Беларусь будзе надзейным i абавязковым партнёрам усiх мiжнародных арганiзацый
30.09.2009
—
Новости Политики
|
Сумесная гранiца Беларусi з краiнамi Еўрасаюза павiнна садзейнiчаць наладжванню добрых адносiнаў памiж народамi i дзяржавамi, а не раздзяляць iх. Упэўненасць у гэтым выказаў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка 30 верасня на сустрэчы з кiраўнiкамi дэлегацый — удзельнiц Мiжнароднай пагранiчнай канферэнцыi. У гэтым годзе Беларусь прымала ўдзельнiкаў шэрагу важных мiжнародных мерапрыемстваў, прысвечаных пытанням дзейнасцi пагранiчных службаў, у тым лiку пасяджэнне рабочай групы кiраўнiкоў пагранiчных ведамстваў Мiжнароднай пагранiчнай канферэнцыi, якое праходзiла ў Мiнску з 29 па 30 верасня. Удзел у гэтым форуме прынялi таксама i прадстаўнiкi шэрагу мiжнародных арганiзацый, што працуюць у Беларусi. Як падкрэслiў Прэзiдэнт, правядзенне ў Мiнску такой прадстаўнiчай канферэнцыi i прысутнасць аўтарытэтных мiжнародных арганiзацый сведчыць аб актыўнай ролi Беларусi ва ўмацаваннi сусветнай i агульнаеўрапейскай бяспекi. З моманту атрымання незалежнасцi Беларусь сутыкнулася з незаконнай мiграцыяй i iншымi спадарожнымi ёй крымiнальнымi праявамi. Практыка паказала, што ступень негатыўных наступстваў гэтых з'яў для Беларусi значна нiжэйшая, чым для краiн Еўрасаюза, паколькi не Беларусь з'яўляецца канчатковым пунктам памкненняў тых, хто едзе праз Беларусь у ЕС, сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён прывёў прыклад, што, пачынаючы з сярэдзiны 90-х гадоў мiнулага стагоддзя да гэтага часу, беларускiя пагранiчнiкi затрымалi на дзяржгранiцы больш як 20 тыс. незаконных мiгрантаў. "Мы назiраем моцны ўсплёск незаконнай мiграцыi на Захад. Толькi ў гэтым годзе праваахоўныя органы Беларусi выявiлi каля 8 тыс. патэнцыяльных мiгрантаў", — дадаў кiраўнiк дзяржавы. Як адзначыў Прэзiдэнт, стала добрай традыцыяй правядзенне сумесных спецыяльных пагранiчных аперацый i мерапрыемстваў з калегамi з Расii, Украiны, Лiтвы i Латвii. Толькi ў гэтым годзе сумеснымi намаганнямi было выяўлена чатыры каналы незаконнай мiграцыi. "Вядома, такiя спецыяльныя мерапрыемствы трэба заахвочваць, i мы гатовы ў iх удзельнiчаць. Хачу падкрэслiць, гэта будзе ўкладанне Беларусi ў бяспеку ўсяго еўрапейскага кантынента", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзiдэнт выказаў удзячнасць за тое, што апошнiм часам краiны Еўрапейскага саюза станоўча ацэньваюць работу Беларусi па спыненнi незаконнай мiграцыi. У найблiжэйшы час пагранiчнае ведамства Беларусi павiнна заключыць пагадненне з агенцтвам Еўрапейскага саюза па ахове знешнiх гранiц "Франтэкс". "Для нас гэта пагадненне мае асаблiвую значнасць, паколькi Беларусь знаходзiцца ў геаграфiчным цэнтры Еўропы, а працягласць гранiц нашай краiны з Еўрасаюзам складае больш як 1200 км", — сказаў кiраўнiк дзяржавы. Пачынаючы з 1996 года на беларускай гранiцы ў рамках праектаў мiжнароднай тэхнiчнай дапамогi асвоена амаль $30 млн. Тым самым Беларусь актыўна займаецца асучаснiваннем сваёй пагранiчнай службы для таго, каб засцерагчы аб небяспекi ўвесь еўрапейскi кантынент. Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, Беларусь будзе ўдзяляць самую пiльную ўвагу развiццю тэхнiчнага складальнiка аховы дзяржгранiцы i гатова ўдзельнiчаць у сумесных праектах па тэхнiчным аснашчэннi. Штогод з дзяржаўнага бюджэту на розныя мерапрыемствы па забеспячэннi бяспекi гранiц Беларусь трацiць больш за $100 млн. "Скажу шчыра: мы вiталi б не толькi вашу падтрымку, але i дапамогу ў гэтым плане. Хачу, каб вы ведалi, што кожны цэнт, долар або еўра, якiя выдзяляюцца Беларусi для таго, каб мы ўтрымлiвалi ў нармальным стане ўсходнi рубеж ЕС, — iдуць на справу, i нi адзiн цэнт мы не трацiм па нямэтавым прызначэннi", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. Прэзiдэнт выказаў упэўненасць, што сумесная гранiца павiнна ў першую чаргу не раздзяляць народы, а садзейнiчаць наладжванню добрых адносiнаў памiж iмi. Удзельнiкi сустрэчы высока ацанiлi намаганнi Беларусi па процiдзеяннi незаконнай мiграцыi, гандлю людзьмi, распаўсюджванні наркотыкаў i iншых крымiнальных праявах. Старшыня Мiжнароднай пагранiчнай канферэнцыi, кiраўнiк пагранiчнага ведамства Венгерскай Рэспублiкi Іштван Шаму падкрэслiў, што самай важнай мэтай канферэнцыi з'яўляецца стварэнне даверу памiж пагран- службамi. Ён таксама дадаў, што беларуская пагранiчная служба хутка заслужыла давер iншых дзяржаў. "У савецкiя часы пагранiчная служба не зведвала недахопу ў грошах, аднак не хапала даверу. Мы глядзелi адзiн на аднаго нават не як на супернiкаў, а як на ворагаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Цяпер часы змянiлiся. У кожнай дзяржавы ёсць уласныя iнтарэсы, якiя забяспечваюць на апошнiм метры зямлi пагранiчнiкi. Але гранiца для нас сёння не жалезная заслона, не нейкая Берлiнская сцяна. Мы стараемся яе зрабiць такой, каб яе перасячэнне не прыносiла лiшнiх праблем людзям. Яна павiнна аб'ядноўваць нас, а не раз'ядноўваць. I тут вельмi важны давер". Кiраўнiк дзяржавы таксама пацвердзiў, што з боку Беларусi заўсёды будуць даверлiвыя i паважлiвыя адносiны да партнёраў. "Мы поўнасцю адкрыты для ЕС. Мы не праводзiм палiтыкi iзаляцыянiзму, мы адкрыты ўсяму свету", — сказаў ён. Як адзначыў начальнiк аддзела сумесных аперацый пагранiчнага агенцтва Еўрапейскага Саюза "Франтэкс" Рустамас Любаевас, супрацоўнiцтва з беларускiмi пагранiчнiкамi заўсёды грунтавалася на ўзаемным даверы, было адкрытым i канструктыўным. Кiраўнiк прадстаўнiцтва Еўрапейскай камiсii ў Рэспублiцы Беларусь Жан-Эрык Хольцапфель адзначыў, што памiж Еўрасаюзам i Беларуссю дасягнуты значны прагрэс у плане арганiзацыi кантролю гранiцы, мадэрнiзацыi пунктаў пропуску, сумеснай работы з ПРААН. Як падкрэслiў Жан-Эрык Хольцапфель, Еўрапейская камiсiя гатова ўзмацнiць сваё супрацоўнiцтва з Беларуссю. Прэзiдэнт падкрэслiў, што Беларусь будзе надзейным i абавязковым партнёрам усiх мiжнародных арганiзацый i зробiць усё, каб унесцi дастойны ўклад у барацьбу з крымiналам. Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сумесная гранiца Беларусi з краiнамi Еўрасаюза павiнна садзейнiчаць наладжванню добрых адносiнаў памiж народамi i дзяржавамi, а не раздзяляць iх. Упэўненасць у гэтым выказаў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка 30 верасня на сустрэчы з кiраўнiкамi дэлегацый — удзельнiц Мiжнароднай пагранiчнай канферэнцыi. У гэтым годзе Беларусь прымала ўдзельнiкаў шэрагу важных мiжнародных мерапрыемстваў, прысвечаных пытанням дзейнасцi пагранiчных службаў, у тым лiку пасяджэнне рабочай групы кiраўнiкоў пагранiчных ведамстваў Мiжнароднай пагранiчнай канферэнцыi, якое праходзiла ў Мiнску з 29 па 30 верасня. Удзел у гэтым форуме прынялi таксама i прадстаўнiкi шэрагу мiжнародных арганiзацый, што працуюць у Беларусi.
|
|