Калядныя сустрэчы
25.12.2019
—
Разное
|
Свята Божага Нараджэння, якое заўтра адзначаць жыхары раёна каталіцкага веравызнання, распачынае кола любімых у народзе калядных і навагодніх урачыстасцей. Таму наш праект “Фамільная каштоўнасць” арганізаваў свае, так бы мовіць, “Калядныя сустрэчы” – з сем’ямі, якія носяць сугучнае са святам прозвішча. Шчасце з рамонкавым пахам Мы размаўляем з Таццянай Рышардаўнай Каляда пад “акампанемент” дзіцячага смеху. За матулінымі плячамі весяліцца галоўны ў іх доме чалавек – чатырохгадовы Цімафей. Толькі што прыехаў на абед тата, Генадзь Міхайлавіч, і малы не хавае радасці – то туліцца да яго, то выкладае перад ім свае любімыя канструктары. Хлопчык ужо засвоіў, што бацька шмат часу праводзіць на працы і трэба выкарыстаць у сваіх інтарэсах кожную хвілінку. Дарэчы, летам Цімошка і сам бачыў, дзе працуе бацька, – быў на палях з рамонкам, трымаў у руках каласкі спелай пшаніцы, не зводзіў вачэй з магутнай тэхнікі… А тую карцінку з вясковага жыцця, што назіраў на полі, цяпер пераносіць у свае гульні, калі застаецца з мамай дома. – Гаспадарка нас і пазнаёміла, – расказвае маладая жанчына. – Я, як і Гена, са Шчучына. Скончыла політэхнічны каледж у абласным цэнтры, збіралася стаць эканамістам у банкаўскай сферы. Але атрымалася, што вакансіі ў фінансавай установе не было, затое знайшлася ў “Вялікім Мажэйкаве”, дзе патрабавалася сакратар у прыёмную кіраўніка. У курс справы ўвайшла хутка, работа з дакументамі падабаецца. Цяпер маладая сям’я жыве ў аграгарадку Вялікае Мажэйкава ў саўгасным доме з усімі выгодамі. Абуладкавалі свой быт нядаўнія гараджане па-сучаснаму, але пры гэтым захавалі класічную вясковую традыцыю – жывучы на сяле, мець сваю прысядзібную гаспадарку. У хлевушку рохкаюць свінні, на падворку кудахчуць куры, добры ўраджай дае агарод. Хутка парадуюць пладамі дрэўцы, пасаджаныя маладымі гаспадарамі. Галоўнае, муж і жонка адчуваюць задавальненне ад такога “суседства”. – Муж вельмі любіць і працу на зямлі, і вёску, і сваю прафесію. Ды і да Вялікага Мажэйкава прыкіпеў душой, – дзеліцца маладзіца. – Усе мае размовы пра змену месца жыхарства адразу спыняе. Нікуды не хоча пераязджаць. Ён гараджанін з сялянскай жылкай. Што ж, такая адданасць зямлі-карміцельцы і вёсцы вартая павагі. А тое, што работа мужа прыхоплівае і вольны час, адведзены на сям’ю, жонку не абцяжарвае: яна і дома ўпраўляецца, і за руль свайго мінівэна пры неабходнасці сядзе, каб пад’ехаць у горад да радні. А на вялікія святы адпраўляюцца ў Шчучын усёй сям’ёй. Малы Цімафей вельмі любіць гасціць у сваіх бабуль і дзядулі – у Алены Іосіфаўны Жэгздрыной, Ірыны Іосіфаўны і Міхаіла Іосіфавіча Каляда. Вось і Каляды па традыцыі адзначаць з бацькамі. Бо, як пісаў паэт, да сваіх у гэты вечар спяшаецца кожны. А яшчэ кажуць, у гэты вечар святы Бог з людзьмі разам. Тры нагоды для радасці Пра што любяць пагаварыць жанчыны, калі сыдуцца разам? Правільна, пра сваіх дзяцей. Вось і мы з Жаннай Баляславаўнай Каляда пачалі бяседу з гэтай прыемнай тэмы. Як высветлілася, нядаўна ў маёй новай знаёмай была добрая нагода для радасці: прыходзіў у водпуск малодшы сын Яўген, які служыць у адной з вайсковых часцей абласнога цэнтра. Стаў ён у армейскі строй пасля заканчэння сельгасліцэя, дзе набыў спецыяльнасці электрыка і вадзіцеля. Служба праходзіць добра, хлопец узмужнеў і пасталеў. А на наступны дзень пасля нашай з ёй размовы меўся прыехаць з Мінска старэйшы сын Павел. Малады чалавек мае тры прафесіі: сацыяльнага работніка, бухгалтара і страхавога агента і нават вопыт работы па апошняй, а таксама прадаўцом, але цяпер працуе ў адной са сталічных лагістычных фірм. У сям’і, дзе трое мужчын, Павел, лічы, з дзяцінства стаў правай рукой маці. “Паша – добрая душа, – хваліць сына Жанна Баляславаўна. – Калі яшчэ жыў дома, мы з ім і пакупкі разам рабілі, і ў касцёл на службу хадзілі… Трэба што – да яго звяртаюся. На днях сказала, што не хапае вадкіх шпалераў, дык заўтра ўжо прывязе. І шчодры, вось і брату ў армію часам рубель падкіне. Павел у нас з арганізатарскімі здольнасцямі. А Жэня добры выканаўца: і бацьку падсабіць заўжды гатоў, і дома парадак навесці не супраць – не кожная жанчына так здолее...”.
“Самае галоўнае ў жыцці – здароўе і шчасце дзяцей, лад у сям’і”, – прамаўляе Жанна Баляславаўна словы, якія можна назваць лозунгам нашага жыцця. Яна ведае, што кажа. Ужо 13 год гэта добрая жанчына працуе няняй у 3-ім аддзяленні Васілішкаўскага дома-інтэрната. Яе 24 падапечныя – дзеці ад 6 год і старэйшыя – з сур’ёзнымі і не вельмі праблемамі ў здароўі. Нянечка Жанна корміць і апранае іх, забаўляе і, здараецца, слёзкі выцірае… Даўно ўсвядоміла, што для гэтых выхаванцаў патрабуецца крыху больш спагады, ласкі і дабрыні, чым для здаровых і моцных. А перад святамі яна і яе 12 калег упрыгожваюць яркімі шарамі і выцінанкамі палаты і пакоі, каб хоць на імгненне ўбачыць у вачах дзяцей іскрынкі радасці. Няхай і да Вас, Жанна Баляславаўна, прыйдзе на Каляды сапраўдны цуд! Таццяна ПАЛУБЯТКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Свята Божага Нараджэння, якое заўтра адзначаць жыхары раёна каталіцкага веравызнання, распачынае кола любімых у народзе калядных і навагодніх урачыстасцей. Таму...
|
|