Счастье, умноженное на пять. Ушачанка Юлия Лёля награждена орденом Матери
06.03.2020
—
Разное
|
Прыемная навіна прыйшла нядаўна ў дом Ю.Р.Лёля з вёскі Ліпавец. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падпісаным напрыканцы снежня 2019-га, прозвішча нашай зямлячкі ўвайшло ў лік 70 жанчын, удастоеных ордэна Маці. У свае 32 гады Юлія Рынатаўна выхоўвае пецярых дзетак. Яна упэўнена, – гэта шчасце сям’і, а калі іх пяцёра, дык шчасце памнажаецца на пяць. Кажуць, што цяжэй, чым бацькам двайнят, можа быць толькі мамам і татам пагодак. Юлія і яе муж Сяргей праходзілі гэтую школу двойчы: паміж старэйшымі дзецьмі – Сашам і Насцяй – год розніцы, паміж малодшымі – Андрэем і Антонам – таксама. А сярэдні Дзіма і без пары дае ўсім фору: ён з тых хлопцаў, хто гатовы 24 гадзіны ў суткі бегаць, скакаць, гуляць у футбол. – Старэйшыя дзеці менш шустрыя, затое больш творчыя, – расказвае гераіня нашага аповеду. – 10-гадовы Саша ходзіць у трэці клас музычнай школы. Яшчэ да залічэння завіталі туды, каб паглядзець на розныя інструменты. У выніку сын убачыў домру – і на гэтым наша экскурсія скончылася: “Буду іграць на ёй!” З 9-гадовай Насцяй было інакш: перш чым выбраць фартэпіяна, яна апрабавала і гітару, і цымбалы, і нават цяжкі для сябе акардэон. Знаёмыя жартуюць, што ў нас паціху збіраецца сямейны аркестр. Сама ж Юлія, якая нарадзілася ў Таліне, але доўгі час з матуляй, малодшымі братам і сястрой пражыла ў Сарочыне, атрымлівала спецыяльнасць мадэльера-канструктара ў Полацкім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжы. Недавучылася ўсяго некалькі месяцаў – пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Хутка будзе аднаўляцца: малодшаму Антошку летам споўніцца тры гады – трэба думаць пра работу. Між іншым, падчас дэкрэтаў прафесійныя навыкі мнагадзетнай матулі таксама спатрэбіліся: то пялёнкі прастрачыць, то сукенку дачцэ на ранішнік пашыць – так і больш эканомна, і эксклюзіўна. Дом у Ліпаўцы Лёлі набылі па льготным крэдыце, калі на свет з’явіўся трэці малыш. Абжыцца дапамаглі бацькі. Дарэчы, муж Юліі Сяргей – таксама з мнагадзетнай сям’і, працуе ў лясгасе, а ўлічваючы пазменную занятасць, часам “падстрахоўвае” каханую ў шматлікіх гаспадарчых клопатах. Усе разам любяць выбірацца на прыроду, да возера. Тады тата са старэйшымі сынамі рыбачаць, Насця забаўляе самых маленькіх – чытае ім казкі, наладжвае з лялькамі міні-спектаклі, ну а матуля “накрывае паляну” – на свежым паветры апетыт у яе непасед зайздросны. Калі выпадае хвілінка “для сябе”, праводзіць яе Юлія за кнігай. Як прызнаецца, навуковая літаратура па псіхалогіі дапамагае ў жыцці, у тым ліку ў зносінах з дзецьмі: – Калі кажу, што ў нас з мужам чатыры сыночкі і лапачка-дочка, многія думаюць, што жартую. Асабліва недаверлівыя просяць пашпарт паказаць – штампы пералічваюць. Маладая і стройная, яна побач са сваімі дзецьмі, сапраўды, выглядае хутчэй старэйшай сястрой. На наша ж пытанне, у які момант мнагадзетным бацькам становіцца лягчэй, Ю.Лёля сур’ёзна адказвае: – Псіхалагічна – са з’яўленнем трэцяга дзіцяці. Цябе больш не мучаюць страхі, як з першынцам, ты ўсё ведаеш, умееш і ўпэўнены ў сабе. А ў бытавым плане ўсё залежыць ад вашых паняццяў аб парадку і камфорце. Асабіста я для ўсіх пецярых дзетак прасавала пялёнкі з двух бакоў: проста мне так хацелася! У доме гэтай сям’і пануе асаблівая атмасфера. Падчас нашага знаёмства малыя бойка расказвалі пра сваю матулю, дэманстравалі віншавальныя паштоўкі, падрыхтаваныя ёй да 8 Сакавіка сваімі рукамі. – А яшчэ мама хутка ордэн атрымае! – важна праінфармаваў шасцігадовы Дзіма. – Раней думаў, што іх толькі за ўдзел у вайне даюць. Але калі за дзяцей таксама, то добра. Мама ніколі не павышае на нас голас. Яна самая лепшая ў свеце! Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыемная навіна прыйшла нядаўна ў дом Ю.Р.Лёля з вёскі Ліпавец. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падпісаным напрыканцы снежня 2019-га, прозвішча...
|
|