На ўсю вёску — пара мужыкоў...
22.04.2010
—
Новости Общества
|
Шыганы вы мае, Шыганы... Калі прыязджаеш у вёску Шыганы Слонімскага раёна, чамусьці заўсёды прыгадваюцца радкі рускага паэта Сяргея Ясеніна: "Шаганэ ты моя, Шаганэ...". Але Шыганы да Ясеніна ніякага дачыння не маюць, гэтак сама, як і Шаганэ — маладая настаўніца з Батумі, з якой паэт пазнаёміўся ў 1924 годзе і якой прысвяціў свой знакаміты верш. Проста сугучныя радкі Шыганы з Шаганэ так і просяцца ў вершаваны радок. Вёска Шыганы — глыбінка не толькі ў маштабах Беларусі, але і глыбінка ў маштабах Слонімскага раёна. Ад Слоніма да Шыганоў кіламетраў дваццаць. У XІX — пачатку ХХ стагоддзя вёска належала памешчыку Альфрэду Слізеню. Паводле інвентара 1846 года ў вёсцы налічвалася 16 двароў і 88 жыхароў. А ў 1920-х гадах вёска ўжо мела больш за 120 жыхароў. У гады Другой сусветнай вайны дамоў не вярнулася пяцёра юнакоў. І ўсе яны загінулі ў 1945 годзе. Яшчэ сем гадоў таму ў вёсцы пражываў 51 жыхар. А сёння і таго менш. "Некалі наша вёска была вялікая і вясёлая. А цяпер амаль нікога не засталося", — уздыхнула адна з жанчын, што сядзелі на вясковай лаўцы і грэліся на красавіцкім сонейку. З імі мы пазнаёміліся, калі праязджалі праз Шыганы. "Навошта нам тыя каровы..." За вёскай Шыганы, праехаўшы далей пару кіламетраў, пустымі хатамі сустрэла нас вёсачка Кошлавічы. Праўда, не ўсе хаты пустыя, сям-там жылі людзі. На адной з вясковых лавак мы ўбачылі некалькі жанчын. Пад'ехалі да іх, прывіталіся. Кабеты нас ветліва сустрэлі, і з цікавасцю мы пачалі гутарку. — А што гэта ў вас сёння за свята, што вы, такія прыгожыя, тут сабраліся? — пытаемся ў жанчын. — Чакаем аўтакраму. Яна да нас прыязджае два разы на тыдзень. Але бывае заязджаюць у вёску і прыватныя гандляры. — І што вам аўтакраму прывозіць? — Мы купляем хлеб, цукар, запалкі, малако... — Значыць, кароў не трымаеце? — Ды не, — адказалі амаль хорам вясковыя прыгажуні. — У нас адна карова на ўсю вёску. Ды навошта нам тыя каровы, калі аўтакрама ўсё ў вёску прывязе, абы толькі грошы былі. — А дзе вашы мужыкі? — А мужыкоў няма. Два мужчыны на ўсю вёску і то адзін з адной нагою. Астатнія рана памерлі. У вёсцы пражывае цяпер толькі 21 чалавек. Нам ужо па многа гадоў: адной — 85, другой — 84, а самай маладой каля 60, — шчыра прызнаваліся журналістам вясковыя жанчыны. Сапраўды, сёння слонімскія Кошлавічы не параўнаць з Кошлавічамі пачатку ХХ стагоддзя, калі ў вёсцы налічвалася 668 жыхароў. Ды і вядомыя Кошлавічы ажно з XVІ стагоддзя як маёнтак у Слонімскім павеце. Спачатку вёска належала царкве, а потым памешчыку Людвігу Калупайлу. Час і стагоддзі змянілі Кошлавічы і зрабілі вёску "неперспектыўнай". 43 гады за рулём трактара Вёска Забулле некалі складалася з фальваркаў, якія знаходзіліся адзін ад аднаго на пэўнай адлегласці. І цяпер вёска неяк раскідана па хутарах. Праўда, адна доўгая вуліца, па якой мы рухаліся, здзіўляла красавіцкай цішынёй і пустымі хатамі. Вокны-вочы ў гэтых хатах нібыта плакалі ад самоты і спусташэння. Пустых хатаў было больш, чым тых, дзе жылі людзі, дзе не быў павалены і гнілы плот, дзе студні паілі людзей крынічнай вадой. На пустых падворках здзіўлялі нас і калодзежы, якія, як і людзі, састарэлі і апусцілі свае драўляныя "плечы" да самай зямлі. Відаць было, што даўным-даўно ніхто ў іх не браў ваду і не піў яе, і не паіў сваіх кароў, авечак, качак. Мы праехалі ўсю вёску і нікога не ўбачылі з жыхароў. Пад'ехалі да стайні, дзе недалёка стаяў матацыкл. "Агу! Ці ёсць хто тут жывы?!", — пачалі мы клікаць людзей. З крайняй хаты адгукнуўся чалавек, які падышоў да нас. — Канстанцін Максімавіч Шпетны, — назваўся вясковец. — Канстанцін Максімавіч, чый гэта матацыкл? — Нашага конюха. Ён паехаў па сянаж на ферму, а матацыкл пакінуў тут. — А колькі ў вас коней? — Дзесяць. Два кані абучаныя, астатнія не. Няма каму коней абучаць. А гэта не такая і лёгкая справа. Коней абучаць трэба некалькі месяцаў. Зімой і нават летам іх некалі запрагалі ў сані і такім чынам абучалі. А цяпер гэта рабіць пенсіянеры не будуць, ды і навошта ім гэта. — А колькі ў Забуллі пустых хатаў? — 17! — Каго ў вашай вёсцы больш: жанчын ці мужчын? — Жанчын. — А вы з кім жывяце? — Адзін, жонка два гады таму памерла. Маю трох дачок: дзве жывуць у Слоніме, адна — у Баранавічах. Часта да мяне прыязджаюць, наведваюць. Вось і на Радаўніцу гасцілі ў мяне, схадзілі разам на могілкі. — А чаму вы бабку сабе якую не возьмеце, іх у вашай вёсцы і ў суседніх вельмі шмат жыве? — Не хачу. Аднаму найлепш, галава спакойная. — А як вы дабіраецеся ў Слонім? — На аўтобусе з суседняй вёскі Рахавічы. Але я ўжо два гады ў Слоніме не быў. — Канстанцін Максімавіч, кім вы ў калгасе працавалі? — Сорак тры гады адпрацаваў трактарыстам. Нават маю медалі, вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Было гэта дзесьці ў пачатку 1960-х гадоў. У 1993 годзе я пайшоў на пенсію... Мы яшчэ доўга гутарылі з Канстанцінам Максімавічам Шпетным. На развітанне ён паказаў нам кароткі шлях на Слонім, і мы паехалі. А вясковец хутка пакрочыў на свой падворак, дзе яго чакалі козы і куры. Сяргей ЧЫГРЫН. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі прыязджаеш у вёску Шыганы Слонімскага раёна, чамусьці заўсёды прыгадваюцца радкі рускага паэта Сяргея Ясеніна: "Шаганэ ты моя, Шаганэ...". Але Шыганы да...
|
|