“Мае сыны – маё багацце”
29.12.2019
—
Разное
|
Нядаўна, наведваючы невялікую вёсачку Касцянева Васілішкаўскага сельсавета, пазнаёмілася з жанчынай – мнагадзетнай матуляй, якая, лічы, адна выхавала чатырох дастойных сыноў. Муж пайшоў з жыцця, калі старэйшаму было 14 год, а малодшаму толькі два… Дзеці для Тарэсы Чаславаўны Будзько – самае вялікае шчасце і багацце. Наша сустрэча адбылася якраз напярэдадні цудоўных светлых Каляд, Таму і размова наша не-не, дый зноў вярталася да ўспамінаў і сямейных традыцый, звязаных з гэтым святам. Расказваючы пра свой няпросты лёс і пра сваіх сыноў, Тарэса Чаславаўна паказвала сямейныя фотаздымкі, на якіх занатаваны шчаслівыя, яркія хвіліны жыцця іх сям’і, сярод якіх і навагоднія ранішнікі каля прыгажуні ялінкі. – Выхоўваць дзяцей – справа ўвогуле няпростая, а калі гэта хлопчыкі, у якіх засталася толькі мама, складаная ўдвая, – гаворыць жанчына. – Мне ўдалося вырасціць сваіх сыноў дастойнымі людзьмі толькі з Божай дапамогай. І, канечне, я ўдзячна ўсім, хто не пакінуў мяне і чыю падтрымку я адчувала ўсе гэтыя гады: гэта мае родныя, а бывала, і проста чужыя людзі. Тарэса Чаславаўна вырасла ў Касцянева, закончыла школу і атрымала спецыяльнасць агранома ў Навагрудскім тэхнікуме. Некаторы час яны з мужам жылі ў Каробчыцах, а потым вырашылі вярнуцца на малую радзіму. Спачатку нядоўга жылі ў бацькоў, потым сям’я перабралася ў інтэрнат, а праз некаторы час Тарэсе Чаславаўне і яе мужу – працавітым работнікам гаспадаркі, выдзелілі пад жыллё былы будынак дзіцячага садка, які яны сваімі рукамі адрамантавалі і ператварылі ва ўтульны прыгожы домік. Дзеці выраслі, і кожны выбраў свой шлях. Старэйшы сын Тарэсы Чаславаўны, як і мама, атрымаў прафесію агранома, вельмі хацеў працаваць на зямлі. Але так склалася, што цяпер ён служыць закону. Дарэчы, у яго дзве вышэйшыя адукацыі. Валера разам з жонкай выхоўваюць чацвёра дзетак. Паступіў у ВНУ і Віталій. Ён – бухгалтар. Вышэйшую адукацыю атрымаў і самы малодшы Міхаіл, які закончыў ГрДУ ім. Я Купалы. А вось Станіслаў ці не з пялёнак марыў стаць трактарыстам і ўжо ў шэсць (!) год самастойна кіраваў трактарам. Сваю мару ён ажыццявіў, хоць і настаўнікі, і матуля ў свой час спрабавалі яго пераканаць у тым, што трэба вучыцца далей – у школе ён быў паспяховым вучнем. Доўгі час Станіслаў працаваў трактарыстам у мясцовай гаспадарцы. Толькі нядаўна вырашыў змяніць прафесію.
У доме Тарэсы Чаславаўны заўсёды захоўвалі сямейныя традыцыі. Усе сямейныя традыцыі і сёння захоўваюць у сваіх сем’ях і сыны Тарэсы Чаславаўны. Хоць цяпер у кожнага сваё жыццё, але ў бацькоўскім доме яны частыя госці: дапамагчы матулі, дый проста праведаць, даведацца, як справы – цяпер іх чарга клапаціцца пра свайго самага роднага чалавека. Толькі тут яны могуць вярнуцца ў сваё дзяцінства … А Тарэса Чаславаўна заўсёды чакае іх, каб дапамагчы мацярынскай парадай, парадавацца за іх і за сваіх унукаў…
Ганна РУДСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нядаўна, наведваючы невялікую вёсачку Касцянева Васілішкаўскага сельсавета, пазнаёмілася з жанчынай – мнагадзетнай матуляй, якая, лічы, адна выхавала чатырох...
|
|