Дапамога з прэйскурантам. 21.by

Дапамога з прэйскурантам

10.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 

Пашырэнне практыкi аплаты за абслугоўванне пенсiянераў i iнвалiдаў дома ў пачатку гэтага дзесяцiгоддзя прынесла даволi лагiчны вынiк — знiжэнне попыту на дапамогу сацыяльных работнiкаў. Аднак затым той жа попыт стаў павышацца, i перш-наперш сярод жыхароў вёскi. Сёння "падтрымка за грошы" ўжо не ўспрымаецца як нешта незвычайнае. Пры гэтым апошнiм часам тут з'явiлася i новая прапанова — платныя аднаразовыя паслугi.

"Стандартны" варыянт — не кожнаму

Як па насельнiцтве ў цэлым, так i па колькасцi гараджан i жыхароў вёскi Асiповiцкi раён лiчыцца адным з найбуйнейшых у краiне. Аднак не сакрэт: чым больш людзей, тым больш тых, каму патрэбная дапамога. Дастаткова сказаць, што ў раёне налiчваецца больш за 14 тысяч пенсiянераў, а плюс да таго — звыш 3 тысяч iнвалiдаў.

— Калi чалавеку становiцца цяжка даглядаць сябе самастойна, мы прапануем яму надомнае абслугоўванне, — распавядае дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва Iрына Асiпчук. — Сёння сацыяльныя работнiкi наведваюць больш чым 400 чалавек. Прычым, як правiла, за грошы: калi пенсiянер цi iнвалiд жыве адзiн i мае пенсiю вышэй за бюджэт пражытковага мiнiмуму, то плацiць за два вiзiты ў тыдзень жыхарам гарадскiх кватэр трэба 8630, а жыхарам прыватных дамоў у горадзе i вёсках — 10 630 рублёў у месяц. Варта заўважыць, што гэта — для большасцi — сумы "пад'ёмныя". Але нельга не адзначыць i iншае: пастаянныя вiзiты сацыяльных работнiкаў падыходзяць не ўсiм. I не ўсе згодныя за iх плацiць. Бо многiм неабходна дапамога ў вырашэннi толькi якой-небудзь адной i часам даволi "нестандартнай" бытавой праблемы.

Аказанне аднаразовых паслуг у раёне пачалося ў пачатку мiнулага года. Цi не галоўнай "стартавай умовай" стала наяўнасць тых жа сацыяльных работнiкаў. А таксама грузапасажырскай "Газелi". У дадатак да яе купiлi па сутнасцi ўсяго адну рэч — бензакасiлку.

— Магчымасць карыстацца аднаразовымi сацыяльнымi паслугамi маюць не толькi пенсiянеры i iнвалiды, але i ўсе жыхары раёна, якiя апынулiся ў цяжкай сiтуацыi — скажам, з прычыны хваробы, — працягвае Iрына Асiпчук. — Што ж непасрэдна да варыянтаў дапамогi, то пералiк тут досыць вялiкi.

Што i колькi?

У адрозненне ад надомнага абслугоўвання, на аднаразовыя сацыяльныя паслугi не прадугледжваецца знiжак. Плацiць даводзiцца "па поўнай". Колькi? Гэта пытанне асобнае.

Скажам, у Асiповiцкiм раёне мыццё 10 талерак цi каструль каштуе 920 руб., чыстка люстэрка — 150 руб. за метр квадратны, ачыстка 100 "квадратаў" падворка ад снегу — 960 руб., мыццё кiлаграма бялiзны — 2610 руб., прасаванне таго ж кiлаграма бялiзны — 1210 руб., узворванне соткi агарода — 700 руб., праполка соткi бульбы — 2650 руб., мыццё вокнаў у стандартнай двухпакаёўцы — каля 4 тыс., колка прычэпу дроў — пад 40 тысяч рублёў, кансерваванне 10 кiлаграмаў слiў (аказваецца, ёсць сярод прапаноў i такая) будзе каштаваць 5480, а 10 кiлаграмаў агуркоў — крыху больш за 10 тысяч рублёў.

Дарэчы, практыка сведчыць, што кансерваванне садавiны i агароднiны, мыццё бялiзны, прыбiранне памяшканняў, фарбаванне падлогi, сцен i вокнаў — паслугi цi не самыя папулярныя. Як i грузаперавозкi. Карыстанне "Газеллю" ацэньваецца ў 4810 руб. за гадзiну, плюс да таго трэба даплацiць па 340 рублёў за кожны кiламетр "прабегу". I, да слова, збольшага "сацыяльны транспарт" замаўляюць з дзвюма мэтамi — каб перавезцi мэблю або ўраджай агароднiны з дачы.

Права на выбар

Тарыфы на аднаразовыя сацыяльныя паслугi вызначаюцца з мiнiмальнай рэнтабельнасцю i да таго ж строга кантралююцца. Адсюль i не самыя высокiя лiчбы. Можна нават зазначыць: пры звароце да прыватнiкаў раз-пораз за аднолькавую работу трэба плацiць у некалькi разоў больш. I ўсё ж толькi ў якасцi канстатацыi: з пачатку года аб аднаразовых паслугах у раёне папрасiлi ўсяго... 26 чалавек.

— Сапраўды, даходы пенсiянераў i iнвалiдаў высокiмi назваць нi ў якiм разе нельга, але я не думаю, што сутнасць тут выключна ў памерах пенсiй, — заўважае намеснiк начальнiка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Асiповiцкага райвыканкама Нiна Лапанiк. — Хутчэй, асноўная прычына — псiхалогiя. Яшчэ з савецкiх часоў мы прызвычаiлiся, што ўсё павiнна даць дзяржава. Але так ужо не будзе. Дзяржава павiнна падтрымаць тых, каму найбольш цяжка. I забяспечыць права выбару. А ў тым, што пры наяўнасцi такога выбару попыт на аднаразовыя сацыяльныя паслугi будзе ўзрастаць, сумнявацца не выпадае. Бо людзi, якiя заплацiлi па сацыяльных тарыфах за вырашэнне сваiх бытавых пытанняў аднойчы, потым прыходзяць iзноў.

Да таго ж у раёне зрабiлi адно цiкавае назiранне. Калi да пастаяннага надомнага абслугоўвання збольшага звяртаюцца цалкам адзiнокiя людзi цi людзi, сваякi якiх жывуць вельмi далёка, то аднаразовыя паслугi не абмiнаюць увагай пенсiянеры, дзецi якiх знаходзяцца побач. Бо тыя ж дзецi добра разумеюць: калi-нiкалi прасцей даць бацькам "лiшнiя" 10 цi 50 тысяч рублёў. I не мець анiякага клопату.

Дзяржава "падзелiцца" рынкам?

Як адзначаюць у Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны, сёння аднаразовую платную дапамогу прадастаўляюць усе тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. А ў сваю чаргу цэнтры працуюць у кожным раёне. Прычым дзе-нiдзе ў рэгiёнах пайшлi далей i для вырашэння "бытавых" праблем пенсiянераў i iнвалiдаў стварылi спецыяльныя мабiльныя брыгады. У цэлым жа статыстыка сведчыць: з пачатку года ў краiне неабароненая катэгорыя грамадзян ужо атрымала больш за 65 тысяч аднаразовых паслуг. Iмi скарысталiся 22,5 тысячы чалавек.

— Не сакрэт, што сёння аказаннем аднаразовых паслуг пенсiянерам i iнвалiдам займаюцца ў асноўным тэрытарыяльныя цэнтры, але не выключана, што надалей сiтуацыя зменiцца, — адзначае начальнiк аддзела развiцця i каардынацыi сацыяльнай дапамогi i сацыяльнага абслугоўвання мiнiстэрства Таццяна Касцюковiч. — Ёсць прапанова прыцягнуць на гэты рынак грамадскiя аб'яднаннi i некамерцыйныя арганiзацыi. Напрыклад, тут можа дзейнiчаць наступная схема: грамадскiя аб'яднаннi i некамерцыйныя арганiзацыi пачнуць вылучаць пэўныя ўласныя сацыяльныя праекты, затым будзе наладжвацца тэндар такiх праектаў, а пераможцы атрымаюць дзяржаўнае фiнансаванне на выкананне. I ў тым лiку гаворка iдзе аб праектах па паслугах, зразумела, з адпаведным лiцэнзаваннем, кантролем за якасцю i цэнамi. Зрэшты, варта заўважыць, што пакуль казаць што-небудзь пэўнае тут нельга — гэта пытанне яшчэ трэба вывучаць.

Сяргей ГРЫБ.

Мiнск — Асiповiчы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пашырэнне практыкi аплаты за абслугоўванне пенсiянераў i iнвалiдаў дома ў пачатку гэтага дзесяцiгоддзя прынесла даволi лагiчны вынiк — знiжэнне попыту на дапамогу сацыяльных работнiкаў. Аднак затым той жа попыт стаў павышацца, i перш-наперш сярод жыхароў вёскi. Сёння "падтрымка за грошы" ўжо не ўспрымаецца як нешта незвычайнае. Пры гэтым апошнiм часам тут з'явiлася i новая прапанова — платныя аднаразовыя паслугi.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика