Вакол апякунскай дапамогі.... 21.by

Вакол апякунскай дапамогі...

22.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адразу пры паступленні дзіцяці ў садок бацькам уручаюць "квітанцыю" для "добраахвотнага" пералічэння апякунскіх грошай на фінансавую падтрымку ўстановы, групы. Губкі для мыцця посуду трэба або купляць самім, або таксама скідвацца, як і на спецыяльныя сурвэткі для праціркі сталоў. А туалетная папера! Няўжо ўстановы дашкольнай адукацыі фінансуюцца недастаткова? І не прадугледжана выдзяленне з дзяржаўнага бюджэту грошай на такія дробязі? І чаму так званыя апякунскія саветы — проста добра прадуманы спосаб "выкалочвання" грошай з бацькоў. Маўляў, яны ж самі прапанавалі "скінуцца". Такія пытанні часта задаюць бацькі, адзін другому, звяртаючыся ў віцебскі карпункт, да калег з іншых рэгіёнаў. Сітуацыя, на жаль, тыповая для ўсёй краіны, як кажуць, "з барадой".

Карэспандэнт "Звязды" звярнуўся па каментарый да кіраўнікоў упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Гутарка атрымалася цікавая і хутка перайшла ў дыскусію.

— Сістэма адукацыі вобласці мае стабільнае фінансаванне. На працягу апошніх гадоў 31-32 працэнты абласнога бюджэту ідзе на адукацыю, — расказвае Іван Шчурок, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама. — З аднаго боку, кожны кіраўнік навучальнай установы імкнецца недзе зэканоміць нейкія грошы і нешта набыць: купіць фарбу, зрабіць нейкі рамонт. Мы ў свой час катэгарычна забаранілі займацца "паборамі", каб да паступлення грошай (ад бацькоў — А.П.) не мелі адносінаў ні дырэктар школы, ні намеснік, ні класны кіраўнік, ні загадчык дзіцячага садка.

Вы ведаеце, што ў нас створаны апякунскія саветы. На мой погляд, псіхалогія наша такая: дай — папрашу. Мо дадуць? А калі даюць, папрашу яшчэ больш. Вось, у суседнім дзіцячым садку жалюзі паставілі, а там новае нейкае абсталяванне, дай і я...

<І>— Адным словам, вы хочаце сказаць, што сродкаў на тыя ж, напрыклад, губкі выдзяляецца дастаткова?

— Выдзяляюцца, безумоўна, на гаспадарчыя патрэбы ёсць артыкул фінансавання.

— Апякунскі савет, прабачце, вельмі гэта хітра прыдумана: якім чынам збіраць грошы з бацькоў! Што параіць можна бацькам?

— Гэта робіцца добраахвотна. Што параіць? Хадзіць на бацькоўскія сходы. Калі бацькі ходзяць на такія сходы, могуць падняць пытанне: у вас ёсць грошы? Ёсць! Навошта тады "паборы" ўстройваеце: на пальчаткі?

Калі нешта набылі, чаму бацькі абураюцца: вось, я здаў грошы, а куды пайшлі? Няцяжка ж вывесіць паведамленне-выпіску са сходу апякунскага савета. Напрыклад, сабралі 150 тысяч рублёў, частка гэтых грошай пайшла на тое, астатняе на тое...

— Бацькі павінны вызначыцца самі: збіраць ці не збіраць грошы, — каментуе Леанід Сцяпанаў, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама. — Адпаведныя, як вы кажаце, "унутраныя праверкі" ў садках, школах, вядома ж, праводзім. І апякунскія грошы павінны расходавацца афіцыйна. Губкі? Губкі нясуць!

— Ды некаторыя нясуць, а ў некаторых садках на іх грошы збіраюць.

— Так, па-рознаму. Але ёсць нарматыўная база, якая дазваляе вырашаць цывілізавана нейкія пытанні, па дзіцячым садку, школе, не даводзячы ўсё да абсурду.

Мае суразмоўцы адзначылі, што ў выпадку нейкіх сумненняў бацькоў наконт пытанняў апякунства можна напрамую звяртацца ва ўпраўленне адукацыі. Звяртаюцца бацькі і ў "Звязду" і , бадай, у 100 працэнтах выпадкаў просяць захаваць ананімнасць. Нават нумар садка не ўзгадваюць.

І ўсё ж зразумець іх можна. Потым мо да дзіцяці пачнуць дрэнна адносіцца ў садку? І іншых бацькоў загадчыца можа настроіць супраць мяне — такая пазіцыя ў незадаволеных. І нясуць грошы, губкі і гэтак далей у садок. А ці трэба ўсё гэта ў канкрэтным садку? Вось і думайце, бацькі.

Нагадаю, што аўтар гэтых радкоў наконт пабораў з бацькоў задаваў пытанне асабіста губернатару Прыдзвінскага края. Аляксандр Косінец быў катэгарычны ў сваім кароткім адказе: гэта трэба спыніць. Бо, безумоўна, для прыбіральшчыцы, напрыклад, і пяць тысяч рублёў — грошы вялікія. А не дасць — чытайце вышэй.

А чаму б адказным асобам, мо і на ўзроўні Міністэрства адукацыі, не "кінуць выклік" добраахвотным — вымушаным "платам" бацькоў? Не забараняць, а проста разабрацца ў тэме. Можна было б для гэтага і арганізаваць "прамую лінію" з бацькамі. Выслухаць іх думкі. Праінспектаваць некалькі садкоў, каб прааналізаваць: няўжо тую ж туалетную паперу кіраўніцтва садка не магло атрымаць цэнтралізавана? Ці зэканомілі на губках, каб павесіць жалюзі? І што важней для дзяцей? Мо трэба ўлічваць даход бацькоў пры вызначэнні памеру збораў з іх? А ці пажадаюць бацькі шчыра прызнацца — колькі зарабляюць?

Як кажуць, ёсць пытанні. І ніякай крытыкі, проста тэма хвалюе многіх. І ўжо даўно. Ці я памыляюся?

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адразу пры паступленні дзіцяці ў садок бацькам уручаюць "квітанцыю" для "добраахвотнага" пералічэння апякунскіх грошай на фінансавую падтрымку...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика