Чым больш фарбаў, тым багацей палітра. 21.by

Чым больш фарбаў, тым багацей палітра

07.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наш дом — Беларусь

Развіваючы сваю культуру і традыцыі, нацыянальныя аб'яднанні ў Беларусі ўзбагачаюць і саміх беларусаў

Пра гэта ўчора на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміў кансультант аддзела па справах нацыянальнасцяў і прававой справе апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Міхаіл РЫБАКОЎ.

— Развіваючы сваю культуру, этнакультурныя грамадскія аб'яднанні ўзбагачаюць беларускае грамадства ўяўленнямі пра каштоўнасці сваіх народаў і пашыраюць палітру яго культурнай разнастайнасці, — сказаў Міхаіл Рыбакоў. — Захаванне стабільных мірных міжэтнічных адносінаў і развіццё канструктыўнага дыялогу культур як у кожным асобным рэгіёне, так і ў рэспубліцы ў цэлым, — планамерны вынік правядзення дзяржаўнай палітыкі і адно з найважнейшых дэмакратычных дасягненняў Беларусі ў гэтай сферы. Беларуская дзяржава паслядоўна праводзіць у жыццё прынцыпы сваёй дэмакратычнай нацыянальнай палітыкі, накіраванай на свабоднае развіццё культур, моў, традыцый усіх этнакультурных таварыстваў.

У Беларусі зарэгістравана 124 грамадскія аб'яднанні грамадзян 25 нацыянальнасцяў. Усімі аб'яднаннямі накоплены значны вопыт культурна-асветніцкай, адукацыйнай, інфармацыйнай і дабрачыннай дзейнасці. Этнакультурныя аб'яднанні увесь час атрымліваюць падтрымку ад дзяржавы — фінансавую, прававую, арганізацыйна-метадычную.

Напачатку чэрвеня ўжо ў восьмы раз у Гродне будзе праводзіцца фестываль нацыянальных культур, які па сваёй грандыёзнасці і ўзроўню не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. Кожны год фестываль адрозніваецца ад папярэдніх, мае нейкую іскрынку. Якая будзе сёлета, пакуль трымаецца ў сакрэце, але ўсе этнакультурныя аб'яднанні актыўна рыхтуюцца да ўдзелу і паказваюць на папярэдніх этапах конкурсу сваіх лепшых прадстаўнікоў.

Ужо аб'яўлены конкурс паміж журналістамі і СМІ на лепшае асвятленне тэмы міжнацыянальных адносін у Беларусі.

Нацыянальныя аб'яднанні возьмуць таксама самы актыўны ўдзел у святкаванні 65-годдзя Вялікай Перамогі. Выступленні нацыянальных калектываў на ўсіх знакавых мерапрыемствах краіны даўно ўжо стала добрай традыцыяй.

Міжнароднае грамадскае аб'яднанне казахаў "Ата-мекен" выдала кнігу "Беларусь — Казахстан — баявое братэрства", прысвечаную казахстанцам, якія ў складзе Чырвонай Арміі вызвалялі Беларусь ад фашысцкіх захопнікаў. Аб'яднанне мае сваіх герояў і свае помнікі на тэрыторыі Беларусі, імёнамі казахаў названы вуліцы Мінска і іншых гарадоў.

Вялікая Айчынная вайна навекі звязала Беларусь і з Дагестанам. Дзякуючы пошукавым работам у далёкія каўказскія пасёлкі і гарады яшчэ працягваюць вяртацца салдаты, якія аддалі свае жыцці на нашай зямлі больш за 65 гадоў таму.

Сёлета ў гонар 65-годдзя Перамогі запланавана акцыя пасадкі дрэваў прадстаўнікамі ўсіх нацыянальных аб'яднанняў. Месца і дата яшчэ ўдакладняюцца. Аднак, безумоўна, гэтая акцыя стане сапраўдным святам. Бо будуць таксама выступленні, сустрэчы, нараджэнне новых ідэй і стасункаў.

Не толькі агульнае мінулае звязвае беларусаў і прадстаўнікоў іншых народаў. Дзень сённяшні, з яго клопатамі і праблемамі, аб'ядноўвае людзей розных нацыянальнасцяў і культур.

— У Беларусі ў нас ёсць клас, дзе выкладанне вядзецца на арабскай мове, — расказаў Камаль ХАСАН, старшыня міжнароднага грамадскага аб'яднання "Палесцінская абшчына". — Цяпер мы марым адкрыць цэлую школу, бо ў нашай дыяспары ўжо нарадзілася і падрасла дастатковая колькасць дзяцей.

Школу, дзе ёсць магчымасць навучаць дзяцей на мове продкаў, мае афганская дыяспара, пра што расказаў намеснік старшыні Міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі афганскіх бежанцаў "Афганская абшчына" Мохманд БЕСМІЛАХ.

З паўтары тысячы афганцаў, якія жывуць у Беларусі, больш за трэць маюць статус бежанцаў.

Вялікую працу па набліжэнні Беларусі і Турцыі праводзіць грамадскае аб'яднанне "Дыялог Еўразія".

— Мы возім у Турцыю журналістаў, пісьменнікаў, каб паказаць ім нашу краіну, дамовіцца пра больш цеснае супрацоўніцтва ў сферы літаратуры, інфармацыі, — расказаў дырэктар аб'яднання Іхсан ДЗІЛЕКЧЫ. — Ёсць ужо дагавор паміж вядучымі інфармацыйнымі агенцтвамі нашых краін, паміж выдавецтвамі. А тут, у Беларусі, мы ладзім навуковыя канферэнцыі, выставы, дабрачынныя акцыі, моўныя курсы. Усё гэта дзеля дыялогу паміж культурамі і рэлігіямі свету. Без гэтага няма будучыні.

Мінулае, сённяшняе і будучае аб'ядноўваюць розныя часткі сусвету, розныя народы і нацыі. Аб'ядноўваюць, пакуль мы здольныя паважаць адрозненні і знаходзіць агульныя рысы.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Развіваючы сваю культуру і традыцыі, нацыянальныя аб'яднанні ў Беларусі ўзбагачаюць і саміх беларусаў Пра гэта ўчора на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміў кансультант аддзела па справах нацыянальнасцяў і прававой справе апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Міхаіл РЫБАКОЎ.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика