Аляксандр Лукашэнка прапануе перагледзець структуру арганізацыі навукі ў Беларусі. 21.by

Аляксандр Лукашэнка прапануе перагледзець структуру арганізацыі навукі ў Беларусі

25.11.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе перагледзець структуру арганізацыі навукі ў Беларусі, зрабіўшы яе больш эфектыўнай. Аб гэтым ён заявіў учора на сустрэчы з навуковай грамадскасцю Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Прэзідэнта, пытанне эфектыўнай арганізацыі навукі застаецца самым дыскусійным.

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да вучоных з пытаннем, што трэба зрабіць, каб іх інтэлектуальная праца прыносіла найбольшую карысць краіне. "Давайце параімся, ці прытрымлівацца нам традыцыйных арганізацыйных форм, дзе галоўную ролю адыгрывае Акадэмія навук з разгалінаванай сеткай інстытутаў і навукова-практычных цэнтраў".

У якасці іншай мадэлі ён прапанаваў практыку заходніх краін, дзе фундаментальная навука сканцэнтравана ва ўніверсітэтах, а топавыя прыкладныя даследаванні аддадзены ў веданне карпарацый.

Прэзідэнт Беларусі заклікаў вучоных зарабляць на ўласных ідэях, перастаўшы спадзявацца толькі на дапамогу дзяржавы.

"Нярэдка даводзіцца чуць скаргі: на навуку мала грошай выдзяляецца з бюджэту. Але калі вы такія разумныя, а вучоныя, безумоўна, гэта самыя разумныя людзі ў грамадстве, то чаму такія бедныя? Чаму не зарабляеце на ўласных ідэях?". У Беларусі ўсю навуку развярнулі ў бок вытворчасці, усё, што ствараецца вучонымі, у кароткатэрміновай перспектыве прыносіць вынікі. "Дык чаму вы ад гэтага не атрымліваеце грошай? Што перашкаджае?" — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да вучоных.

"Неабходна выкараняць утрыманскія погляды і настроі ў інтэлектуальным асяроддзі. Навука павінна перастаць спадзявацца толькі на дапамогу дзяржавы, а больш разлічваць на ўласныя сілы: шукаць заказы на сваю прадукцыю, арганізоўваць уласныя доследныя ўчасткі для ўкаранення новай тэхнікі", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у Беларусі створана прававая база для камерцыялізацыі вынікаў навуковых даследаванняў. Напрыклад, дзяржаўным навукова-даследчым інстытутам, дзе нараджаюцца не толькі ідэі, але і вядуцца канкрэтныя распрацоўкі, прадастаўлена права ўваходжання ў прамысловыя холдынгі. "Скажыце, які навукова-даследчы інстытут хацеў бы сёння ўвайсці ў які-небудзь холдынг або цесна з ім супрацоўнічаць? Што перашкаджае вам актыўна выкарыстоўваць гэтыя магчымасці: інерцыя ўласнага мыслення, бюракратычныя рагаткі або тармажэнне асобных чыноўнікаў ад навукі і не толькі? Давайце разбяромся і, калі трэба, я гарантую, што гэтыя перашкоды будуць ліквідаваны імгненна", — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на тое, як выкарыстоўваюцца грошы, якія выдзяляюцца з бюджэту. "Канцэнтруюцца на буйных, прарыўных праектах або "размазваюцца" па тысячах сектараў і аддзелаў разнастайных цэнтраў і НДІ, каб прадоўжыць іх існаванне, часам, бескарыснае". Прэзідэнт не выключыў магчымасці змянення падыходаў да фарміравання праграм навуковых даследаванняў і арганізацыі кантролю іх выніковасці.

Была закранута таксама праблема навуковых кадраў. "Здаецца, ужо модным стала павесіць бірку не тое на лоб, не тое яшчэ куды-небудзь і хадзіць — кандыдат навук. А якая аддача ад гэтага кандыдата дзяржаве? Усе рвуцца да ступеней, скардзяцца на строгасць патрабаванняў да дысертацый, а потым у навуцы застаецца менш за пятую частку. Думаю, пара строга патрабаваць з тых, хто з'яўляецца вучоным толькі па назве", — падкрэсліў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць неабходным павысіць адказнасць вучоных саветаў, якія вызначаюць тэматыку і накіраванасць дысертацый, уважліва паглядзець на іх склад, кампетэнтнасць і аб'ектыўнасць у рабоце. На думку Прэзідэнта, трэба рашуча пазбаўляцца ад групаўшчыны, кланавасці, якія нярэдка вядуць да таго, што "зялёнае святло" даецца слабым работам, а тармозяцца і ігнаруюцца перспектыўныя і важныя. Асабліва, адзначыў кіраўнік дзяржавы, гэта прыкметна ў гуманітарных і грамадазнаўчых навуках, дзе ў саветах нярэдка тон задаюць людзі, якія дрэнна ставяцца да краіны.

"Хачу, каб вы разумелі маю пазіцыю, яна непахісная і сёння не падлягае абмеркаванню. Я не супраць таго, каб у нас было шмат вучоных з вялікімі ступенямі. Для мяне як кіраўніка дзяржавы гэта гонар, перш за ўсё, — сказаў Прэзідэнт. — Але, з іншага боку, я абсалютна не прымаю гэту моду на кандыдатаў, дактароў і іншае. Я хачу, каб праца вучоных была высокааплатная, а вучоны ў грамадстве быў сапраўднай цэнтральнай фігурай. Я зыходжу з таго, што добры вучоны — гэта найвялікшая рэдкасць, іх шмат быць не можа".

Прэзідэнт таксама лічыць, што недастатковы эфект прыносіць і тая падтрымка, якая аказваецца маладым вучоным, аспірантам і студэнтам.

Вучоныя аказваюць недастатковую практычную дапамогу дзяржаве і ў складаных, нестандартных сітуацыях не могуць дапамагчы слушнай парадай кіраўнікам, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"На жаль, схаластычнымі і адарванымі ад рэальнасці, мякка кажучы, застаюцца эканамічныя, грамадазнаўчыя і гуманітарныя даследаванні. Суверэнная Беларусь доследным шляхам вызначае свой напрамак сацыяльна-эканамічнага развіцця. А навука пры гэтым стаіць убаку. І таму ў складаных, нестандартных сітуацыях яна не можа дапамагчы слушнай парадай нашым кіраўнікам, якія не могуць прыдумаць нічога лепшага, чым слепа капіраваць чужыя правальныя схемы, напрыклад, "шокавай" тэрапіі, выдаючы іх за новую, рынкавую стратэгію", — адзначыў Прэзідэнт.

"Чаму Беларусь пры захаванай і нават прымножанай з савецкіх часоў інфраструктуры навукі, яе стабільным дзяржаўным фінансаванні, шматтысячнай арміі акадэмікаў, дактароў і кандыдатаў не можа вырвацца ў лідары па вытворчасці высокатэхналагічнай прадукцыі? — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да вучоных. — Што перашкаджае вучоным працаваць гэтак жа, як вашы калегі працуюць у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, Карэі або Індыі, дзякуючы якім гэтыя краіны сямімільнымі крокамі ідуць па шляху тэхнічнага прагрэсу, пакінуўшы далёка ззаду "старую" Еўропу і Штаты". Аляксандр Лукашэнка заклікае вучоных разам разабрацца, у чым тут праблема: у няправільным вызначэнні напрамкаў даследаванняў або ў элементарным няўменні і нежаданні ўвасабляць карысныя распрацоўкі ў жыццё і зарабляць на гэтым нядрэнныя дывідэнды.

На думку кіраўніка дзяржавы, у аснове любых эканамічных і сацыяльных пераўтварэнняў — абавязкова дакладная, вывераная, навукова абгрунтаваная стратэгія. Прэзідэнт лічыць, што вучоныя павінны быць на паўкроку-крок наперадзе ўсяго грамадства, а распрацоўка такой стратэгіі — адна з найпершых задач грамадазнаўцаў і гуманітарыяў, з якой яны пакуль не спраўляюцца.

"Пара ўжо беларускім вучоным павярнуцца тварам да жыцця, каб літаральна кожны грамадзянін, у многім за кошт падаткаў якога вы існуяце, убачыў вынікі вашай працы", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што ніякая эканоміка, ніякая дзяржава без навукі, без вучоных у сучасную эпоху развівацца не можа. "Таму я заканамерна магу паставіць пытанне: вы гатовы сёння забяспечыць вырашэнне тых праблем, якія стаяць перад дзяржавай і грамадствам? — сказаў Прэзідэнт. — І не толькі таму, што ў нас там паніка стварылася, грошай не хапіла, адмоўны баланс, гэта таксама можна вам у "заслугу" паставіць, што мы мала атрымліваем грошай, каб разлічыцца за імпарт. Не толькі таму ў нас праблемы. Гэта дробязі, якія вырашаюцца і будуць вырашаны". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пытанне глыбей — застанемся мы дзяржавай на карце свету або не.

"Вось Еўразійскі саюз. Што будзем рабіць, як рабіць — я не пачуў меркавання ніводнага вучонага. Чаму я павінен сядзець, дзесьці штосьці прадумваць, выдумляць, кагосьці выцягваць, прасіць у яго парады, ледзь не ўмаляць, як будзем дзейнічаць, і прымаць рашэнне? А калі я памылюся? Гэта ж галоўныя пытанні! А дзе вучоныя?" — сказаў Прэзідэнт.

"Сёння ідзе спрэчка, баі мясцовага значэння: як жа будзем у эканоміцы жыць далей, паўпрацэнта дабаўляць у ВУП або 5,5 працэнта? Я не чуў ніводнага голасу з боку вучонай супольнасці: Прэзідэнт, спыніся, 100 працэнтаў — не больш, або ж — не слухай, 105 працэнтаў, нельга ж разагрэтую эканоміку сёння наогул спыніць, яна сама па інерцыі дасць гэтыя 5 працэнтаў", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ад гэтага рашэння будзе залежаць заўтра жыццё. "Я ж ва ўрад палавіну вучоных прыцягнуў. Палавіна вышэйшых службовых асоб сёння маюць вучоныя ступені, і нават акадэмікі. Паўстае пытанне: калі вы пачняце працаваць на дзяржаву?" — звярнуўся Прэзідэнт да прысутных.

"Вы хаця б часам на тэлебачанне па чарзе выходзілі, прымаючы ўдзел у выпрацоўцы важнейшых напрамкаў развіцця нашай дзяржавы, абараняючы нашу дзяржаву ад унутранай пятай калоны, наездаў і наскокаў звонку, і хоць штосьці выразна гаварылі", — папракнуў Аляксандр Лукашэнка навуковую грамадскасць.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе перагледзець структуру арганізацыі навукі ў Беларусі, зрабіўшы яе больш эфектыўнай. Аб гэтым ён заявіў учора на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика