Складаючыя чалавечага шчасця Галіны Дзмітрыеўны Манкевіч. 21.by

Складаючыя чалавечага шчасця Галіны Дзмітрыеўны Манкевіч

20.12.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

IMG_6615 (Копировать)

На алашкаўскай зямлі, дзе жыў і працаваў славуты садавод Іван Сікора, дзе выйшлі на шырокую дарогу жыцця многія таленавітыя людзі: навукоўцы, лётчыкі, урачы, нарадзілася і Галіна Дзмітрыеўна Манкевіч. Тут прайшлі яе дзяцінства і юнацтва.

— Быць настаўніцай — мара майго дзяцінства, — кажа Галіна Дзмітрыеўна. — гуляючы з аднагодкамі “у школу”, я заўсёды адводзіла сабе ролю настаўніцы. Вялікі ўплыў на выбар будучай прафесіі аказаў Іван Паўлавіч Сікора, з якім мы жылі па-суседству. Гэтага чалавека я ўспамінаю з цеплынёй і ўдзячнасцю. У яго была багатая бібліятэка, з якой даваў нам, дзецям, чытаць цікавыя і карысныя кнігі. Менавіта Іван Паўлавіч і параіў мне паступіць у Пастаўскае педагагічнае вучылішча. Было гэта ў 1950 годзе. Праз чатыры гады пачалася мая педагагічная дзейнасць. Завочна паступіла на факультэт біялогіі і хіміі Брэсцкага педінстытута. А першыя настаўніцкія крокі ажыццявіла на пасадзе загадчыцы Астаноўскай (цяпер Більдзюгскі сельсавет) пачатковай школы. Затым была праца на аналагічнай пасадзе ў Зямцоўскай пачатковай школе Станіславоўскага сельсавета. Калі скончыла тры курсы педінстытута, тагачасны загадчык раённага аддзела адукацыі Собалеў перавёў мяне настаўніцай хіміі і біялогіі Куштальскай сямігодкі. Затым быў непрацяглы перыяд працы на пасадах інспектара раённага аддзела адукацыі, дырэктара Болкалаўскай і настаўніцы Качанаўскай васьмігодак.

Як вядома, пазней Качанаўская няпоўная сярэдняя школа была пераўтворана ў Радзюкоўскую БШ. З сарака год свайго педагагічнага стажу Галіна Дзмітрыеўна трыццаць адпрацавала ў Радзюках. Тут разам з мужам Уладзімірам Міхайлавічам пабудавалі дом, стварылі сям’ю. На пытанне, чаму яна абрала спецыяльнасць настаўніка хіміі і біялогіі, Галіна Дзмітрыеўна адказала, што інакш не магла. З ранняга дзяцінства расла паміж густых лясоў і неабсяжных балот, у свабодныя хвіліны бавіла час у садзе Івана Сікоры, дапамагала яму высаджваць кветкі, іншыя расліны. Гэта акалічнасць, а менавіта любоў да прыроды, у поўнай меры спрыяла выбару будучай прафесіі.

— У нашай школе заўсёды быў сяброўскі, з’яднаны калектыў, — працягвае Галіна Дзмітрыеўна. — Працаваць было цікава, што дало магчымасць дабіцца станоўчых поспехаў у навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення. З цеплынёй у сэрцы ўспамінаю Васілія Дзмітрыевіча Быкава, Раісу Міхайлаўну Кундра, якія ў свой час узначальвалі Радзюкоўскую школу. Прыемна было працаваць у адной педагагічнай камандзе са Святланай Францаўнай Кісялёвай, Янінай Аляксееўнай Ломаць, Зояй Пятроўнай Зялёнка, Ганнай Пятроўнай Радзюк і іншымі настаўнікамі.

У памяці назаўсёды засталіся выпускнікі 1983 года. Вучні былі ініцыятыўныя, дружныя, паважлівыя, працалюбівыя. Класам ганарылася ўся школа. Не дзіўна, што многія з іх выбралі ў будучым для сябе прафесію педагога. З 17 юнакоў і дзяўчат 7 і цяпер працуюць настаўнікамі: Валерый Бука, Марына Пачкоўская, Таццяна Дзіковіч, Ларыса Серафімава, Тамара Лазовік, Інна Пундзіс, Марыя Пачкоўская.

Гады работы ў школе праляцелі хутка і імкліва. Я вельмі задаволеная, што мая праца не засталася не заўважанай. Сярод шматлікіх узнагарод раённага і абласнога ўзроўняў ганаруся і званнем “Выдатнік народнай асветы”.

Вельмі прыемна, што мяне не забываюць былыя калегі, вучні. Яны заўсёды прыходзяць да мяне, віншуюць са святамі, прыносяць падарункі, кветкі. Вось і цяпер у дзень майго юбілею завіталі настаўнікі, вучні Радзюкоўскай базавай школы, кіруючая справамі мясцовага сельвыканкама, каб павіншаваць са знакавай датай у жыцці.

Галіна Дзмітрыеўна пражывае з сям’ёй сваёй унучкі Юліі, дапамагае ў выхаванні праўнучкі Дамінікі, якая ходзіць у другі клас. Яны разам робяць дамашнія заданні, разам бавяць вольны час.

— Ведаеце, я вельмі шчаслівы чалавек, — з радасцю ў голасе прамовіла Галіна Дзмітрыеўна. — Чаму? Таму што са мной заўсёды побач мае родныя і любімыя сэрцу людзі — мая сям’я; таму што не сорамна за пражытыя гады, напоўненыя спагадай, дабрынёй знаёмых і суседзяў, былых калег і ўдзячных вучняў. А гэта і ёсць складаючыя нашага чалавечага шчасця.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика