Наташа, хлебаробка наша. 21.by

Наташа, хлебаробка наша

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Студэнтка-чацвёртакурсніца Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны Наталля Бракарэнка (на здымку) каторы год праводзіць летнія канікулы не на марскім пляжы з айфонам у руках і не ў манікюрных салонах. Яе «пляж» асаблівы — збожжавыя палеткі сельгаскааператыва «Абарона краіны» Рэчыцкага раёна. Свой даволі незвычайны выбар Наталля тлумачыць без пафасу: неяк бацька прапанаваў папрацаваць — згадзілася.

Кіраўнікі «Абароны краіны» ў размове сцвярджаюць: сапраўдную цану хлеба ў сям’і Бракарэнка ведаюць не толькі па магазінным цэнніку. Хлебаробская справа тут, лічы, сямейная традыцыя. Бацька Аляксандр Мікалаевіч самастойна сеў за штурвал камбайна адразу пасля службы ў арміі. Некалькі гадоў дапамагала яму на жніве жонка Надзея. Зараз вось — дачка. Асновы тэхнічнай падрыхтоўкі атрымала ў школьным вучэбна-вытворчым камбінаце. Большасць аднакласніц тады пажадалі вучыцца на цырульніка ці прадаўца, яна ж упарта спасцігала азы прафесіі трактарыста-машыніста.

Кожны дзень сёлетняй уборачнай — выпрабаванне не для слабахарактарных. Пара ў прамым сэнсе гарачая. Вулічная тэмпература плюс трыццаць на камбайнавым жалезе ператвараецца ва ўсе плюс 50. Патэльня, словам. Нават кандыцыянер у кабіне ад такой спякоты ратуе слаба. А яшчэ графік працы — як у вайскоўца. У пяць гадзін ты ўжо на мехдвары, пасля запраўкі камбайна — адразу ў поле. А ў сваю Будку, вёску, дзе жыве Наталля з бацькамі і малодшым братам Яўгенам, — амаль апоўначы. Cіл хапае толькі на тое, каб памыцца, павячэраць і легчы ў ложак. Бо заўтра ўсё пачынаецца нанова…

Пра матэрыяльны інтарэс такой працы дзяўчына гаварыць не саромеецца. Вось у мінулым годзе, напрыклад, зарабіла на жніве 12 мільёнаў рублёў, грошы немалыя. Набыла фотаапарат, неабходныя строі да новага навучальнага года. Частку аддала бацькам на рамонт дома, пакупкі брату-школьніку ды на запас у сямейную капілку. Каб хапіла на зімовыя месяцы, калі даходы вяскоўцаў больш сціплыя.

Зараз «Палессе» Бракарэнкаў жне трыцікале. З-за нядаўняй паломкі яны крыху знізілі тэмп, але звыш 800 тон намалацілі, абышлі частку мужчынскіх экіпажаў.

Фота аўтара
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Студэнтка-чацвёртакурсніца Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны Наталля Бракарэнка (на здымку) каторы год праводзіць летнія канікулы не на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Сельское хозяйство)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика