Кошты на аўтамабiлi зробяцца непад'ёмнымi?. 21.by

Кошты на аўтамабiлi зробяцца непад'ёмнымi?

15.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кажуць, размытнёўка на машыны можа вырасцi ў разы, калi з новага года Беларусь разам з Казахстанам i Расiяй стане ўдзельнiцай Мытнага саюза. Але "хапуна" на беларускiм рынку б/к аўтамабiляў пакуль няма. Можа быць, размовы пра падаражэнне — гэта лiшняя панiка?

Карэспандэнт "Звязды" разбiраўся, што адбываецца з коштамi на машыны i якiх зменаў на аўтарынку нам чакаць у найблiжэйшы час.

 

Машыны не даражэюць насуперак логiцы

Здавалася б, што з-за размоў пра адзiную мытную прастору беларусы павiнны кiнуцца набываць машыны. Калi ў Беларусi размытнёўка на аўто зробiцца такой жа, як у Расii, то кошты падскочаць на тысячы долараў, а то i ў разы. Па iдэi, у аўтааматараў застаецца два месяцы, каб набыць больш-менш танную машыну.

Карэспандэнт "Звязды" наведаўся на аўтарынкi, каб даследаваць, цi пачалiся падаражэннi напярэдаднi Новага года. А таксама прагартаў рэкламныя газеты з прапановамi набыць аўто i прыцанiўся да абвестак на iнтэрнэт-сайтах.

У жнiўнi я сам прадаў сваё "Рэно Клiа" 2000 года выпуску за 3500 долараў ЗША. Сёння такое ж аўто прапаноўваюць у сярэднiм за 3700 долараў. Але прадаўцы гатовыя скiнуць сотню-другую, калi пагодзiшся набыць машыну. Падобная сiтуацыя i па iншых малалiтражках — кошты амаль не паднялiся.

Замест "Рэно Клiа" ў жнiўнi набыў сабе эканамiчны турбадызельны "Нiсан Альмера" 2004 года выпуску — усяго за 7000 долараў. Трэба сказаць, што яшчэ год таму такая машына каштавала больш за 11 000 долараў.

Днямi на аўтарынку знайшоў такую ж "Альмеру" за 7300 долараў. З улiкам магчымай знiжкi — падаражэнне зноў жа нязначнае.

Папулярнае ў народзе турбадызельнае "Пежо-406" 2000 года выпуску каштуе сёння ад 5200 "зялёных" (белага колеру з праблемным рухавiком ) да 7000. Такiя кошты на "Пежо-406" трымаюцца ўжо доўгiя месяцы.

— Цэннiк калi i вырас, то гэта сезоннае павышэнне коштаў, так было заўсёды, — тлумачыць прафесiйны перагоншчык Андрэй Возераў. — Людзi не бяруць больш машын, хоць ужо даўно можна было пасiвець ад чутак пра павышэнне размытнёўкі. Ды i чуткi такiя ходзяць кожны год.

Яшчэ адзiн прафесiйны перагоншчык Максiм распавёў, што некаторыя яго калегi ўжо сёння сыходзяць з рынку.

— Хлопцы панабiралi машын, а прадаць iх не могуць, — з мацюкамi i адчаем у голасе жалiцца перагоншчык Максiм. — Людзi не купляюць. Нядаўна прадаў машыну сабе ў мiнус, уяўляеш? А калi ўвядуць новую размытнёўку, то ўсё — пусцiмся жабракамi па белым свеце!..

Эксперт: "Пасля Новага года размытнёўка можа не змянiцца"

Нават у выхадныя днi "хапуна" на папулярным народным аўтарынку я не пабачыў. "Няўжо размытнёўка не павысiцца?" — запытаўся карэспандэнт "Звязды" ў аўтарытэтнага аўтаэксперта Анатоля Шаўчэнкi, прэзiдэнта Беларускай аўтамабiльнай асацыяцыi.

<І>— "Залаты запас" у нашых людзей вычарпаны, а тыя, што маюць грошы, укладаюць iх сёння не ў аўтамабiлi, а ў нерухомасць, — лiчыць Анатоль Шаўчэнка. — Крэдыты людзi бяруць неахвотна, бо многiя апошнiм часам на гэтым апяклiся.

Перагоншчыкi спрабавалi гуляць на размовах пра павелiчэнне размытнёўкi. Гэта лагiчна: павялiчыцца размытнёўка — iстотна павялiчацца кошты. I застаецца апошнi шанц набыць аўто за прымальныя грошы. Але штучнае завышэнне коштаў не спрацавала. Ды i пытанне адзiнай мытнай прасторы застаецца адкрытым. У дыялогу з Расiяй у нас пакуль хапае супярэчнасцяў. Па заключэннях афiцыйных крынiц, падаражэнне аўтамабiляў пасля Новага года наўрад цi адбудзецца. Хоць нiхто не сцвярджае гэта на 100 працэнтаў.

Што будзе з Мытным саюзам (Беларусь, Расiя, Казахстан), i сапраўды пакуль незразумела. Праект новага Мытнага кодэкса падрыхтаваны, адзiныя мытныя тарыфы амаль узгодненыя. Толькi якой будзе размытнёўка на аўтамабiлi, чыноўнiкi пакуль не паведамляюць.

Цэльнай выглядае iдэя ўступлення Мытнага саюза ў Сусветную гандлёвую арганiзацыю (СГА), i гэта асноўная мэта. Але падобных прэцэдэнтаў уступлення ў СГА яшчэ не было, таму пытанняў застаецца шмат. Многае стане зразумелым у лiпені, калi ў Мiнску плануюць падпiсаць Мытны кодэкс краiн — сяброў Мытнага саюза.

Яўген ВАЛОШЫН.

Якiя кошты на б/У аўто  могуць нас чакаць?

Калi сёння ў Беларусi аўтамабiль з аб'ёмам рухавiка ў 2000 кубiчных сантыметраў 2000 года выпуску вы купiце за 6000 долараў (напрыклад, тое ж "Пежо-406"), то кошт такой машыны з размытнёўкай у Расii будзе аж 16 800 "зялёных".

Адкуль такая вялiзная разбежка? Прычына ў тым, што мытныя пошлiны на ўвоз замежных аўто ў Беларусi i Расii адрознiваюцца як неба i зямля.

Расiя ў крызiсныя часы абараняе ўласны аўтапрам. Размытнёўка ўзгаданай "Пежо-406" у суседзяў каштуе каля 12 тысяч долараў (4 еўра за кубiчны сантыметр). Беларуская размытнёўка за такое аўто ў дзесяць (!) разоў меншая —1200 долараў ЗША (0,4 еўра за кубiчны сантыметр). Яно i зразумела, легкавiкi ў нас выпускаюцца ў невялiкай колькасцi, абараняць няма чаго.

Калi размытнёўка аўтамабiляў у Беларусi стане такой жа высокай, як у Расii, то рынкi i былых у карыстаннi, i новых аўто ляснуцца.

Погляд збоку

Увядзенне ў Беларусi "расiйскай" размытнёўкi пакуль выклiкае сумневы. Беларусам гэта нявыгадна — аўтамабiлi па новых коштах немагчыма будзе набыць. Ёсць яшчэ адзiн аргумент супраць павышэння размытнёўкi. Калi мытная прастора зробiцца адзiнай, расiяне кiнуцца выкупляць танны па iх мерках беларускi "аўтахлам". Зноў жа аўтапрам суседзяў будзе пад пагрозай.

Але гарантаваць тое, што размытнёўка на аўто ў нас не павялiчыцца, нiхто не можа.

Лепш перастрахавацца i ўсё ж выбраць б/к аўтамабiль у найбліжэйшы час. Вiдавочна, што кошты не зробяцца меншымi, iначай перагоншчыкам няма сэнсу працаваць — нявыгадна. А вы, калi размытнёўка раптоўна павялічыцца, пасля Новага года не будзеце шакiраваныя новымi "атамнымi" коштамi, . 

 

НАЎЗДАГОН

Калi артыкул рыхтаваўся да друку, стала вядома пра тое, што Мытны кодэкс Беларусi, Расii i Казахстана павiнен запрацаваць да першага лiпеня 2010 года. Пра гэта паведамiў падчас адкрыцця пасяджэнняў трох камiсiй ЕўрАзЭС у Мiнску першы намеснiк мiнiстра замежных спраў Беларусi Iгар Петрышэнка.

Такiм чынам, да першага студзеня новага года ўнiфiкаваць новыя мытныя пошлiны, відаць, не паспеюць. А значыць, размытнёўка, аўтамабiляў так хутка не падаражэе.

Дакладная дата, калi Мытны кодэкс запрацуе, пакуль невядомая.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кажуць, размытнёўка на машыны можа вырасцi ў разы, калi з новага года Беларусь разам з Казахстанам i Расiяй стане ўдзельнiцай Мытнага саюза. Але "хапуна" на беларускiм рынку б/к аўтамабiляў пакуль няма. Можа быць, размовы пра падаражэнне — гэта лiшняя панiка? Карэспандэнт "Звязды" разбiраўся, што адбываецца з коштамi на машыны i якiх зменаў на аўтарынку нам чакаць у найблiжэйшы час.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика