Спакойны выбар украінцаў. 21.by

Спакойны выбар украінцаў

10.02.2010 12:42 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

7 лютага Украіна зрабіла спакойны выбар. На гэты раз на поўдні ад Беларусі не кіпелі жарсці, як восенню 2004 года. Людзі стаміліся ад палітыкі і хочуць паляпшэння матэрыяльнага дабрабыту. Рэпартаж з Львова.

«Вони однакові»

5 лютага, за два дні да другога тура выбараў прэзідэнта Украіны, у Львове не адчувалася ніякай палітычнай актыўнасці. На плошчы Свабоды стаялі толькі дзве адзінокія палаткі — блоку Юліі Цімашэнкі, а таксама адной з нацыяналістычных партый. Прадукцыю Віктара Януковіча ўвогуле ніхто не распаўсюджваў.

Часцей можна было сустрэць налепкі з надпісам «Вони однакові» з выявай абодвух кандыдатаў, чым іхнія агітацыйныя плакаты. Па першых размовах з украінцамі — таксістамі, работнікамі гатэля — адчувалася, што нічога добрага ад гэтых выбараў яны не чакаюць. А нядзельны паход да выбарчых скрынак разглядаюць як выбар паміж двух ліхаў. Меншых злом львавяне палічылі ўкраінскамоўную Цімашэнка. За яе тут прагаласавала больш за 80% выбарцаў. Але асаблівага энтузіязму ў іх не адчувалася.

Той жа Януковіч перад самымі выбарамі зноў адзначыўся сваім красамоўствам. У Львове ён заявіў, што жыхары гэтага гораду «найлепшы генацыд краіны». Калі яго паправілі, што «генафонд», то кандыдат у прэзідэнты не сумеўся і адразу зазначыў, што генафонд таксама. А на пытанне: якая галоўная задача будзе стаць перад ім, калі ён стане прэзідэнтам, адказ быў — татальная беднасць.

Затое амаль усе досыць прыхільна ставіліся да новых твараў у палітыцы — Сяргея Цігіпкі і Арсеня Яцанюка. У першым туры вялікі працэнт у гэтым рэгіёне атрымаў і Віктар Юшчанка, які набраў аднолькава з Цімашэнка. Львоўшчына аказалася ці не адзіным рэгіёнам Украіны, дзе выбарцы не расчараваліся ў дзейсным прэзідэнце.

Іконы на кабінках

За самімі выбарамі я сачыў у невялічкім мястэчку Гарадок, што за 30 кіламетраў ад Львова. Насельніцтва мястэчка цяпер складае ўсяго 15 тысяч чалавек. Тым не менш, яно мае багатую гісторыю — яшчэ ў 1389 годзе Гарадок атрымаў Магдэнбургскае права.

Уніяцкая Львоўшчына застаецца вельмі набожнай. Людзі паміж сабой нават не вітаюцца ў гэтыя дні «Добры дзень», а кажуць «Хрыстос нарадзіўся». Моладзь таксама ідзе да царквы. На некаторых участках іконы віселі проста над кабінкамі для галасавання.

Нас папярэджвалі, што назіральнікі ад Цімашэнкі і Януковіча будуць выліваць адзін на аднаго бруд. Шукаць парушэнні. Але нічога падобнага не бачыў. Назіральнікі ад абодвух кандыдатаў сядзелі побач і жартавалі.

Увогуле, спрэчку наконт таго, за каго галасаваць пабачыў толькі адну. Адзін падпіты мужык пытаўся ў іншага: за каго галасаваў? За Януковіча, адказаў той. Н…й мне той зэк, адказаў першы. Так завязалася слоўная перапалка. Але да бойкі справа не дайшла.

Выбары без буфетаў, але з празрыстымі скрынямі

Былы вайсковец з Партыі рэгіёнаў Алег Вендзібура шчыра прызнаваўся, што ў першым туры ён галасаваў за Яцанюка. Кажа, што дарогу трэба даваць маладым. Размаўляе выключна па‑ўкраінску і смяецца з нашых хваляванняў, што пры Януковічу правы украінскамоўных могуць ушчамляцца.

«Тут у нас усё спакойна. Гэта толькі на расійскім тэлебачанні нагнятаюць жарсці, што тут абы‑якое творыцца. Не ведаю, для чаго гэта робіцца», — кажа Вендзібура.

У выбарчых камісіях прадстаўніцтва кандыдатаў у прэзідэнты было на поўным парытэце. Калі старшыня камісіі ад Цімашэнка, то сакратар ад Януковіча, і наадварот. Скрыні празрыстыя. Кожны бачыць, колькі бюлетэняў кідаецца туды. Датэрміновага галасавання няма. Нам такое і снілася.

Ніякіх буфетаў таксама не было. Людзі проста прыходзілі на ўчастак, дзе кідалі бюлетэнь, і вярталіся дадому.

Дарэчы, у выбарчых камісіях, як нам тлумачылі, было шмат беспрацоўных. Гэта някепская магчымасць зарабіць 80 даляраў.

З’язджаюць у Партугалію

У першым і другім турах выбарах на заходніх абласцях Украіны была найменшая яўка выбарцаў. Тлумачыцца гэта вельмі проста. Шмат хто з гэтага рэгіёна выязджае на заробкі легальныя ці нелегальныя ў краіны Еўрасаюзу. Мужчыны ў асноўным едуць у Партугалію будаўнікамі, а жанчыны — у Італію ў сферы абслугі.

Настаўнікі скардзяцца на тое, што бацькі пакідаюць дзяцей на дзядоў і бабуляў, а тыя не даюць рады выхаванню падлеткаў.

На адным з участкаў размаўляў з хлопцам, якому 26 гадоў. Ён скончыў медуніверсітэт, але працы не мае. Жанаты, мае дваіх дзяцей. Пасля я запытаўся ў старшыні камісіі, за якія грошы ён жыве. Адказ уразіў: за тыя, што мама з Італіі дасылае.

Усе скардзяцца на малыя заробкі, хабарніцтва, беспрацоўе. Людзі стаміліся ад палітыкі і хочуць паляпшэння матэрыяльнага дабрабыту. Беларусь на гэтым фоне ім падаецца ці не эталонам.

«Бацька — пахан»

Ва Украіне існуе мноства міфаў пра Беларусь. Амаль усе аднагалосна кажуць, што ў нас «дужа гарная краіна і дужа гарны прэзідэнт». Пыталіся, ці праўда, што заробкі ў Беларусі складаюць 3000 даляраў, а машыны з Захаду можна ўвозіць бясплатна.

Прыходзіцца пагадзіцца з філосафам Міколам Рабчуком, які лічыць, што ўкраінцы б выбралі Лукашэнку прэзідэнтам.

Ніна Пілат, старшыня камісіі ў Народным доме (наш Дом культуры), кажа, што Юшчанку не стае дысцыпліны, што ён не ўмее стукнуць кулаком па стале, як Лукашэнка. «Я не супраць, каб на вярхах багата жылі. Ваш таксама не жабруе, — кажа спн.Пілат. — Але дысцыпліна мусіць быць».

Сын Ніны Пілат цяпер жыве ў Беларусі. З’ехаў на падпрацоўку на Бярозаўскую ГРЭС. У Белаазёрску знайшоў дзяўчыну з дзіцём («нейкі мінскі вядомы тэнісіст зрабіў»), з якой і ажаніўся. Сын вельмі задаволены, што трапіў у Беларусь. Пілат таксама бывае ў Белаазёрску. Прызнае, што ў Беларусі людзі крыху застрашаныя.

Малады беспрацоўны хлопец, які атрымаў адукацыю па ландшафтным дызайне, крычаў: «Лукашэнка — пахан. Яго ўсе баяцца, я б за такога прагаласаваў».

Толькі настаўнік гісторыі Яраслаў Вендрэль казаў, што Гітлер і Мусаліні таксама пачыналі з эканамічнага ўздыму, але чым гэта кончылася? І параўноўваў іх з Лукашэнкам.

Даводзілася жартаваць, што ва Украіне зараз таксама беларус будзе прэзідэнтам, намякаючы на беларускія карані Януковіча.

Януковіч — часовы прэзідэнт

У нядзелю вечарам у Львове ўсё было да непрыстойнасці ціха. Ніхто не выходзіў пратэставаць. Людзі разглядаюць новага прэзідэнта як часовую з’яву, з якой звязваюць мала спадзяванняў на будучыню.

Ёсць толькі вера, што на фоне, чаго хаваць, абрыдлых для выбарцаў Цімашэнкі і Януковіча вырастуць новыя палітыкі. І перад Цігіпкам і Яцанюком на гэтым фоне адкрываюцца выдатныя далягляды.

Спаўзання Украіны ў бок аўтарытарызму людзі не баяцца. У нашай паўднёвай суседкі ўжо ўсталявалася стабільная палітычная сістэма, якая не дазволіць прэзідэнту істотна пашырыць свае паўнамоцтвы.

За Януковічам стаяць алігархі, якія можа найменш за ўсіх зацікаўленыя ў правядзенні ва Украіне прарасійскай палітыкі.

На гэты раз Украіна зрабіла спакойны выбар.

Зміцер Панкавец, Львоў—Гарадок—Мінск

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
7 лютага Украіна зрабіла спакойны выбар. На гэты раз на поўдні ад Беларусі не кіпелі жарсці, як восенню 2004 года. Людзі стаміліся ад палітыкі і хочуць паляпшэння матэрыяльнага дабрабыту. Рэпартаж з Львова.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика