Карова ў растэрмiноўку. 21.by

Карова ў растэрмiноўку

18.08.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сельская гаспадарка ў Слаўгарадскiм раёне выдзяляе сваiм працаўнiкам беспрацэнтную пазыку на набыццё жывёлы: грамадскi статак павялiчыўся напалову.

У вёсцы Урэчча Слаўгарадскага раёна маладая шматдзетная гаспадыня Валянцiна Мiхаськова набыла другую карову.

— Заробкi ў нас з мужам не самыя вялiкiя, а грошы, каб гадаваць дзяцей, вельмi патрэбныя, — тлумачыць санiтарка мясцовага ФАПа.

Карова каштуе сёння нятанна — да 2-х мiльёнаў рублёў, а таму старшыня Васькавiцкага сельсавета Аляксандра Плехава асабiста абышла кожную хату ў акрузе з добрай навiной пра iльготныя ўмовы набыцця жывёлы.

СВК "17-ты партз'езд" выдзяляе беспрацэнтную пазыку на карову: можна плацiць часткамi з заробку i грошай за здадзенае малако, хоць i паўгода.

— Мы грошы ўжо выплацiлi: цяпер штодня здаём да 40 лiтраў малака, i з дзвюх кароў маем прыбытак у месяц 500-600 тысяч рублёў, — гаворыць Валянцiна.

Набыла карову i суседка Мiхальковай, якая гадуе траiх дзяцей. Аплата ў растэрмiноўку без працэнтаў прыйшлася даспадобы даяркам з мясцовай фермы. А ўсяго ў "17-м партз'ездзе" сёлета скарысталiся прапановай гаспадаркi больш за два дзясяткi сялянскiх сем'яў. Яны лiчаць, што падсобная гаспадарка — гэта выгадная справа.

Некалькi гадоў таму на хвалi наблiжэння да гарадскога ладу жыцця i шырокiх магчымасцяў набыцця недарагiх харчоў у кожнай вясковай краме людзi сталi пазбаўляцца ад жывёлы ў гаспадарцы.

— Такi працэс быў, але мы яго спынiлi, — запэўнiвае старшыня Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Кананчук. — Летась у нашым раёне на асабiстых падворках стала менш усяго на 10 кароў.

Кананчук упэўнена, што большасць сельскага насельнiцтва — людзi працалюбiвыя, а ходкае меркаванне пра нежаданне сялян трымаць падсобную гаспадарку — не зусiм праўда.

— Проста хочацца, каб гэта праца i выдаткi кампенсавалiся добрымi даходамi, — лiчыць кiраўнiк раённага Савета. — Калi чалавек бачыць, што, якi б там нi быў заробак, а падсобная гаспадарка заўсёды дасць харчы i грошы, то людзей не трэба пераконваць трымаць кроў i свiней. Дадатковы стымул у тым, што натуральныя харчы вельмi важныя для здароўя чалавека.

Галоўны бухгалтар СВК "17-ты партз'езд" i дэпутат раённага Савета Ларыса Пасяленцава ў модным строi, ярка-чырвонай кашулi i на высокiх абцасах зусiм не выглядае спецыялiстам па падсобнай гаспадарцы. Тым не менш, жыхарка вёскi Чырвоны Усход спецыялiзуецца на вырошчваннi свiней i трусоў.

— Да нас тут госцi прыехалi з вялiкiх гарадоў, ледзь не са сваiмi крабамi да стала, — усмiхаецца Ларыса. — А як нашым пачаставалiся, дык прасiлi даць смачнага сала ды каўбасы хатняй. Яны ўсе за мяжой адпачывалi, а такiх прысмакаў, як у нас, нiдзе не елi.

Цяпер галоўны бухгалтар задумваецца над тым, каб набыць сабе i карову. Проста бачыць па сваiх табелях, якiя дадатковыя грошы за малако i iльготы атрымлiваюць уладальнiкi кароў.

— Гэта выгадна! Мая сяброўка трымае тры каровы i атрымлiвае штомесяц больш за мiльён.

З дзвюх кароў, паводле галоўнага бухгалтара, можна атрымлiваць да 800 тысяч рублёў: гэта не толькi плата за ўласна малако, а яшчэ i плюс дзяржаўная датацыя — 75 рублёў за залiковы лiтр.

Старшыня СВК "17-ты партз'езд" Iван Мятлiкаў кiруе гаспадаркай толькi другi год, але менавiта за гэты час павялiчылiся пагалоўе ў асабiстых падсобных гаспадарках i колькасць здадзенага малака.

— Прычына тут не толькi ў тым, што даём карову ў растэрмiноўку, — гаворыць ён. — Мы летась даставiлi якаснае сена, пры гэтым i своечасова, участкi апрацавалi — прычым калгаснiкам за паўцаны, i людзi паверылi нарэшце ў нармальнае жыццё. I не сумняваюцца, што i сёлета яны будуць забяспечаны сенам i збожжам. Калi ёсць упэўненасць у заўтрашнiм днi, чаму б не завесцi лiшнюю карову? Летась iх набылi 7, а сёлета — ужо 24!

Iван Мятлiкаў, як i яго падначаленыя, не ведае, што адбывалася на 17-м партз'ездзе. I шчыра сказаць — не клапоцiцца пра мiнулае.

— Якая рознiца, як называцца? — рытарычна пытаецца ён. — Галоўнае, што мы былi ў мiнусе, а цяпер у плюсе. Гаспадарка стала падымацца з каленяў. Калi я ў леташнiм студзенi прыйшоў сюды старшынёй, то мы праз тыдзень паехалi па суседзях набываць кармы. Цяпер мы iх самi можам прадаваць!

Сярэднi заробак у гаспадарцы — больш за 200 долараў. Тэхнiка ёсць. Справы наладжваюцца. Вяртаюцца людзi, якiя раней збеглi ў пошуках лепшага заробку. Ад таго, што сваiм калгаснiкам дапамаглi набыць кароў, гаспадарка не мела праблем.

— А вось карысць ад гэтай справы ёсць адназначная, — упэўнены Iван Iванавiч. — Людзi дзякуюць на вытворчасцi сваёй працай. Калi чалавеку калгасная тэхнiка ўбрала ўчастак i з дапамогай гаспадаркi яго сям'я набыла карову, ён абавязкова сумленна адпрацуе гэта.

Ёсць, вядома ж, i пажаданнi ад сялян: разам з традыцыйнымi просьбамi павялiчыць закупныя цэны на малако ў вёсках абмяркоўваюць новыя патрабаваннi па базавай тлустасцi. Не ўсiм падабаюцца новаўвядзеннi, але ўсё ж плюсоў у гэтай справе больш.

— Карова шмат значыць для сялянскай сям"i, — гаворыць Ларыса Пасяленцава. — Заўсёды ёсць свае малако, тварог, смятана. У маёй мацi было тры каровы, якiх усе пяцёра дзяцей пасвiлi па чарзе. Калi б не наша хатняя гаспадарка, дзяцей бы мацi не падняла. Ды i я з маленства навучылася ўсяму!

— Калi мне было 6 гадоў, памёр бацька, — узгадвае Iван Мятлiкаў. — I мацi мяне вывучыла ў сельскагаспадарчай акадэмii менавiта за нашу карову. Я гэта ведаў i таму прыязджаў з Горак на выхадныя i касiў на кармы. Цяпер сена прывязуць прэсаванае проста ў двор. I няхай трымаюць кароў людзi, працуюць i становяцца больш заможнымi.

На жаль, такая сiтуацыя з прыватным статкам не ва ўсiх сельскiх гаспадарках Слаўгарадскага раёна. Праўда, усюды плацяць грошы i датацыю за цяля, атрымлiваюць сена i збожжа па нармальных цэнах, паводле калектыўных дамоў.

— Добра наладжаны справы з кармамi ў СВК "Лясная", якi штогод становiцца лiдарам па закупцы малака ў насельнiцтва, — каментуе Таццяна Кананчук. — Там яшчэ штогод можна памяняць карову ў гаспадарцы. I ў "17-м партз'ездзе" людзi паверылi, што не будуць мець праблем з тым, каб пракармiць жывёлу. Вядома, не ўсюды кiраўнiкi гаспадарак гатовы даць растэрмiноўку на набыццё кароў, але жыхары раёна могуць атрымаць пазыку i ў фондзе развiцця сельскiх тэрыторыяў "Адраджэнне-Агра".

Карысць, падкрэслiвае старшыня раённага Савета, вiдавочная: калi ў чалавека ёсць гаспадарка, ён не мае часу пiць i гуляць i будзе добрым працаўнiком не толькi на ўласным падворку, але i ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве.

— На дзяржаўным узроўнi трэба прымаць рашэннi аб закупных цэнах, якiя былi б выгадныя для людзей, — падводзiць вынiк Таццяна Кананчук. — А ўсё астатняе павiнна вырашацца на мясцовым узроўнi, на сельскай тэрыторыi. Прыклад СВК "17-ты партз'езд" паказвае, што гэта цалкам рэальна.

Iлона Iванова.

Слаўгарадскi раён.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сельская гаспадарка ў Слаўгарадскiм раёне выдзяляе сваiм працаўнiкам беспрацэнтную пазыку на набыццё жывёлы: грамадскi статак павялiчыўся напалову. У вёсцы Урэчча Слаўгарадскага раёна маладая шматдзетная гаспадыня Валянцiна Мiхаськова набыла другую карову. — Заробкi ў нас з мужам не самыя вялiкiя, а грошы, каб гадаваць дзяцей, вельмi патрэбныя, — тлумачыць санiтарка мясцовага ФАПа.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика