Усе жанры добрыя, акрамя сумнага. 21.by

Усе жанры добрыя, акрамя сумнага

21.11.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Акцёр, які напрыканцы 70-х паказаў усiм "кураня табака", правёў майстар-клас ва Унiверсiтэце культуры.

У пачатку сустрэчы са студэнтамi знакамiты расiйскi артыст i прадзюсар Леанiд Ярмольнiк шчыра прызнаўся, што нiколi ў жыццi майстар-класаў не даваў. "Я такой назвы насамрэч баюся. Прыйсцi i паказаць "кураня табака" — гэта не майстар-клас. Я назваў бы гэта ўсё ж такi размовай па iнтарэсах. Я адкрыты для любой тэмы, але тон павiнны задаваць вы".

"Фестываль атрымлiваецца"

— Быць запрошаным на "Лiстапад" — вялiкi гонар для любога акцёра. Хачу аддаць данiну павагi чалавеку, якi ўжо 16 гадоў непакоiцца аб кiнафестывалi. Я ведаю, як Расцiслаў Іванавiч перажывае, каб фестываль атрымаўся. I ён атрымлiваецца. Арыгiнальнасць i своеасаблiвасць беларускага кiнафестывалю заключаецца ў тым, што ў яго рамках праводзяцца сустрэчы накшталт нашай з вамi. Звычайна фестываль гэта, выключна, паказ фiльмаў, тусоўкi, п'янкi, новыя знаёмствы, сувязi i ўсё... За тры днi стамляешся, бо i выпiць столькi нельга, i знаёмiцца столькi немагчыма.

"Ала Пугачова дзялiла са мной першае месца"

— Сучасную моладзь адрознiвае, як мне здаецца, дрэннае паглыбленне ў гiсторыю. Маё пакаленне неяк больш звяртала ўвагу на старое кiно, на класiку. Сёння вельмi шмат маладых артыстаў, iмёны якiх запомнiць немагчыма. Яны ўсе здымаюцца з ранiцы да вечара. У 38 серыялах, у 150-серыйных фiльмах. Яны ўсё ўмеюць рабiць — i плакаць i думаць, але я чамусьцi iх не адрознiваю. Мяне ў свой час запомнiлi, як "кураня табака". Пантамiма запала тэлегледачам у душу. Але насамрэч гэта была секундная iмправiзацыя, якую мы прыдумалi з Сашкам Абдулавым у мяне дома. Я ў адзiн момант стаў знакамiтым. Ала Пугачова дзялiла са мной першае месца. Яна гэта сама гаварыла. Ведаеце, я нiколi не будаваў на гэтым кар'еру. Але зарабляць, шчыра скажу, стаў значна больш. Як толькi ты праявiш сваю iндывiдуальнасць i зоймеш сваю нiшу, адразу ж будзе вырашана пытанне з заробкам. А калi ты такi ж, як яшчэ 100 чалавек, то натуральна пачынаецца ўраўнiлаўка. Не ведаю, цi можна пра гэта гаварыць у Беларусi, але пачынаецца так званы сацыялiзм. Ва ўсiх заробкi па 110 рублёў... Але гэта сацыялiзм у горшым варыянце. Вось кiтайцы таксама лiчаць, што ў iх сацыялiзм, але ён лепшы за амерыканскi капiталiзм. Кiтайцы зараз зробяць ўсю планету. Ва ўсiх крызiс, а яны ў шакаладзе. Ва ўсiх ўсё ўпала, у iх усё ўс... (смяецца).

"Я дзiкi працiўнiк таго,  што здымаюцца фiльмы пра чачэнскую вайну"

— Я працiўнiк таго, што цяпер здымаюць фiльмы аб нядаўнiх падзеях. Перакананы, што каб паказаць усё правiльна i дакладна, павiнна прайсцi жыццёвая мiтусня i застацца толькi асноўнае. Прынамсi, фiльмы пра чачэнскую вайну — гэта заўсёды хлусня. I гэта могуць пацвердзiць яшчэ жывыя сведкi гэтай трагедыi. Усе гэтыя фiльмы, на мой густ, амаральныя. Вас цiкавiць, як я стаўлюся да фiльма Мiкiты Мiхалкова "12"? Гэта крадзеж, гэта кiно было ў амерыканцаў. Ён узяў проста i адаптаваў яго да нашай сiтуацыi. У канцы фiльма Мiхалкоў кажа вам — пойдзем i я пакажу, як правiльна жыць. Дайце толькi руку. Ён практычна Бог (смяецца). Мiкiта, несумненна, прафесiянал найвышэйшага класа, але... Я не вялiкi прыхiльнiк гэтай карцiны. Яе канцэпцыя мне не падабаецца. Мiкiта апошнi час гуляе ў нейкiя гульнi, i такое адчуванне, што некаму хоча дагадзiць. Як вы думаеце, каму?.. Але пры гэтым магу сказаць, што артысты, якiя там здымалiся, iгралi цудоўна.

"Пакуль яны мяне церпяць, я там сяджу"

— Я шмат гадоў сяджу ў журы ў праграме Маслякова. Наогул я лiчу, што КВЗ — гэта лепшая праграма на тэлебачаннi, з погляду яе чысцiнi, маладосцi, шчырасцi i адкрыццяў. Гэта перадавы атрад моладзi, якi правiльна жартуе, правiльна хвалюецца. Пры паспяховых гульнях жарты бываюць нестандартнымi. Неяк з iмi не старэеш. I пакуль яны мяне церпяць, я там сяджу. Сёння тэлебачанне запаланiлi гумарыстычныя праграмы. Усе, акрамя бадай адной, на мой густ, горшыя. Адзiная праграма, якая мне падабаецца, бо яе робяць вельмi таленавiтыя людзi, гэта "ПражэктарПэрысХiлтан". Ваня Ургант разумнiк. Я лiчуся чалавекам з пачуццём гумару, але яно прыблiзна 812 года (смяецца). Хуткасць у мяне iншая. Ваня ж жартуе нашмат хутчэй. За iм угнацца немагчыма. Што тычыцца "Камедзi клаб" i "Наша Раша", то не трэба валодаць асаблiвым талентам, каб так жартаваць. Азадак паказаў, пажартаваў з нагоды iмпатэнцыi i месячных: усё — поспех. Нейкi iншы гумар.

"Паспрачаўся з аднакурснiкамi, што голы перайду праспект"

— Вы, напэўна, ведаеце, што студэнт, якi паступае на акцёрскi, на першым курсе лiчыць сябе народным, на другiм курсе ён ужо заслужаны, на трэцiм — проста артыст, а на чацвёртым — г...но. Дык вось i мы, калi вучылiся на другiм курсе, лiчылi, што ўсё можам. Наогул усё. Вось я i паспрачаўся з аднакурснiкамi, што голы перайду праспект побач з кiнатэатрам "Кастрычнiк". Той, хто быў у Маскве, ведае. Зразумела, што ўвесь курс быў у курсе. Усе чакалi вiдовiшча. Ну я таксама не пальцам роблены: прызначыў гэты пераход роўна ў гадзiну ночы. Увесь дзень нiхто не сыходзiць з iнстытута. Я сваё слова стрымаў. Праўда, гэта быў крышку iншы час. Тады i транспарту менш было, i святла. Таму бачылi гэта толькi мае аднакурснiкi, бо раней у познi час у Маскве нiкога не было на вулiцы.

"Лепшага фiльма, чым "Той самы Мюнхгаўзен", няма"

— I не таму, што я там здымаўся. Там кожны кадр запамiнальны. Любога з вас падымi — i вы памятаеце ўвесь фiльм. Нямногiя фiльмы гэтым могуць пахвалiцца. Я шчаслiўчык, бо ў маладым узросце зняўся адразу ў двух фiльмах— "Сышчык" i "Той самы Мюнхгаўзен". Адразу пашчасцiла працаваць з Захаравым, Горыным, Янкоўскiм, Абдулавым... Гэта было нешта неверагоднае. Тады было менш прапаноў i, зразумела, любую прапанову здымацца я заўсёды, яшчэ не чытаючы сцэнару, прымаў. Цяпер жа перабiраю (усмiхаецца). Бывае, што месяц не здымаюся, два не здымаюся. Жонка часам кажа: "Вунь iншыя артысты здымаюцца, нават калi кiно дрэннае. Няхай яго нiхто глядзець не будзе, але ж грошы ты атрымаеш". Але сам працэс здымак у дрэнным кiно мяне... Я ведаю, што страчу на гэта вельмi шмат здароўя i нерваў. Таму пастараюся настолькi, наколькi хопiць мазгоў i здаровага сэнсу, вас не засмучаць тым, што звязана з маiм iмем, i як акцёр, i як прадзюсар.

"Зняцца ў дрэнным кiно — тое ж самае, што плюнуць у вечнасць"

— Не раю здымацца ў дрэнных фiльмах. Калi вам нецiкава, не трэба жыць iлюзiяй, што гэта будзе цiкава некаму iншаму. Нiкога вы, акрамя сябе, не падманеце. Гэтым прынцыпам кiруюся я. Хоць гэта часам нялёгка. Вось Валера Тадароўскi, мой партнёр шматгадовы, спадзяюся, i далей будзем працаваць, адкрыў вялiкую колькасць артыстаў, якiя сёння супер-зоркi. Машкоў, напрыклад, упершыню здымаўся ў фiльме Тадароўскага. Чулпан Хаматава таксама. I Жэня Мiронаў... Зараз мы з Валерам знялi фiльм "Стылягi". Тадароўскi адкрыў такiх маладых талентаў, як Максiм Матвееў, Антон Шагiн, Iгар Вайнаркоўскi... Я вам гарантую, што яны ў найблiжэйшыя тры-чатыры гады будуць суперзоркамi. Я, як прадзюсар, iх падчас здымкi фiльма перасцерагаў ад удзелу ў iншых праектах. Не паспееце стаць добрымi артыстамi, як вас сапсуюць, казаў iм. Не паслухалi. Пакуль выходзiлi "Стылягi", яны ўжо знялiся ў пяцi-шасцi фiльмах. Адзiн горшы за другi. Я згодны, што "зняцца ў дрэнным кiно — тое ж самае, што плюнуць у вечнасць". Дакладней, прабачце, "на... у вечнасць". Гэтак казала Фаiна Георгiеўна Ранеўская, ёй дазволена.

"Я тры месяцы ўгаворваў Янкоўскага здымацца ў рэкламе"

— Алег Iванавiч Янкоўскi вельмi старанна выбiраў ролi для кiно. Месяцамi вырашаў здымацца цi не. Таму ў яго няма дрэнных роляў. I вось яму прапанавалi стаць тварам аўтамабiля "Вольва". Прапаноўвалi за гэта вельмi добры ганарар. Я тры месяцы ўгаворваў Алега здымацца ў рэкламе. Ён так i не згадзiўся. Зразумела, нельга акцёру, якi сябе паважае, рэкламаваць пракладкi цi каўбасу. Мне балюча глядзець на Лену Якаўлеву, калi яна рэкламуе пральны парашок. Цудоўная ж актрыса. Але ёсць рэчы, рэкламаваць якiя не сорамна. Цi згадзiўся б я здымацца ў рэкламе? Не прапаноўваюць цяпер, бо ведаюць, што адмоўлюся. Але (задумаўся)... я авантурыст па натуры, калi я доўга думаю, дзе мне ўзяць грошы на новае кiно, i тут мне прапаноўваюць зняцца ў рэкламе за 5 мiльёнаў долараў, тут жа пагаджуся. Разумееце чаму? Бо ў мяне будзе маральнае апраўданне: я зняўся ў рэкламе i атрымаў за гэта такiя вялiкiя грошы, на якiя змагу зняць яшчэ адно кiно з Тадароўскiм. Але пяць мiльёнаў нiхто нiколi не прапануе. А за 50 тысяч — нiколi.

"У мяне такое адчуванне, што яны мяне кiнулi"

— Сашкi Абдулава ўжо няма амаль два гады, 20 лiстапада будзе паўгода, як сышоў Алег Янкоўскi. Я страцiў сваiх самых блiзкiх сяброў, меркаванне якiх для мяне было самым важным. Я ўзгадваю Абдулава, Янкоўскага, бо не ўзгадваць iх не магу. Дагэтуль не магу звыкнуцца з думкай, што iх няма. У мяне быў нават комплекс, такое адчуванне, што яны мяне кiнулi. Што датычыцца Алега, то нам не трэба было пачынаць размову з пачатку, мы маглi пачынаць з канца. Сёння ў мяне няма чалавека, якi б мяне да такой ступенi разумеў i якога б я так разумеў. Мне ў жыццi больш за ўсё пашанцавала, што я быў сярод гэтых людзей.

"Глядзець i бачыць, слухаць i чуць"

— Гадоў да 45 я наогул не звяртаў увагi на надвор'е. Мне было абсалютна абыякава — снег на дварэ цi дождж, сцюдзёна цi душна. Я ўвесь час працаваў. Раней я не чуў, як спяваюць птушкi, клянуся. Не звяртаў увагi на тое, якiмi прыгожымi бываюць кветкi, дагледжанымi газоны. Гэта апошнiя пяць-сем гадоў я стаў бачыць i чуць. I вельмi шкадую,што не раней. Пастарайцеся быць у гэтым сэнсе больш мудрымi за мяне, пастарайцеся ўсё прыкмячаць. Не проста глядзець, але i бачыць, не проста слухаць, але i чуць. Вакол вельмi шмат прыгажосцi i яна робiць ваша жыццё больш напоўненым.

Надзея ДРЫЛА.

Подпiс пад фота: "Спадзяюся, што дзякуючы маiм парадам вы дапусцiце ў жыццi менш памылак".

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Акцёр, які напрыканцы 70-х паказаў усiм "кураня табака", правёў майстар-клас ва Унiверсiтэце культуры. У пачатку сустрэчы са студэнтамi знакамiты расiйскi артыст i прадзюсар Леанiд Ярмольнiк шчыра прызнаўся, што нiколi ў жыццi майстар-класаў не даваў. "Я такой назвы насамрэч баюся. Прыйсцi i паказаць "кураня табака" — гэта не майстар-клас. Я назваў бы гэта ўсё ж такi размовай па iнтарэсах. Я адкрыты для любой тэмы, але тон павiнны задаваць вы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика