...Зелень маецца ў жанчын ды не роўня доларам
02.10.2009
—
Новости Общества
|
Хто каго? Што было, — было, хоць i не ўчора, пры камунiстах. Даiшнiкi, значыць, машыну ў Аўцюках спынiлi. За рулём — мужык. Мякка кажучы, не цвярозы... Паўшчувалi яго, склалi акт, сказалi, каб на камiсiю заўтра прыехаў. Той — само сабою — з'яўляецца. Бачыць — пад дзвярыма цэлы натоўп з такiх жа парушальнiкаў; у кабiнет iх па адным запускаюць. І выпускаюць праз нейкi час, прычым сумнымi-сумнымi, гаротнымi-гаротнымi, бо ў таго — на 24 месяцы правы забралi, у таго на ўсе 36... Да аўцюка чарга падышла, i ён заходзiць. — Ну расказвай, — загадвае мiлiцэйскi начальнiк, — колькi выпiў, якога ражна за руль потым сеў? А аўцюк — мужык прастадушны: ён нават жонцы нi разу не манiў! Вось i тут стаў праўды трымацца: так i так, маўляў, слесарам на стане працую, i ў нас там цешча ў аднаго памерла — трэба было памянуць. Выпiлi ўпяцёх тры бутэлечкi. Праўда, першаку... Падалося, мала. Я ўсiх да крамы давёз — накацiлi дзве "сямсоткi" вiна. I ўжо спынiлiся б... Але да нас ветэрынар далучыўся. Я яго потым дадому адвёз, ён паўлiтроўку праставiў... А забралi мяне, калi ўжо дахаты вяртаўся. — I як жа ты ехаў, як машыну вёў?! — жахнуўся хтосьцi з камiсii. — Як-як? Акуратненька!.. Хай во хлопцы вашыя скажуць. Тыя — ад нечаканасцi — аж знямелi, маўчаць. Падпалкоўнiк гаворыць: — Ну i цёмнiк ты, мужык, ну i паганец... Па табе ж турма плача!.. А з другога боку — хвалю... Iншыя за...цы: "Я фужер шампанского выпил, позавчера...", "Я бокальчик пива"... Ты — усю праўду сказаў... Пяцьдзясят рублёў штрафу... I каб я цябе не бачыў больш!.. Аўцюк — куляю... З кабiнета... Ён, казалi, нават пiць кiнуў — ад радасцi... А вось распавядаць, як выгадна праўду казаць — не: уся Гомельшчына ведае!.. Iншая справа, цi кажа? Зрэшты, абмяркоўваць гэтую складаную маральна-этычную праблему мы не будзем. Будзем, як заўжды, чытаць подпiсы, якiя нашы чытачы прыдумалi да здымка. Тым больш што ў iх — таксама праўда. Зрэшты, абмяркоўваць гэтую складаную маральна-этычную праблему мы не будзем. Будзем, як заўжды, чытаць подпiсы, якiя нашы чытачы прыдумалi да здымка. Тым больш што ў iх — таксама праўда. Праўда (прабачце за паўтор) у кожнага — свая. Ну мяркуйце самi: спадарыня Лабажэвiч з Клецка ўсклiкае:Гараджанкi, бач, на лаве (Бо ў вёсцы ўсе пры справе). Хоць панамак не куплялi, Выглядаюць — нiбы кралi! I далей: Дзеўкi — проста на падбор!.. Грышка — згледзеў I папёр Па бутэльку самагонкi: Мо, якая пойдзе ў жонкi? Для нейкага Грышкi, трэба разумець, гэтая згода, за шчасце была б? А вось для Вiктара Лукшы з вёскi Лынтупы Пастаўскага раёна — нi ў якiм разе! Ён, карыстаючыся выпадкам, да ўсiх нашых мужчын звяртаецца: Каб рост насельнiцтва ўзняць, Заўжды трымайцеся ў "гусце"... Малых спяшайцеся шукаць, Але... Не ў гэтакай капусце. Не падабаецца яна, значыць? Спадар Дубовiк з вёскi Арэшкавiчы Бярэзiнскага раёна ведае, чаму: Пасля хмельнай вечарынкi З галавою — справы дрэнь... Вось i лекуюць жанчынкi, Хто "ўдаўленне", хто мiгрэнь. Не здаровыя яны... Да таго ж — не вельмi маладыя, бо iх, па меркаваннi спадара Гарачова з вёскi Даўнары Iўеўскага раёна: Адправiлi на пенсiю З музыкаю, з песняю... Яшчэ i з падарункамi — Рознымi ласункамi: З сушамi, лангустам I лiстом капусным. Iншыя за апошняе маглi б i пакрыўдзiцца, а гэтыя — не, iм ён, як бачыце, да галавы! А ўсё таму, што Нашы бабы ў сорак пяць Могуць дзеўкам фору даць!.. Каб хлопцы гэта ўгледзелi, "Ярмолкi" ў краме згледзелi. I купiлi. Во якiя вынаходлiвыя, заўважае спадар Дземчанка з в. Машканы Сенненскага раёна. I пры гэтым, мусiць, ведае, чаму гэтыя галаўныя ўборы менавiта з капусты? З ёй сябруе наш народзе: Ужывае — кожны дзень... Сокам смагу ён "выводзiць" I вылечвае мiгрэнь, Варыць, квасiць, прыпраўляе... Само слова вабiць слых! Ды найлепей паважае Пашукаць у ёй малых. Пiша так спадар Гаўрыш з Пастаўшчыны. Ды што там — ён гэтаму прадукту цэлую оду пяе! Успамiнае, як у дзяцiнстве захапляўся казкамi, як рады быў за беднага Янку, якому дзядок з барадой па прозвiшчы "Ох" прынёс не нейкiя там "сушы з лангустам", а мiску капусты i лусту хлеба. Да таго ж менавiта ёй, не чым iншым, дзеўка Геба з "Тараса на Парнасе" частавала тамтэйшых багоў (!). Помнiце: Найперш дала яна капусту, Тады са шкваркамi кулеш... Актуальныя — асаблiва перад зазiмкам — i радкi любiмага Караткевiча пра цэлы рытуал, якi называецца "ставiць капусту". Ну вось "убачце": Жанчыны сечкамi таўкуць бадзёра, Як быццам спора выбiваюць такт Для нейкай небывала хуткай полькi. У распараныя глоткi цёмных бочак Плыве капуста белаю гарой. Яе засыплюць соллю з чорным кменам I зоркамi чырвонай смачнай морквы, Там-сям антонаўку для духу кiнуць I зноўку пачынаюць дружна стукаць. Пачатак лiстапада. Ноч глухая Ляжыць за вокнамi самотнай хаты, I плачацца на горкую нядолю За мокрым шклом раздзеты чорны сад... Во як! Але ж у нас зусiм не ён "на парадку"... Хоць i нешта блiзкае. Ну мяркуйце самi (услед за Мiколам Старых з Гомеля): Нi Ганульку, нi Марусю Не прыносiў белы бусел. I Таццяначкi з Аўгустай Не было ў радках з капустай... Там не будзе й жанiхоў, То не псуйце качаноў, — павучае кабет Мiкола, вiдаць, мяркуючы, што яны шукаюць, чакаюць, выглядаюць сабе абраннiкаў. А рабiць гэта, на думку спадарынi Лабажэвiч з Клецка, зусiм не трэба: Хто паклiча к сельсавету?.. Вы "не парцеся" пра гэта. Лепш працуйце ў агародзе, — Грамадзянскi шлюб у модзе! На жаль... Як i тое, што ў пэўным ўзросце асобныя (i мужчыны i жанкi) згаджаюцца на любы (шлюб). Пра гэта радкi Вольгi Сяргееўны Хiльман з Мядзельшчыны: Не магу я памылiцца: Гэта ж клуб "Каму за трыццаць"? Надакучыла чакаць — Як сцямнее будзем браць. I нiкога не адпусцiм, Будзе хлопцам, як капусце! Што (канкрэтна) было ёй, ведае спадар Гарбачоў з г. Сянно: Як у Ганны, як у Нюркi Не лiсцё ў капусце, — дзюркi... Правялi агульны сход — На "павестцы" — агарод. I абралi старшыню — Дасць ён вусеню вайну. Вось толькi... На яе бухгалтар Вера Паглядае з недаверам: Ведае, не чутае — Пра рэкорды дутыя, — заўважае спадарыня Чыгрынава з Вiлейшчыны. Туды ж спадар Гарачоў з Iўеўшчыны: Цi не праўду я кажу: Час мяняе густы Уперад — "вешали лапшу" Зараз — лiст капусны. Дарэчы (i па прызнаннi абсалютнай большасцi чытачоў), гэта вельмi... карысна. Ну па-першае: Якiм чынам нам, жанчынам, Пазбаўляцца ад маршчынак? Як параiў дзед Пахом: Прыкрыць цемечкi лiстом I затым — "балдзець" пад плотам, Пазакiдваўшы работу... Па меркаваннi Раiсы Васiльевай з Гомеля, жанчыны (са здымка) менавiта гэта i робяць: хоць ад спёкi млеюць, але ж маладзеюць! Ды каб толькi гэта! Не, як лiчыць спадарыня Гудачкова з Жыткавiчаў: Згаварылiся сяброўкi — Упрыгожылi галоўкi. Так i промнi не дастануць, I сурокi не прыстануць. Вось гэта, апошняе, надзвычай важна, бо Анатоль Гарачоў з Iўеўшчыны пра сябе-не пра сябе, але выдаў: Калi побач крочылi Бабы нас сурочылi... Каб не тыя вочы, Мы б не спалi ўночы. А гэта, трэба разумець, не робiць гонару — нi той парачцы, нi "бабам". Ды што там Гэты здымак i ў мужчын, Не падыме гонару: Зелень маецца ў жанчын Ды не роўня доларам! А яна каб была (тая "роўня", тая правiльная, "зелень" альбо "капуста") то, як лiчыць Валерый Гаўрыш, не сядзелi б жонкi ў Лiдзе, а гулялi б па Фларыдзе. Па Фларыдзе, пагуляць, зразумела ж, заманлiва! I трэба! Бо, як зазначаюць сужэнцы Астроўскiя з Мiнска: Мужыкоў ужо даўно Ў двор збiрае дамiно. У жанчын — другая справа — Папляткарыць клiча лава. Бач, расселiся "нявесты"... Абмяркуюць шоу, фэсты... Праўда, усё ж на iх плячах Праца, дзецi, хатнi дах... Значыць, каму-каму, а iм, жанчынам, трэба гуляць, трэба адпачываць. Што, па меркаваннi Мiкалая Уласавiча Гарбачова з г. Сянно, яны i робяць: У настроi ўсе геройкi Сэрцы — поўны песнямi: Аб пачуццях светлых мроi, I... прыбаўцы к пенсii. Зрэшты, тут, як лiчыць спадар Гаўрыш, мроiць, марыць мала, трэба i нешта рабiць, таму на здымку Не гандляркi-моднiцы, — Бабы-агароднiцы: Берагуць ад сонца твар, Ды й рэклама... На тавар... Хто яго купiць?.. Пасля гэткай рэкламы... Ой, не скажыце — за мяжой пакупнiкi спецыяльна сноўдаюць па рынках — шукаюць чарвiвыя грушы, яблыкi (экалагiчна чыстыя, значыць!). Да таго ж (радкi Вiктара Лукшы) — Мода з Францыi iдзе I заместа хустак Прапануе грамадзе У дзiрку лiст капусны. Вось i атрымлiваецца, што змагацца з вусенем трэба, але асцярожна. I крый Бог — не перамагаць. ...Завяршыць жа гэты агляд хочацца задуменнымi радкамi спадара Гарачова: Гляджу я на здымак Iзноў i iзноў Пытанне даймае ўпёртае: Ёсць Вера, Надзея i нават Любоў А як жа завецца чацвёртая? Дык мо яна ўжо пазнала сябе i паведамiць? Добра было б! А яшчэ лепей, каб напiсала, чые вершы-радкi ёй спадабалiся болей. Тады маленькаму рэдакцыйнаму журы было б прасцей вызначыць пераможцу. На гэтым этапе. А што да папярэдняга (на здымку, калi памятаеце, былi двое: дзяўчына глядзелася ў люстэрачка, папраўляючы макiяж, конь з сумам назiраў), — то найлепшыя радкi пра iх, па меркаваннi вялiкага чытацкага журы, склалi Ала Тарасiк i сужэнцы Астроўскiя з Мiнска, Уладзiмiр Сiтнiк са Старадарожчыны, Валерый Гаўрыш з Пастаўшчыны, Уладзiмiр Барысёнак з Ушаччыны, Анатоль Гарачоў з Iўеўшчыны i Вольга Лабажэвiч з Клецка. З чым пагадзiлася i журы рэдакцыйнае. Так што прыз у выглядзе падпiскi на дарагую сэрцам газету накiроўваецца ў Клецк. Застаецца толькi павiтаць першую падпiсчыцу на новы 2010 год i нагадаць iншым, што далучыцца да кола чытачоў "Звязды" варта i нiколi не позна. Да ўдзельнiкаў конкурсу на лепшы подпiс да здымка — таксама. Фота, як заўжды дадаецца. Умовы ранейшыя: коратка (не больш за 8 радкоў) i дасцiпна. Поспехаў! Валянцiна Доўнар. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што было, — было, хоць i не ўчора, пры камунiстах. Даiшнiкi, значыць, машыну ў Аўцюках спынiлi. За рулём — мужык. Мякка кажучы, не цвярозы... Паўшчувалi яго, склалi акт, сказалi, каб на камiсiю заўтра прыехаў.
|
|