Сяргей Дубавец: Лепшых часоў у гісторыі не было. 21.by

Сяргей Дубавец: Лепшых часоў у гісторыі не было

16.09.2009 13:51 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

17 верасня спаўняецца 50 гадоў першаму рэдактару адноўленай "Нашай Нівы" Сяргею Дубаўцу. За дзень да гэтага, у сераду, у Белдзяржфілармоніі ў Малой зале імя Рыгора Шырмы а 18.00 пройдзе прэзентацыя новай кнігі Дубаўца "Як?", што з'явілася ў кніжнай серыі радыё "Свабода". Напярэдадні юбілею Сяргей Дубавец адказаў на пытанні "НН".


Фота Андрэя Лянкевіча.

 "Наша Ніва": З вышыні паўвекавога юбілею што бачыцца найбольш важным, зробленым у жыцці?

Сяргей Дубавец: Не ведаю, што такое вышыня юбілею, ніяк гэта з сабой не стасую. Маё жыццё не лінейнае, яно як хвост яшчаркі. Кожныя 10-13 гадоў пачынаецца новае, а ранейшае ўжо не маё, а чыёсьці. Няхай хтосьці і разбіраецца, што там зроблена і што важнае.

"НН": А аб чым-небудзь шкадуеце, нешта хацелася б зрабіць інакш?

СД: Я веру ў лёс. А лёс мяне ўсё жыццё здзіўляў толькі ў лепшы бок. Сэнкс э лот, сэр. Спадзяюся, так будзе і далей.

"НН": 16 верасня ў Літву прыязджае Лукашэнка. Якое ваша стаўленне да гэтага візіту? Ці правільна, на вашу думку, робіць Захад, пачаўшы збліжэнне з Лукашэнкам?

СД: Лукашэнка ўвасабляе краіну і народ, нас з табой. Так выйшла, і ніхто гэтае дадзенасці не перамог, як ні стараліся. А калі так, дык чым больш адкрытым і блізкім будзе для нас свет, тым лепей, бо гэта першая ўмова таго, што нам вальней будзе жыць у сябе дома.

"НН": А што рабіць апазіцыі, ці варта ёй удзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах?

СД: Варта ўдзельнічаць ва ўсім, што спрыяе пашырэнню беларушчыны.

"НН": А калі прэзідэнт Беларусі пачне размаўляць па-беларуску?

СД: Або пасля таго, як па-беларуску загаворыць апазіцыя, або пасля таго, як апазіцыя перастане што-небудзь значыць.

"НН": Як спыніць русіфікацыю?

СД: Русіфікацыя - з’ява субардынацыйная. Калі ты па-за субардынацыяй, лічы, што ты яе спыніў.

"НН": Хто сёння ёсць увасабленнем беларускага нацыяналізму?

СД: Мова.

"НН": У адным з нядаўніх эсэ вы напісалі, што мы цяпер жывём у блаславёныя часы. Няўжо беларусы не здольныя на большае?

СД: Лепшых часоў за гэтыя ў агляднай гісторыі не было.

"НН": Некалі вы прапанавалі формулу беларушчыны "мова-вёска-Вільня". Ці час не паказаў яе памылковасць?

СД: Не. Мова нас лучыць і адрознівае ад іншых (а што яшчэ?). Вёска - наша метафізічная зямля і наша метафізічнае цела, на чым стаім і чым ёсць самі. Вільня - наш Арарат, наша вяршыня па-над далінаю Беларусі, горад нашых самых высокіх мараў і самых патаемных жаданняў. У беларускай паэзіі ёсць толькі адзін горад-вобраз - Вільня.

"НН": А што ўласна беларускага яшчэ засталося ў Вільні?

СД: Тое, што і было заўсёды, - сям’я, школа, царква, рынак, мастакі і паэты... Ну і пяць тысяч памятных мясцін гісторыі і культуры.

"НН": Што з маладой беларускай літаратуры стала для вас пазітыўным адкрыццём апошніх гадоў?

СД: Крыху раней Жыбуль. Цяпер Рыжкоў, які не эпатуе, але здзіўляе. Хадановіч - наш Маршак. "Тры мудрацы ў адным тазу"...

"НН": Чаму часы незалежнасці не далі пісьменнікаў узроўню Адамчыка, Мележа, Танка? Чаму так мала раманаў пішацца?

СД: Такія рэчы не інспіруюцца. Яны ёсць або не. Мы можам гаварыць пра інфраструктуру. Скажам, Сева Сцебурака можа выкачацца ў суперскага паэта. А Паліна Качаткова ў класнага празаіка. Хто ім падкіруе шлях і рэальна дапаможа? Раней гэтым займаліся часопісы. У часопісах працавалі Алесі Масарэнкі - Яны Прадцечы, якіх "заводзіла" ад наступнікаў, а не ад саміх сябе. Сёння такога няма. Дайце мне часопіс, і я дам вам Адамчыкаў і Мележаў. Новых, натуральна. Не ведаю, ці насамрэч раманы для таго, каб характарызаваць эпоху, і ці гэтага мы ў іх шукаем. Якраз эпоху ў Адамчыка і Мележа хочацца падкарэктаваць здаля.

"НН": Ці пішацца ваш раман?

СД: Гэта сённяшнія "Бесы". Пры спрыяльным збегу абставінаў я іх дапішу.

"НН": Чаго вам не хапае ў беларускай культуры?

СД: Мне ўсяго хапае. Культуры не хапае здаровай экспансіі, адпаведных жанраў і формаў. Але гэта яе пытанне да мяне.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
17 верасня спаўняецца 50 гадоў першаму рэдактару адноўленай "Нашай Нівы" Сяргею Дубаўцу.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика