўнасці газету. Гэта павялічыць цеплааддачу ўдвая.
Праверыць свае веды адносна дзеянняў у лесе можна ў мабільным дадатку “МНС Беларусі. Дапамога побач”, прайшоўшы адпаведны цікавы тэст.
На мінулым тыдні непадалёк ад вёскі Машчоны супрацоўнікам Ушацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях давялося шукаць жанчыну, якая заблудзілася ў лесе. Такіх...