Для паспяховага мацярынства важныя паводзiны ў падлеткавым узросце. 21.by

Для паспяховага мацярынства важныя паводзiны ў падлеткавым узросце

13.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напярэдаднi Дня Мацi галоўны акушэр-гiнеколаг паведамiў пра тое, што хутка ў Беларусi будуць укаранёныя медыкаментозныя аборты.

— Дагэтуль усе вiды перарывання цяжарнасцi ў нас былi толькi хiрургiчныя, — патлумачыў днямі ў прэс-цэнтры газеты "Камсамольская праўда" ў Беларусi галоўны акушэр-гiнеколаг Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь Аляксандр БАРСУКОЎ. — А такiя маюць даволi высокую рызыку пашкоджання органаў, якiя адказваюць за нараджэнне дзяцей. Медыкаментозныя метады, даволi папулярныя ў iншых краiнах, выклiкаюць перарыванне цяжарнасцi больш мякка, без выкарыстання медыцынскiх iнструментаў. Цяпер гэтыя прэпараты праходзяць рэгiстрацыю ў нашай краiне, як толькi яны будуць зарэгiстраваныя, мы правядзём семiнары для акушэраў-гiнеколагаў, бо працэдуру гэтую будуць праводзiць толькi сертыфiкаваныя ўрачы ў медустановах.

Як гэта нi сумна i нi абсурдна, але тэма перарывання цяжарнасцi i кантрацэпцыi мае прамыя адносiны да мацярынства. Бо прычынамi абсалютнай большасцi выпадкаў, калi мацярынства немагчымае, цяжка дасягальнае, альбо абцяжаранае значнымi ўскладненнямi, з'яўляецца якраз нешчаслiвы вопыт сэксуальнага дэбюту i першай непажаданай цяжарнасцi.

Задача бацькоў i педагогаў — выхаваць дзяцей так, каб праблема перарывання цяжарнасцi альбо лячэння iнфекцыi не паўстала ўвогуле. Задача медыкаў — зменшыць наступствы, калi гэтага пазбегнуць не ўдалося.

Урачы лiчаць, што здароўю падлеткаў неабходна надаваць асаблiвую ўвагу. З гэтай мэтай у нас iдзе работа над сумеснай Шведска-Расiйска-Беларускай праграмай па захаваннi сэксуальна-рэпрадуктыўнага здароўя зусiм маладых людзей. Праграма прадугледжвае выданне спецыяльнай лiтаратуры, супрацоўнiцтва з Мiнiстэрствам адукацыi i павелiчэнне колькасцi Цэнтраў добразычлiвых адносiнаў да падлеткаў. Такiх цэнтраў у нас створана ўжо 17. Там любы школьнiк старэйшых класаў можа атрымаць адказы на ўсе пытаннi, якiя яго цiкавяць, кансультацыю i парады, а таксама практычную дапамогу.

— Бывае, што мы iм i кантрацэптывы даём, — сказаў Аляксандр Барсукоў. — І для тых падлеткаў, якiя па нейкiх прычынах не могуць з бацькамi падзялiцца тым, што iх хвалюе, такiя Цэнтры — адзiная магчымасць атрымаць квалiфiкаваную кансультацыю, псiхалагiчную падтрымку i медыцынскую дапамогу.

Медыкаментознае перарыванне цяжарнасцi будзе магчымым толькi пры невялiкiм тэрмiне (да 6 тыдняў), i, хутчэй за ўсё, — платным. Але для падлеткаў галоўны жаночы доктар краiны прапануе зрабiць яго бясплатным.

Аднак праблему дэмаграфiчнай бяспекi, зразумела, новы спосаб аборту не вырашыць. У нашай краiне, мiж тым, на гэта накiраваны шэраг самых розных праграм, якiя маюць самы высокi статус. На сёння ўжо закончаны рэканструкцыi ўсiх радзiльняў Беларусi, хутка будзе ўведзены ў эксплуатацыю яшчэ адзiн корпус цэнтра "Мацi i дзiця", дзе будзе найсучаснейшае абсталяванне. Па-iншаму медыкi апошнiм часам сталi адносiцца да лячэння ў жанчын пухлiн: цяпер стараюцца пры iх выдаленнi захаваць усе жаночыя функцыi арганiзма. З лiстапада мiнулага года ў краiне працуе праграма па гендарнай роўнасцi, якая накiравана на разуменне ў грамадстве асаблiвасцяў жаночага арганiзма, адказнае стаўленне да мацярынства i бацькоўства, развiццё партнёрскiх родаў, высокатэхналагiчных спосабаў лячэння бясплоднасцi i г.д.

— Увогуле, нягледзячы на крызiс, нiводная праграма, заклiканая да вырашэння дэмаграфiчнай праблемы, не была згорнутая, — паведамiла на прэс-канферэнцыi намеснiк начальнiка Галоўнага ўпраўлення палiтыкi занятасцi i народанасельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Таццяна ШЭМЕТАВЕЦ. — Праўда, дапамогу на дзяцей да 3 гадоў планавалася сёлета павялiчыць да 100 працэнтаў бюджэту пражытковага мiнiмуму (пакуль гэта дапамога складае 80 працэнтаў БПМ), i пакуль гэта не зроблена, але мы ўвесь час выступаем за паляпшэнне матэрыяльнага складнiку ў пытаннi нараджэння дзяцей. Так, апошнiм часам павялiчылася выплата мацярам пры нараджэннi другога дзiцяцi.

Увогуле, Таццяна Шэметавец падкрэслiла, што апошнiм часам дзяржавай вядзецца актыўная работа па распрацоўцы праграм падтрымкi сем'яў з двума дзецьмi. Што датычыцца сем'яў з трыма дзецьмi і больш, то тут ужо зроблена нямала, а галоўнае — створаны ўмовы для вырашэння жыллёвага пытання.

На пытанне журналiстаў, цi разглядаецца ў Беларусi расiйскi прыклад "мацярынскага капiталу", Таццяна Васiльеўна адказала адмоўна:

— Канкрэтна мы гэты варыянт пакуль не разглядаем, трэба спачатку паглядзець, што з "мацярынскага капiталу" атрымаецца ў суседзяў.

У Беларусi па-ранейшаму назiраецца рост павелiчэння нараджэння дзяцей, праўда, тэмп гэтага росту знiзiўся. У бок больш сталага пасунуўся ў Беларусi ўзрост жанчын, якiя вырашаюцца нарадзiць дзiця. Сёння сярэднi ўзрост для гэтага — 27 гадоў, а для нараджэння першынца — 24 гады. Аднак усё часцей на першае дзiця вырашаюцца i жанчыны пасля 40-гадоў.

— З дапамогай нашага Цэнтра нядаўна нарадзiла першае дзiця 53-гадовая жанчына, — расказала дырэктар "Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны" Святлана ЖУКОЎСКАЯ. — 46-гадовы ўзрост для нараджэння дзiцяцi — для нас увогуле рэч звычайная, i зусiм свежы выпадак, калi шчаслiва нарадзiла трайню 48-гадовая жанчына. Тут галоўнае — не ўзрост, а здароўе.

15—20 працэнтаў шлюбных пар у нашай краiне лiчацца бясплоднымi. Сёння змянiўся алгарытм вырашэння такiмi сем'ямi iх праблемы. Ужо пасля года жыцця разам, калi жаданая цяжарнасць не наступiла, сямейная пара павiнна звяртацца да спецыялiстаў у Цэнтры планавання сям'i (а не да ўчастковых урачоў!). На мэтанакiраванае лячэнне даецца яшчэ год-два. Калi i пасля гэтага ў сям'i не з'яўляецца дзiця, трэба звяртацца па штучнае апладненне. Дарэчы, практыка паказвае, што бясплоднымi ўсё часцей аказваюцца не жанчыны, а мужчыны. Сядзячы, маларухомы лад жыцця, iнфекцыйныя хваробы i iншыя фактары прыводзяць часам да вельмi складаных i цяжкiх выпадкаў. Дарэчы, гэта сусветная тэндэнцыя.

Яшчэ адна рыса нашага часу — павелiчэнне хранiчных захворванняў у моладзi. Гэта ўжо звязана, лiчаць спецыялiсты, з пагоняй за вышэйшай адукацыяй.

— Мы заўважылi, што ў старэйшых класах рэзка знiжаецца колькасць вострых хваробаў, — расказаў Аляксандр Барсукоў. — Гэта звязана з тым, што нашы дзецi перастаюць звяртацца па медыцынскую дапамогу i пераносяць вострыя хваробы на нагах. Так узнiкаюць хваробы хранiчныя. Якiя таксама ў наступным могуць паўплываць на здароўе будучых мацi i iх дзяцей.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдаднi Дня Мацi галоўны акушэр-гiнеколаг паведамiў пра тое, што хутка ў Беларусi будуць укаранёныя медыкаментозныя аборты.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика