100 гадоў БССР. Нясвіж у 1919-м. Трывожны сакавік. 21.by

100 гадоў БССР. Нясвіж у 1919-м. Трывожны сакавік

11.08.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На мяжы лютага-сакавіка 1919 г. паліцы нясвіжскіх крамаў канчаткова апусцелі. Збор надзвычайнага падатку ішоў з вялікімі цяжкасцямі. Сродкаў у гарадскім бюджэце не хапала. Для вырашэння надзённых праблем быў створаны “Надзвычайны штаб па ахове рэвалюцыйнага парадку”. Найлепшым спосабам для выпраўлення сітуацыі яго кіраўніцтва прызнала… масавыя вобыскі і канфіскацыі. На слупах з’явіліся аб’явы, якія абвяшчалі горад на асадным становішчы. Выхад на вуліцу з 19.00 4 сакавіка да 10.00 раніцы наступнага дня быў забаронены. Пакуль несвіжане сядзелі дома, на тэрміновую нараду былі скліканы прадстаўнікі сацыялістычных партый і прафсаюзаў. Ім абвясцілі, што горад падзелены на 42 участкі для правядзення вобыскаў. На кожны ўчастак накіроўваўся атрад з шасці чалавек: трох чырвонаармейцаў, аднаго прадстаўніка партыі камуністаў і двух прадстаўнікоў яўрэйскіх партый Бунд і Паалей-Сіён. З 10 гадзін вечара ў дамах заможных мяшчан (“спекулянтаў і гарадской буржуазіі”, як тады было прынята казаць) пачаліся ператрусы. Было знойдзена шмат прадуктаў, залатыя манеты, спірт, мануфактура і іншыя тавары.

Магчыма, такое “навядзенне рэвалюцыйнага парадку” і прайшло б бясследна для яго арга-нізатараў, каб не хуткае набліжэн-не фронту. 13 сакавіка выйшаў загад аб аб’яднанні ўсіх чырвонаармейскіх вайсковых адзінак і злучэнняў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі і Літвы, у Беларуска-Літоўскую армію. У той самы дзень 9-ы пагранічны полк з Нясвіжа быў накіраваны ў раён Ганцавіч — Лунінца для абароны пінскага напрамку. У гора- дзе застаўся толькі невялікі атрад мясцовых чырвонаармейцаў, якім камандаваў Андрэй Пракапчук. Тым часам, сітуацыя на фронце ўсё больш абвастралася. Аддзелы Войска Польскага раптоўным ударам занялі Баранавічы. У прыфрантавой паласе з’явіліся конныя атрады, якія часта складаліся з мясцовага насельніцтва.  Легіянеры, як іх называлі ў той час, учынялі дыверсіі на дарогах, нападалі на вёскі і мястэчкі, праводзілі аперацыі ў тылах Чырвонай Арміі. Часта пры іх набліжэнні адбываліся ўзброеныя антысавецкія выступленні. Адным з іх стала нясвіжскае паўстанне.

У Нясвіжы, дзе яшчэ з даваенных часоў дзейнічалі польскія культурна-асветніцкія арганізацыі, прыхільнікаў аднаўлення незалежнай Польшчы было асабліва шмат. Адным з асяродкаў такіх настрояў стала гімназія, у работу якой новая савецкая ўлада асабліва не ўмешвалася. Абмежаваліся толькі тым, што забаранілі што-дзённыя малітвы і загадалі зняць абразы, якія віселі ў аўдыторыях. Між тым, вучні старэйшых класаў аб’ядналіся ў падпольную арганізацыю, якая рыхтавала ўзброенае выступленне. Яе ўзначаліў выкладчык лацінскай мовы Мечыслаў Валністы. Першачарговай задачай стаў збор зброі. З навакольных вёсак і баць-коўскіх дамоў гімназісты тайком звозілі паляўнічыя стрэльбы, вінтоўкі, пісталеты, патроны. Неўзабаве яны мелі каля 30 вінтовак і некалькі рэвальвераў. За захаванне зброі адказваў возны магістрата Палікарп Каляда. Пры гэтым выразнага плана дзеянняў падпольшчыкі не мелі, спадзяваліся толькі, што нады-дзе зручны момант, калі гэту зброю можна будзе ўжыць.

Чуткі пра падрыхтоўку паўстання даходзілі да выканкама. На пачатку сакавіка камісары Розэнблюм і Стыкуць прапанавалі правесці арышты сярод патэнцыяльных ворагаў — “панскіх паслугачоў і варожа настроеных інтэлігентаў”. Аднак старшыня выканкама Файнберг палічыў, што для разгортвання рэпрэсій няма падстаў.

У ноч з 14 на 15 сакавіка конны аддзел легіянераў маёра Дамброўскага нечаканым налётам захапіў мястэчка Сіняўка (35 км ад Нясвіжа). Адтуль раз’езды накіраваліся ў бок Клецка і Снова. Хаця агульная колькасць палякаў наўрад ці пераўзыходзіла сто чалавек, весткі пра іх з’яўленне маланкай разнесліся па павеце, абрастаючы ўсё новымі “падрабязнасцямі”. Праз некалькі гадзін гаварылі ўжо не пра захоп невялікай Сіняўкі, а пра набліжэнне легіянераў да Мінска і Бабруйска. У Слуцку была абвешчана эвакуацыя ўсіх савецкіх устаноў. Па вёсках пачаліся хваляванні: сяляне збівалі харчовых агентаў і разбіралі запасы хлеба, прызначанага для войска. У Качановічах мясцовая шляхта разагнала сельскі камітэт. Атрад Пракапчука, які быў адзінай рэальнай сілай савецкай улады ў Нясвіжы, выслалі насустрач польскім раз’ездам. Такім чынам,  войска ў горадзе, акрамя міліцыі, не засталося.

Ноччу з 15 на 16 сакавіка пачалося паўстанне. Частку міліцыянераў захапілі соннымі на кватэрах і раззброілі. Пры гэтым, на шчасце, абышлося без забойстваў. Але ў перастрэлцы ў цэнтры горада былі забіты члены выканкама Файнберг, Розэнблюм і Грынблат, а таксама начальнік ЧК Татур. Паўстанцы захапілі галоўныя адміністрацыйныя будынкі, зброю, вызвалілі з турмы арыштантаў. Над ратушай узняўся польскі сцяг. Была арганізавана камендатура, на вуліцах расстаўлены патрулі. На гэтым паўстанцы палічылі сваю місію скончанай. Яны думалі, як найлепшым чынам сустрэць кавалерыстаў Дамброўскага. Несвіжане нават не ведалі, што тыя зусім не збіраліся ісці ім на дапамогу і павярнулі назад.

Тым часам бальшавікі дзейнічалі рашуча. Андрэй Пракапчук успамінаў: “Мой атрад толькі што вярнуўся ў горад. Але ініцыятыва была ў руках паўстанцаў, і нам давялося адступіць. Пагрузілі на двухколку тэлеграфны апарат і рушылі на вёску Рудаўка. Уздоўж дарогі стаялі тэлеграфныя слупы. Я загадаў тэлеграфісту залезці на слуп і падключыцца да лініі. Такім чынам звязаліся з Мінскам. У Мінску да апарата падышоў губернскі ваенны камісар Крывашэін. Я далажыў абстаноўку, і ён загадаў мне нікуды больш не рухацца, трымацца да апошняга патрона. Сказаў, што высылае нам на дапамогу роту штыкоў і бронецягнік”.

Ад бронецягніка, які прыбыў у Замір’е, карысці было мала. А вось рота байцоў з двума кулямётамі каля пяці гадзін вечара 16 сакавіка прыбыла ў Рудаўку. Не губляючы часу, з двух бакоў чырвонаармейцы пачалі наступаць на Нясвіж. Патрулі паўстанцаў уступілі ў перастрэлку, але сілы былі няроўнымі. Хутка скончыліся патроны, а Валністы мог толькі суцяшаць сваіх байцоў абяцаннямі хуткай падмогі. Тым часам вынік бою быў прадвызначаны.

У панядзелак 17 сакавіка выступленне было канчаткова задушана. Апошнія стрэлы прагучалі на Новым месцы.

Да 20 сакавіка сітуацыя на Случчыне адносна нармалізавалася.Сіняўка зноў была занята чырвонымі аддзеламі. Выступленні ў Нясвіжы і Старобіне задушаны, хваляванні ў Ішкальдзі і Клецку суняты. Фронт ўсталяваўся прыблізна на лініі Ліда — Пінск. Знахо-дзячыся ў Замір’і, Мінскі губернскі камісар па ваенных справах Крывашэін запэўніваў, што “становішча фронту ўстойлівае і прыняты рашучыя меры для знішчэння польскіх контррэвалюцыйных банд”. А 21 сакавіка 1919 г. ён жа падпісаў Загад № 100, які абвяшчаў, што адказам на ўсе акцыі “польскай буржуазіі” будзе “страшны крывавы тэрор”: “…за кожнага безабароннага рабочага або селяніна, расстралянага польскімі белагвардзейцамі або контррэвалюцыянерамі, будуць знішчаны цэлыя сем’і буржуазіі і памешчыкаў”.

Нясвіжская турма, якая размяшчалася ў мурах колішняга бенедыкцінскага кляштара, была перапоўнена. 24 сакавіка з яе вывелі пяцярых найбольш актыўных удзельнікаў паўстання: Мечыслава Валністага, Палікарпа Каляду, Станіслава Іваноўскага — бухгалтара радзі-вілаўскай адміністрацыі, Юзафа Янушкевіча — службоўца княжацкага палаца — і Канстанціна Шыдлоўскага. Іх расстралялі недалёка ад горада, скінуўшы целы ў агульную магілу. Большасць вязняў, аднак, выпусцілі праз розныя тэрміны. Нехта прабыў у зняволенні дзесяць дзён, нехта — два месяцы. У маі аднавілася дзейнасць гімназіі.

Помнік у гонар паўстання 1919 г.
перад гарадской ратушай у Нясвіжы. 1930-я гады

У міжваенны час, калі Нясвіжчына ўваходзіла ў склад Польскай дзяржавы, сакавіцкае паўстанне стала неад’емнай часткай патрыятычнага выхавання моладзі. У 1926 г. на магіле расстраляных на гарадскіх могілках быў пастаўлены велічны помнік, зроблены на сродкі вучняў і настаўнікаў гімназіі. Ён, дарэчы, захаваўся да нашых дзён. У касцёле служылі жалобныя набажэнствы ў памяць пра палеглых юнакоў. А ў 1931 г. у гонар тых падзей перад ратушай быў усталяваны помнік у выглядзе ступенчатай піраміды з каменнай глыбай, на вяршыні якой раскінуў крылы арол. Перад ім на розныя ўрачыстасці рэгулярна збіраліся сябры Саюза паўстанцаў Нясвіжа.

Пасля ўз’яднання з БССР помнік дэманціравалі, а пра паўстанне стараліся асабліва не ўспамінаць. Сёння было б недарэчна прадстаўляць яго, як “контррэвалюцыйны буржуазны мяцеж”, а ўдзельнікаў — як “труслівых мамкіных сынкоў”. Падлеткі, якія ўзялі зброю для ажыццяўлення сваіх ідэалаў, безумоўна, не былі баязліўцамі. З іншага боку, асабіста мне не надта хочацца ўсхваляць лю-дзей, якія змагаліся за тое, каб наш край стаў часткай Польшчы. Тым не менш, пра сакавіцкае паўстанне трэба ведаць і памятаць. І пра прычыны, і пра вынікі.

Андрэй БЛІНЕЦ,

старшы навуковы

супрацоўнік

Нацыянальнага гісторыка-

культурнага музея-

запаведніка “Нясвіж”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мяжы лютага-сакавіка 1919 г. паліцы нясвіжскіх крамаў канчаткова апусцелі. Збор надзвычайнага падатку ішоў з вялікімі цяжкасцямі. Сродкаў у гарадскім
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика