Перапiс насельнiцтва: Дзяржаве трэба ведаць.... 21.by

Перапiс насельнiцтва: Дзяржаве трэба ведаць...

21.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Перапiсчыкам папрацавала карэспандэнт "Звязды" Настасся Занько

Перапiсны ўчастак № 5 Фрунзенскага раёна месцiцца ў танцавальным класе СШ № 116. Менавiта сюды сцякаюцца першыя звесткi перапiсной кампанii-2009. Тут застаюцца на ноч зялёныя партфелi перапiсчыкаў з запоўненымi бланкамi.

Першы дзень папярэдняга перапiсу я сустрэла не ў поўнай амунiцыi. На наш iнструктарскi ўчастак было выдзелена тры флiкеры, адзiн лiхтарык i свiсток. Як усё гэта дабро падзялiць памiж пяццю перапiсчыцамi, нiхто не ведаў. Не хапала таксама i беларускамоўных бланкаў. Мне iх выдалi толькi два. Праўда, пасля тэлефанаванняў у Нацыянальны статыстычны камiтэт бланкi ўсё ж з'явiлiся.

 

Мой участак — дом № 4 па вулiцы Сердзiча. Доўгi салатавы пяцiпавярховы будынак. Сем пад'ездаў i 115 кватэр — фронт працы на найблiжэйшы тыдзень.

— Наш дом — той яшчэ дом, — "узрадавала" жанчына з другога пад'езда. — Тут столькi алкаголiкаў i бамжоў.

Дарэчы, бамжоў я таксама павiнна перапiсваць. Аднак расштурхаць мужчыну, якi спаў на лаўцы каля трэцяга пад'езда, я так i не вырашылася. Ад яго несла перагарам за некалькi дзясяткаў метраў.

Паколькi асноўная маса людзей прыходзiла дамоў пад вечар, шчыра прызнаюся, хадзiць па пад'ездах у прыцемках было даволi страшна. I той факт, што цябе застрахавалi, не асаблiва суцяшаў.

Людзi прымалi перапiсчыка ў абсалютнай пераважнасцi добра, запрашалi на гарбату, расказвалi пра жыццё. Але ў 24 кватэрах мне не адчынiлi ўвогуле. Былi i катэгарычныя адмовы.

— Я не хачу ўдзельнiчаць у гэтым перапiсе! — крычаў, перагнуўшыся цераз парэнчы, мужчына ў спартовых штанах. — I нават не заходзьце да мяне.

Пра пасведчанне спыталi толькi тры чалавекi

— Добры дзень, перапiс насельнiцтва, — кажу я завучаную фразу (часам мне падаецца, што я яе ў сне паўтараць пачну).

— Пасведчанне ваша можна? — з парога спытаў падцягнуты мужчына ў чорных джынсах i вадалазцы.

Я працягнула паперку, мужчына прынёс з суседняга пакоя лупу i пачаў праз яе разглядаць дакумент.

Дарэчы, нягледзячы на ўсе папярэджаннi i апiсанне выпадкаў крадзяжу лжэперапiсчыкамi, пасведчанне ў мяне папрасiлi толькi тры чалавекi. У асноўным людзi, бачачы заплечнiк i значок на адзеннi, адчынялi i запрашалi зайсцi.

Добра гэта цi дрэнна, не ведаю.

Аднойчы ўзнiкла пытанне i наконт канфiдэнцыйнасцi.

Мужчына каля 50 у цяльняшцы i з татуiроўкай "Афганiстан", перш чым я пачала пiсаць, пацiкавiўся, цi гарантую я канфiдэнцыйнасць.

— Я ведаю, што вы падпiсвалi паперу аб нераспаўсюджаннi iнфармацыi. Таму я магу спадзявацца, што нi мае суседзi, нi хто iншы пра гэта не даведаюцца? — занепакоена спытаў ён.

Я запэўнiла мужчыну, што насамрэч падпiсала паперу. I акрамя мяне нiхто не даведаецца нi пра яго адукацыю, нi пра родную мову i г.д.

Так што, дарагiя чытачы, вы ўжо прабачце, але нiякiх iмёнаў, а тым больш нумароў кватэр у гэтым матэрыяле не знойдзеце.

"Гэта што — вопiс маёмасцi?"

Менавiта такую рэакцыю выклiкалi ў некаторых пытаннi наконт плошчы кватэры, каналiзацыi i водаправода.

...Другi пад'езд. Мяне сустракае жанчына гадоў сарака пяцi i яе дарослы сын. Мы праходзiм у пакой, дзе маленькая дзяўчынка гуляе на камп'ютары.

— Плошча вашай кватэры? Цi прыватызаваная яна? Цi ёсць яшчэ якое-небудзь жыллё ва ўласнасцi? — задаю пытаннi.

— Слухайце, што гэта такое? — абураецца жанчына. — Навошта такiя пытаннi? Каму якая рознiца, што ў мяне ёсць, а чаго няма?

— Камп'ютар ёсць? — гляджу ў вочы жанчыне.

— Гэта вопiс маёмасцi цi перапiс насельнiцтва? — ускрыквае жанчына.— Няма! — адказвае яна i абурана ўсклiкае: — Давайце перапiшам мой халадзiльнiк, а яшчэ патэльню!

Пажылая пара, якая папрасiла перапiсацца ў пад'ездзе, на пытанне пра камп'ютар засмяялася.

— А давайце кухонныя камбайны перапiсваць, — рагатаў мужчына.

— Не, лепш мясарубкi, — залiвалася яго жонка.

— У нас вунь капiтальны рамонт нiяк не могуць зрабiць, а вы пра каналiзацыю i гарачую ваду пытаецеся, — абураюцца жыхары.

Пытанне пра членаў домагаспадаркi выклiкае зусiм нечаканыя адказы.

— Я прыходжу ў адну кватэру i пытаю: хто ў вас пражывае, — расказвае мая калега Ларыса. — Мужчына называе сваё iмя, прозвiшча, пасля мацi, пасля яшчэ адно. Я ўсё гэта пiшу. "Апошнi хто?" — пытаюся. "Сабака", — без анiякай сарамлiвасцi адказвае ён.

Родная мова — трасянка?

Наконт мовы ў перапiсе ёсць цэлыя два пытаннi. Гэта — "ваша родная мова" i "на якой мове вы размаўляеце дома".

— Ваша нацыянальнасць? — пытаю я саракадвухгадовага мужчыну ў шэрым швэдары.

— Беларус.

— Родная мова?

— Беларуская.

— На якой мове размаўляеце дома?

— Гм... На рускай — чырванее мужчына, — хоць, пiшыце на трасянцы, як i ўсе.

Прыведзены дыялог — гэта стандартны дыялог у большасцi кватэр. Роднай мовай беларускую лiчыць большая частка жыхароў дома чатыры па вулiцы Сердзiча, аднак размаўляюць, у асноўным, па-руску цi на трасянцы. I самае цiкавае, што людзi вельмi няёмка сябе адчуваюць, калi роднай мовай прызнаюць беларускую, а дома размаўляюць па-руску. Многiя тады пачынаюць апраўдвацца.

— Мы ў школе яе не вучылi, — тлумачыць пяцiдзесяцiгадовая жанчына з другога пад'езда, — а дзе было яе больш вучыць i чуць?

— Вы ведаеце, я вельмi люблю сваю родную мову, — кажа працаўнiца хлебазавода, — але вось неабходнасцi ў ёй цяпер няма. Каб уся дакументацыя вялася па-беларуску, то тады, безумоўна, статус беларускай мовы падняўся б. Вось прыбалты ж здаюць экзамен на веданне роднай мовы. А ў нас што? Талерантнасць? Не, гэта прахадны двор, а не талерантнасць.

"Дзе працую, не скажу"

Блок пытанняў аб працы нярэдка выклiкае не меншае абурэнне, чым пытаннi пра кватэру.

— Што за незразумелыя пытаннi аб працы? Дзе хачу, там i працую, што, ужо i гэта забаронена? — раздражняецца трыццацiгадовы мужчына.

Больш за ўсё не разумеюць рэспандэнты пытання "Якую прадукцыю выпускае цi якiя паслугi робiць прадпрыемства, дзе вы працуеце".

— Пiшыце "харавая дзейнасць", — кажа жонка спевака фiлармонii. — А што? Якое пытанне, такi i адказ.

Ваш стан у шлюбе? — Так сабе

Так на пытанне пра шлюб адказаў чорнавалосы мужчына.

— А што? Няпраўда? — усмiхаецца ён. — Кажуць, калi жонка патрапiцца добрая, будзеш жыць шчаслiва, калi дрэнная — станеш фiлосафам.

Жанчын на маiм участку было шмат. Прычым большасць незамужнiх i бяздзетных. Гаварыць пра шлюб з iмi бывае вельмi цяжка.

— Я нiколi не была замужам, — адказвае адна жанчына, — а дзе знойдзеш таго адзiнага?

— Няма ў мяне дзяцей, — усхлiпвае другая, — неяк не пашчасцiла.

"Гэта лiчыцца?"

Дзверы мне адчынiла жанчына, якая не магла гаварыць. Дзякуй Богу, да яе ў госцi прыехала сяброўка. Напрыканцы я задаю пытанне, цi ёсць у яе дзецi. Жанчына захрыпела i хутка выйшла на балкон. Адтуль пачулiся ўсхлiпы.

— У яе адзіны сын памёр нядаўна. Яна з-за гэтага i захварэла, нават размаўляць не можа, — расказала сяброўка.

Аналагiчнае пытанне на нашым стацыянарным участку дзяўчаты задалi маладой жанчыне.

— У мяне было тры выкiдышы. Гэта лiчыцца? — ледзь не ў iстэрыцы спытала жанчына.

Яшчэ адзiн праблемны момант — пытаннi пра нябожчыкаў. Па правiлах, усiх памерлых пасля 14 кастрычнiка перапiсчыкi павiнны запiсаць жывымi. I псiхалагiчна цяжка распытваць у блiзкiх пра нябожчыка.

крызiс і перапiс

Наконт самаго перапiсу людзi выказваюцца па-рознаму. Большасць лiчыць, што краiне патрэбна ведаць, колькi чалавек у ёй пражывае.

Некаторыя сыходзяцца на тым, што з перапiсам Беларусi можна было пачакаць.

— Крызiс у свеце, а мы перапiс праводзiм, — кажа жанчына з трэцяга пад'езда.

— Ды навошта гэты перапiс, усё адно нiхто нiчога не скажа — наконт кватэр цi месца працы, — кажа мужчына з чацвёртага пад'езда.

— Гэта агульнасусветная практыка, — кажа дзядуля ў сiнiм палiто. — Дзяржаве трэба ведаць, якiя працэсы ў ёй адбываюцца...

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Перапiсчыкам папрацавала карэспандэнт "Звязды" Настасся Занько Перапiсны ўчастак № 5 Фрунзенскага раёна месцiцца ў танцавальным класе СШ № 116. Менавiта сюды сцякаюцца першыя звесткi перапiсной кампанii-2009. Тут застаюцца на ноч зялёныя партфелi перапiсчыкаў з запоўненымi бланкамi.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика