Неабходна стварыць рынак сацыяльных паслуг. 21.by

Неабходна стварыць рынак сацыяльных паслуг

18.12.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Па вынiках наступнага года сярэдняя зарплата па Беларусi павiнна выйсцi на адзнаку 500 долараў у эквiваленце. Але гэта — задача на заўтра. Пакуль жа з прычыны неспрыяльнага развiцця сусветнай эканомiкi тэмпы росту заробкаў у нашай краiне нiжэйшыя за прагнозныя. Як заўважыў намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў, паводле ацэнак, сёлета рэальная, з улiкам iндэксу цэнаў на тавары i паслугi, зарплата складзе ўсяго 99 працэнтаў ад узроўню мiнулага года.

Прастоi павялiчаць беспрацоўе?

Шматлiкiя даследаваннi сведчаць пра тое, што галоўнай крынiцай даходаў беларусаў традыцыйна застаецца менавiта зарплата. Прычым, як заўважыў падчас рэспублiканскага семiнара "Рэгiянальная сацыяльная палiтыка: праблемы i пошук рашэнняў" Iгар Старавойтаў, паступовае павелiчэнне як намiнальных, так i рэальных заробкаў адзначалася практычна ўвесь апошнi час. Адначасова не адбылося рэзкага "разрыву" ў аплаце працы. За 10 месяцаў сёлета рознiца ў сярэднiх заробках па асноўных галiнах эканомiкi склала 3, а рознiца ў сярэднiх заробках памiж рэгiёнамi без улiку сталiцы — 1,1 раза.

Пры гэтым паралельна адбывалася павышэнне пенсiй. На працягу апошнiх гадоў выдаткi на фiнансаванне пенсiйных выплат адпавядалi 10-11 працэнтам валавога ўнутранага прадукту, суадносiны сярэдняй пенсii па ўзросце i сярэдняй зарплаты не апускалiся нiжэй рысы ў 40 працэнтаў. Як вынiк, скарацiлася колькасць грамадзян, якiя атрымлiваюць пенсiю на ўзроўнi або нiжэй за ўзровень бюджэту пражытковага мiнiмуму. Калi ў снежнi 1996 года доля такiх пенсiянераў дасягала 94,9, то ў снежнi мiнулага года яна знiзiлася да 5,7 працэнта.

Нарэшце, адыграла сваю ролю паступовае павышэнне "дзiцячых" выплат i адраснай сацыяльнай дапамогi. Да слова, некаторыя ўмовы для выдзялення апошняй павiнны змянiцца ўжо ў найблiжэйшы час — у прыватнасцi, з 1 студзеня ў Беларусi ўводзiцца сацыяльная дапамога на аплату тэхнiчных сродкаў рэабiлiтацыi, узрастае са 120 да 150 працэнтаў бюджэту пражытковага мiнiмуму "планка даходу" пры аднаразовых адрасных выплатах. З улiкам гэтага ў наступным годзе колькасць атрымальнiкаў адраснай сацыяльнай дапамогi можа павялiчыцца прыкладна ўдвая — да 308 тысяч чалавек.

Як заўважыў Iгар Старавойтаў, павышэнне заробкаў, пенсiй i дапамог прывяло да скарачэння маштабаў малазабяспечанасцi. З 2001 па 2008 год рэальныя грашовыя даходы беларусаў узраслi практычна ў тры разы, а доля насельнiцтва з даходамi, нiжэйшымi за рысу бюджэту пражытковага мiнiмуму, зменшылася з амаль 42 да 6,1 працэнта. Пры гэтым не адбылося рэзкага "расслаення" па ўзроўнi дабрабыту. Суадносiны даходаў 10 працэнтаў найбольш i найменш забяспечаных грамадзян краiны склалi 5,9 раза. Напрыклад, у Расiйскай Федэрацыi падобны паказчык у 1,7 раза вышэйшы.

Разам з тым, паводле слоў Iгара Старавойтава, уплыў на эканомiку Беларусi сусветнага эканамiчнага крызiсу прывёў да скарачэння тэмпаў росту рэальных даходаў i павелiчэння долi малазабяспечанага насельнiцтва. У III квартале сёлета адносна аналагiчнага перыяду летась узровень беднасцi павялiчыўся i склаў у цэлым па краiне 7,3 працэнта, прычым найбольшая ўдзельная вага малазабяспечаных жыхароў адзначаецца ў Брэсцкай, Вiцебскай, Гомельскай i Магiлёўскай абласцях.

Яшчэ адным "няпростым момантам" стала сiтуацыя на рынку працы. З аднаго боку, сёлета павялiчылася колькасць эканамiчна актыўнага насельнiцтва, захаваўся нiзкiм (менш за 1 працэнт па стане на 1 снежня) агульны ўзровень зарэгiстраванага беспрацоўя. Аднак у той жа час застаецца актуальнай праблема занятасцi ў шэрагу рэгiёнаў, скарачаецца колькасць вакансiй, адчуваецца неадпаведнасць памiж прапановамi працоўнай сiлы i попытам на прафесii, па дапамогу ў працаўладкаваннi стала звяртацца больш мужчын. I цi не галоўнае — узраслi паказчыкi працы ў няпоўным рэжыме. Паводле звестак статыстыкi, у сёлетнiх студзенi—кастрычнiку ў "скарочаным фармаце" былi занятыя 3273 тысяч чалавек — у 4,6 раза больш, чым за такi ж час летась. Прычым ёсць усе падставы меркаваць: вымушаная няпоўная занятасць можа прывесцi да росту паказчыкаў "афiцыйнага" беспрацоўя.

— Мы прагназуем, што ў 2010 годзе адбудзецца пэўнае павелiчэнне зарэгiстраванага беспрацоўя, — кажа начальнiк галоўнага ўпраўлення палiтыкi занятасцi i народанасельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Мiкалай Коханаў. — Так, зразумела: для забеспячэння прагнозных паказчыкаў па павелiчэннi вытворчасцi працы i росце сярэдняй зарплаты шмат якiя неканкурэнтаздольныя прадпрыемствы будуць вымушаныя iсцi на скарачэнне працоўных месцаў. Плюс да таго, нельга скiдваць з рахункаў пэўныя тэндэнцыi. У найблiжэйшай гiсторыi мы мелi два выпадкi ўсплёску "недазанятасцi", i два разы назiралася па сутнасцi адна i тая ж з'ява. У 1995 годзе "недазанятасць" дасягнула амаль мiльёна чалавек. У 1996-м няпоўная занятасць стала змяншацца, затое ўзровень зарэгiстраванага беспрацоўя ўзрос — з 2,9 да 4 працэнтаў. Аналагiчная сiтуацыя паўтарылася ў 2002 i 2003 гадах.

"Праблемныя пункты" раёнаў

Тэма беспрацоўя перш-наперш актуальная для невялiкiх раёнаў. Даводзiцца канстатаваць, што перш-наперш дзякуючы стварэнню новых вакансiй у шэрагу праблемных рэгiёнаў узровень беспрацоўя змаглi зменшыць удвая, а ў Ганцавiцкiм i Пастаўскiм раёнах — амаль у чатыры разы. Пры гэтым стаiць задача: па вынiках наступнага года беспрацоўе ў малых гарадах не павiнна перавышаць адзнаку ў 1 працэнт.

— У той жа час мы не павiнны абмяжоўвацца толькi малымi гарадамi, цi не ў кожным раёне ёсць i iншыя "праблемныя пункты" — напрыклад, былыя ваенныя гарадкi цi прадпрыемствы, што працуюць на мясцовай сыравiне, — лiчыць Мiкалай Коханаў. — Таму мы перакананыя, што неабходна прааналiзаваць сiтуацыю i ў перспектыве распрацаваць стратэгiю развiцця па кожным населеным пункце.

Мiж тым, рэгiёны насамрэч маюць сваю спецыфiку. Як паказала даследаванне, праведзенае ў рамках сумеснага праекта мiнiстэрства i ПРААН на тэрыторыi "сярэдняга" па многiх паказчыках Слонiмскага раёна, жыхары перыферыi вызначаюцца меншай ступенню эканамiчнай актыўнасцi. I пры гэтым ускладаюць большыя надзеi на дзяржаўныя службы занятасцi. На рэгiянальным рынку працы назiраецца параўнальна высокi попыт на рабочыя спецыяльнасцi, тут цяжэй уладкавацца выпускнiкам школ i асобам ва ўзросце больш за 50 гадоў, аднак у той жа час у глыбiнцы нiжэйшыя доля беспрацоўных з вышэйшай адукацыяй.

Iснуюць i iншыя асаблiвасцi. Вiдавочны "плюс" рэгiёнаў — менш вострая жыллёвая праблема. Аднак раёны маюць менш варыянтаў працаўладкавання, тут большая доля стратных прадпрыемстваў i, адпаведна, нiжэйшая зарплата. Таксама "мiнус" — i недастатковая сацыяльная iнфраструктура. Пэўным дэфiцытам тых жа спартыўных аб'ектаў цi пунктаў грамадскага харчавання можна патлумачыць такую з'яву, як больш хуткi рост паказчыкаў спажывання алкагольных напояў. Прычым падобная акалiчнасць уплывае на ўзровень беднасцi не менш, чым тыя ж заробкi.

Сацпаслугi ў рынкавым фармаце

Аднак не менш значны для якасцi жыцця паказчык — даступнасць сацыяльных паслуг. I асаблiва ў краiнах з высокай доляй пажылога насельнiцтва. У Беларусi налiчваецца 71 дом-iнтэрнат, у рэгiёнах працуюць 156 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. Сацыяльныя работнiкi рэгулярна наведваюць больш за 80 тысяч пенсiянераў i iнвалiдаў, аказваюць аднаразовыя бытавыя паслугi, а ў асобных раёнах створаныя гаспадарчыя брыгады, якiя займаюцца дробным рамонтам жылля, нарыхтоўкай палiва, апрацоўкай прысядзiбных участкаў. Усё гэта ёсць. Аднак, мяркуюць у Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны, з улiкам дэмаграфiчных рэалiй трэба шукаць i новыя падыходы.

— У нас дзейнiчае шэраг сацыяльных праграм, прычым сродкi на iх выкананне не скарачаюцца, — заў- важае мiнiстр працы i сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткiна. — У той жа час мы лiчым, што сацыяльнай падтрымкай павiнна займацца не толькi дзяржава, але больш актыўна — i грамадскiя аб'яднаннi. Нам неабходна стварыць рынак сацыяльных паслуг — гэта дазволiць павялiчыць iх "набор", павысiць якасць i зменшыць кошт. I ў сiтуацыi, калi доля пажылога насельнiцтва ўзрастае, попыт на такiя паслугi будзе толькi павышацца.

Сёння ва ўсiм свеце прызнана: дзякуючы прыцягненню добраахвотнiкаў i сродкаў мецэнатаў, меншым адмiнiстрацыйным выдаткам, сацыяльныя паслугi грамадскiх арганiзацый атрымлiваюцца таннейшымi. Апроч таго, тыя ж грамадскiя аб'яднаннi хутчэй рэагуюць на попыт. Адсюль iснуе практыка — на падставе конкурсаў канкрэтных праектаў недзяржаўныя арганiзацыi атрымлiваюць своеасаблiвы "заказ" на аказанне той або iншай сацыяльнай дапамогi. А выкананне гэтага заказу падмацоўваецца дзяржаўнай падтрымкай.

Гэта можа быць непасрэднае бюджэтнае фiнансаванне. А можа быць "ускосная" дапамога — выдзяленне дзяржмаёмасцi бясплатна або па знiжаных стаўках, частковае вызваленне ад падаткаў iндывiдуальных цi карпаратыўных ахвярадаўцаў, словам, стымуляванне дабрачыннасцi. Але ў любым выпадку права на сацыяльны дзяржаўны заказ даецца толькi некамерцыйным арганiзацыям. А дзе-нiдзе адбываецца i рэгуляванне тарыфаў на паслугi.

— На рынку сацыяльных паслуг дзяржава i некамерцыйныя арганiзацыi не павiнны быць канкурэнтамi, кожны мусiць заняць пэўную нiшу, займацца "сваiмi" паслугамi — у вынiку ў чалавека з'явiцца магчымасць выбiраць той або iншы вiд падтрымкi, — падкрэслiвае загадчык сектара развiцця сiстэмы страхавання i сацыяльнай дапамогi НДI працы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Iрына Курапаценкава. — Дарэчы, сiстэма дзяржаўнага сацыяльнага заказу будзе ўводзiцца i ў Беларусi. Намi ўжо вывучаны мiжнародны досвед, распрацавана працэдура фармiравання сацыяльнага заказу, а задача на наступны год — падрыхтоўка адпаведных нарматыўных дакументаў. I асаблiва важны момант у гэтай справе — вызначэнне механiзму перадачы фiнансавых сродкаў. У прыватнасцi, нельга не заўважыць: цяпер грамадскiя арганiзацыi ў Беларусi ўдзельнiчаць у конкурсах на атрыманне бюджэтных грошай для аказання сацыяльнай дапамогi проста не маюць права.

Сяргей ГРЫБ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па вынiках наступнага года сярэдняя зарплата па Беларусi павiнна выйсцi на адзнаку 500 долараў у эквiваленце. Але гэта — задача на заўтра. Пакуль жа з прычыны неспрыяльнага развiцця сусветнай эканомiкi тэмпы росту заробкаў у нашай краiне нiжэйшыя за прагнозныя. Як заўважыў намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў, паводле ацэнак, сёлета рэальная, з улiкам iндэксу цэнаў на тавары i паслугi, зарплата складзе ўсяго 99 працэнтаў ад узроўню мiнулага года.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика