Аляксандр Лукашэнка: "Фінансавая сітуацыя ў Беларусі нармалізуецца". 21.by

Аляксандр Лукашэнка: "Фінансавая сітуацыя ў Беларусі нармалізуецца"

01.11.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што фінансавая сітуацыя ў Беларусі нармалізуецца. Аб гэтым ён заявіў 29 кастрычніка, выступаючы ў Таджыкскім тэхнічным універсітэце імя акадэміка М.С. Асімі.

Кіраўнік беларускай дзяржавы, які знаходзіўся з афіцыйным візітам у Таджыкістане, 29 кастрычніка наведаў парламент Таджыкістана, дзе адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй ніжняй палаты Шукурджонам Зухуравым.

Затым Прэзідэнт выступіў перад студэнтамі і выкладчыкамі Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта імя акадэміка М.С. Асімі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяпер усё больш відавочна праглядаецца тэндэнцыя падштурхоўвання свету да пагражальнага хаосу. "Мы ўсё часцей становімся сведкамі бяспраўнага ўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў, кіраўніцтва якіх па тых ці іншых прычынах непажаданае ўладным асобам. Думаю, што вы добра разумееце, пра каго я гавару". "Яны не спыняюцца ні перад чым, каб дабіцца сваіх мэт. Калі ім гэта патрэбна, у ход ідзе шантаж. Калі і гэтага мала — будуць бамбіць і забіваць". Беларусь імкнецца наладжваць узаемавыгадныя кантакты з рознымі дзяржавамі і рэгіёнамі свету, аднак узнікаюць пэўныя цяжкасці, якія ў асноўным датычацца адносін з Еўрасаюзам і ЗША. "Адкрыта скажу, ускладненні тут узнікаюць не па нашай віне. Мы шчыра імкнёмся да наладжвання добрасуседства і канструктыўнага ўзаемадзеяння".

Пры гэтым ён сказаў, што Еўрасаюз для Беларусі з'яўляецца важнейшым гандлёвым партнёрам, буйным інвестарам. Тавараабарот Беларусі з краінамі ЕС на 5 працэнтаў перавышае тавараабарот з галоўным палітычным і эканамічным партнёрам — Расіяй. "Але вы ведаеце, як паводзіць сябе Еўрасаюз: нейкая дэмакратызацыя, чытай — хаос і развал. Але ні вам, ні нам такая дэмакратызацыя не патрэбна. Мы павінны працаваць у сваіх інтарэсах, інтарэсах свайго народа".

У пацвярджэнне важнасці гандлёва-эканамічнага партнёрства паміж Беларуссю і Еўрасаюзам Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь забяспечвае бесперабойны транзіт тавараў і энергарэсурсаў у ЕС, ахову граніц, спыняе нелегальную міграцыю. "Таму цікавасць да дыялогу і выбудоўвання нармальных адносін павінна аб'ектыўна прысутнічаць з абодвух бакоў. Пры гэтым мы не стаім з працягнутай рукой, выпрошваючы супрацоўніцтва, — мы яго прапануем".

Прэзідэнт заклікае Еўрасаюз і ЗША адмовіцца ад стэрэатыпаў у адносінах з Беларуссю і расчысціць шлях для поўнафарматнага ўзаемадзеяння. "Двайныя стандарты, якія прымяняюцца еўрапейцамі, спробы націску і санкцыі не стануць канструктыўным элементам палітыкі. Упэўнены, даўно прыйшла пара адмовіцца ад гэтых штучных бар'ераў, замшэлых стэрэатыпаў і расчысціць шлях для поўнафарматнага ўзаемадзеяння, якое адпавядае спадзяванням нашых народаў". Гэта датычыцца і адносін з ЗША. "Не мы былі ініцыятарамі цяперашніх цяжкасцяў у нашым дыялогу. Наадварот, Беларусь заўсёды была адказным партнёрам Злучаных Штатаў у барацьбе з тэрарызмам, наркатрафікам, адмываннем грошай і гандлем людзьмі". Беларусь таксама аказвае пэўнае садзейнічанне Вашынгтону ў вырашэнні афганскай праблемы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што шматвектарнасць з'яўляецца фундаментальным прынцыпам знешняй палітыкі Беларусі. "Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва з любой дзяржавай або міжнароднай арганізацыяй. Умова ў нас простая — захаванне прынцыпаў роўнасці і неўмяшання ва ўнутраныя справы".  "Беларусь з цікавасцю прыглядаецца да работы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, мы зацікаўлены ва ўзаемадзеянні з Арганізацыяй Ісламскага супрацоўніцтва, у якой Таджыкістан з'яўляецца паўнапраўным членам".

Усё часцей робіцца заява аб набліжэнні новага крызісу, наступствы якога будуць сумнымі для эканомік розных краін. "Наш адказ на гэты выклік мы бачым у кансалідацыі намаганняў, у энергічным развіцці інтэграцыі на постсавецкай прасторы. У цяперашнім свеце без падтрымкі надзейных саюзнікаў і партнёраў наперад рухацца немагчыма. Таму Беларусь заўсёды была ініцыятарам і актыўным удзельнікам інтэграцыйных працэсаў, асабліва ў Еўра-Азіяцкім рэгіёне". Менавіта ў гэтым рэгіёне размешчаны галоўны палітычны і эканамічны партнёр Беларусі — Расія. На думку кіраўніка дзяржавы, брацкія адносіны паміж беларусамі і расіянамі далі магчымасць значна рушыць наперад у інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Прэзідэнт закрануў таксама ўнутраную сітуацыю ў Беларусі і складанасці, што ўзніклі ў яе валютна-фінансавай сферы. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэтыя цяжкасці на 90 працэнтаў былі справакаваны звонку. Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў, што ад негатыўнага ўплыву беларуская адкрытая эканоміка поўнасцю застрахавацца не можа. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за апошнія гады істотна павялічылася цана для Беларусі на пастаўляемыя з Расіі энергарэсурсы. "З-за АЭП, да якой мы імкнуліся, мы таксама шмат заплацілі", — адзначыў Прэзідэнт, маючы на ўвазе ажыятаж з увозам патрыманых аўтамабіляў з-за павышэння мытных пошлін. "І мы спынілі ўсім і ўся раздаваць валюту, свабодна ёю гандляваць, што прывяло да фарміравання некалькіх курсаў на валюту". "Дзякуй богу, мы гэты курс ужо звялі. Мы выбудоўваем нармальную фінансавую сітуацыю. Для гэтага нам было дастаткова двух-трох месяцаў. Думаю, што гэта не праблема. Гэта пытанне, якое нас многаму навучыла", — лічыць Прэзідэнт. Пры гэтым ён адзначыў, што самае галоўнае — гэта тое, што ў краіне захоўваецца рост эканомікі, практычна адсутнічае беспрацоўе, рэалізуюцца сацыяльныя гарантыі дзяржавы.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, з сур'ёзнымі фінансавымі цяжкасцямі цяпер сутыкаюцца многія краіны, фінансавыя сістэмы шэрагу краін і цэлых рэгіёнаў блізкія да калапсу. "Возьмем, напрыклад, Еўропу, якая заўсёды была для нас узорам дабрабыту і ўстойлівасці. Сёння Грэцыя знаходзіцца на грані дэфолту. Да гэтай мяжы набліжаюцца Іспанія, Партугалія, Італія, Ірландыя, іншыя дзяржавы. Увесь Еўрапейскі саюз адчайна спрабуе выратаваць еўра". "Атрымліваецца, глабальны фінансава-эканамічны крызіс, які ўзнік у свой час у Злучаных Штатах, іх нічому не навучыў. І яны, як кажуць, зноў наступаюць на тыя ж граблі", — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Таджыкістан 29 кастрычніка завяршыўся.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што фінансавая сітуацыя ў Беларусі нармалізуецца. Аб гэтым ён заявіў 29 кастрычніка, выступаючы ў Таджыкскім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика