Ці ёсць шанцы для вуліцы Карпюка ў Горадні?
30.04.2010 10:47
—
Новости Общества
|
Чатыры гарадзенскія краязнаўцы прапанавалі старшыні гарвыканкаму Барысу Казялкову зьмяніць назву вуліцы Горкага на праспэкт Аляксея Карпюка, 90-годзьдзе якога адзначаецца сёлета. Наколькі рэалістычнаю выглядае такая прапанова? Пісьменьнік быў нязручным для ўладаў чалавекам, памёр ён у 1992 годзе, да кіраваньня Лукашэнкі.
Адзін з краязнаўцаў, якія накіравалі ліст старшыні гарвыканкаму, — Алесь Госьцеў, які ведаў пісьменьніка. Як ён думае: Аляксей Карпюк нярэдка канфліктаваў з уладай — то ці пагодзіцца сёньняшняе начальства ўшанаваць такім чынам памяць вядомага гарадзенскага літаратара? Госьцеў: “На нашу думку, якраз постаць Аляксея Карпюка — адна з самых знакавых у ХХ стагодзьдзі, калі не лічыць Быкава, канечне. Карпюк усё жыцьцё пражыў тут, змагаўся з рознымі абставінамі, з уладай — не з уладай, але зь нядобрасумленнасьцю, сьцьвярджаў менавіта годнасьць чалавечую. Ён мог праўду-матку ў вочы сказаць і не баяцца самага высокага начальства. Я ня думаю, што гэта можа быць прычынай для адмовы”. Сёньня начальства мае традыцыйную адгаворку: перайменаваньне дорага каштуе, вуліца Горкага — адна з самых вялікіх у горадзе. Што наконт гэтага А.Госьцеў? Госьцеў: “У параўнаньні зь вечнасьцю, зь веліччу чалавека — гэта ўсё драбяза. Колькі ў нас грошай закопваецца ў зямлю, выкідаецца на вецер? Мы ня будзем ужо гаварыць пра тое, што прэзыдэнт сваім загадам два вялікія праспэкты перайменаваў і не пытаўся — колькі гэта будзе каштаваць”. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, крытык Ігар Жук добра ведаў Аляксея Карпюка і жыве на вул. Горкага — за некалькі будынкаў ад дома, дзе жыў пісьменьнік. Ігар Жук кажа, што ён “дзьвюма рукамі падтрымаў такую прапанову”. Жук: “Можа гэта нават падставай быць для новых дэпутатаў, каб заявіць пра сябе, і яны могуць прыняць да разгляду. Вуліца Васілька ёсьць, а Карпюк ня меншы па сваёй значнасьці і каштоўнасьці, чым Васілёк. Сапраўды, гэтую вуліцу варта пераназваць: там яго дом, там можна мэмарыяльную дошку павесіць. І ня варта такую вуліцу рабіць у Вішняўцы, на ўскраіне гораду. Бо тут, на Горкага, усе падставы ёсьць”. Аднак мясцовыя ўлады сёньня, як правіла, толькі надаюць назвы новым вуліцам — там, дзе ў Горадні будуюцца прыватныя катэджы. Праўда, толькі што зьявілася непадалёк ад цэнтру вуліца Аляксандра Дубко, ранейшага кіраўніка аблвыканкаму, аднак яе таксама стварылі нядаўна. Госьцеў: “Трэба хоць нешта рабіць. А калі нічога ня будзем прасіць, то так яно можа яшчэ цягнуцца бясконца. Яны ўсё могуць, калі захочуць. Захацелі вуліцу Кляцкова зрабіць, не паглядзелі ні на кога. Памятаеце, быў такі выпадак, калі людзі былі супраць, абураліся? 40-годзьдзя Перамогі ён называўся праспэкт раней. Захацелася ім вось так менавіта ўшанаваць, і яны зрабілі гэта самі. А тут — я ня ведаю, як яно пойдзе далей, але я ня бачу ніякіх перашкодаў”. Леанід Кляцкоў — былы першы сакратар Гарадзенскага абкаму КПБ. Што тычыцца Аляксея Карпюка, ён жыў у доме, што стаіць на вул. Горкага, але адрас мае інакшы — вул. Каліноўскага, 3. Вуліца Каліноўскага знаходзіцца побач з Горкага. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чатыры гарадзенскія краязнаўцы прапанавалі старшыні гарвыканкаму Барысу Казялкову зьмяніць назву вуліцы Горкага на праспэкт Аляксея Карпюка.
|
|