Юра і юрты. 21.by

Юра і юрты

05.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Юра купляе часопісы "Вакол свету" і малюе юрты. Ён марыць паехаць у Сярэднюю Азію і памаляваць тамтэйшыя краявіды з натуры. Але ў Юры брак сродкаў, ён моцна абмежаваны ў грашах, нават сваю трохпакаёвую кватэру Юра аддае сястры, бо ў той двое дзяцей, ім зацесна ў двухпакаёўцы. Юра з маці пераедзе ў меншую кватэру, а сястра з дзецьмі ў прастарнейшую. "Жыву з маці. Мне так спакойна. Калі знойдзецца добрая жанчына..." Пакуль не знайшлася добрая жанчына, Юра жыве з маці і малюе юрты ў свае пяцьдзясят два гады.

Алёнка, далонь і Нехта

Літаратарка сярэдняй рукі — Алёнка — распавядала мне, што Нехта праз яе піша і піша. Нібыта не сама Алёнка настуквае на камп'ютары паўграфаманію, а нехта ёй тую грамафонію надыктоўвае. Алёнка пастуквала сябе даланёю па патыліцы, паказваючы, як гэты Нехта дыктуе. Маўляў, стаіць той Нехта за Алёнкаю і дыктуе ёй у патыліцу. Жудасная рэч: бачыць, як чалавек пастуквае сябе даланёю па патыліцы і вочы закатвае так, што на твары застаюцца адны бельмы.

Ісачоў і Жданаў

Мастакі не любяць мастацтвазнаўцаў, як пісьменнікі не ў захапленні ад зладзейнасці крытыкаў. Пра гэта шмат разоў паўтаралася і шмат паўторыцца. Мастакі лічаць, што мастацтвазнаўцы, у большасці сваёй, няўдалыя мастакі, як музычныя крытыкі збольшага кепскія музыкі. За такое грэблівае і ў большасці выпадкаў несправядлівае стаўленне да сябе мастацтвазнаўцы пачынаюць помсціць мастакам. Як? Яны абвяшчаюць геніямі поўных ідыётаў. Здавалася б, і дзіця разумее: каб стаць мастаком, трэба доўга вучыцца, а потым — шмат працаваць. Кожны школьнік разумее, што невук і дурань у прызнаныя мастакі не патрапіць, але мастацтвазнаўцы падлюча спрабуюць падмануць школьніка з правільнымі ведамі. Яны выцягваюць са сметнікаў мярзотныя карцінкі і пачынаюць іх ухваляць. Цынізм мастацтвазнаўцаў бяздонны, бо цяжка ўявіць, з-пад якіх гурбаў смецця можна было павыцягваць саладжавы і слінявы кіч недавука Ісачова і дурнаколерныя паперкі хворага на ўсю вечна п'яную галаву Жданава. Разгрэблі смецце, дасталі брыдоту, развесілі на сценах і спяваюць хваласпевы. "Хай квітнеюць усе кветкі! Хай кожны мастак знойдзе прызнанне..." З такіх вось "хай-хай-хай" пачынаюцца ўхваленні нікчэмнасцяў, няздараў і пасрэднасцяў з іх дрэнню. Прымірыць мастакоў і мастацтвазнаўцаў мне, як і нікому іншаму, не ўдасца, бо гэта проста немагчыма, як немагчыма прымірыць хвалю і вецер, але выказацца пра недарэчнасць ухваленняў Ісачова і Жданава я лічу неабходным, бо абодва рабілі дрэнь.

Луся, Маша, Тамара і "Лас Вегас"

Быць залатым чалавекам лёгка. Табе кажуць, што ты запрошаны ў клуб "Нэкст" выконваць ролю зоркі. Апранаецца фіялетавая кашуля, апранаецца фіялетавы тоненькі швэдар, і ты выглядаеш выдатна-фіялетавай зоркай. Быць блакітнай зоркаю ў цябе кепска атрымлівалася, у афіцыйныя шэрастройныя зоркі ты таксама не рваўся, як і пазбягаў стасункаў з зоркамі колеру хакі. Фіялетавы колер самы твой. На сцэне была Луся, яна выпрошвала ў свайго партнёра сукенку на восьмага сакавіка. Партнёр у шырокім, як ружовая моналыжа, гальштуку абяцаў Лусі сукенку тую падарыць. "Зорак з неба я табе, дарагая Луся, не абяцаю, а сукенка ад Цыгаль будзе тваёю!" Сукенка тая была сапраўды ад масквічкі Цыгаль. Яшчэ масквічка прывезла аксесуар. Цыгаль прывезла падушачку! Яе разыгрывалі, і я мог... Не мог! Не атрымаў я падушачку, яе атрымаў чалавек з квітком нумар 99, а ў мяне быў нумар 52. Давялося ісці дамоў без падушачкі. Я не вельмі растроіўся, бо падушачка ад Цыгаль не спалучалася з маім фіялетавым швэдрам. Са швэдрам маім добра спалучалася Тамара Ганчарова, якая кіравала паказам калекцыі апранах, наробленых Машай Цыгаль. Тамара прывяла манекеншчыц. Тамара ўмее выбраць і прывесці дзяўчатак на паказ. Нехта за маёй спінаю сказаў, што Тамара "прывяла бракаваных дзевак". Заўжды знойдзецца паскуда, якая самых прыгожых дзяўчат назаве "бракаванымі дзеўкамі". Такім паскудам нельга верыць ні на грош, але вераць менавіта ў кепскае. Таму я скажу, што кепскім у гэты вечар быў ансамблік "Лас Вегас". Я не вялікі аматар музыкі савецкага Азербайджана. Я ніколі не захапляўся творчасцю Бюль-Бюль Аглы і Мусліма Магамаева. А тут сяджу за барнай стойкаю, п'ю яблычны сок і чую музыку савецкага Баку. Ну не маё, праўда. Для мяне гэта кепска. Можа, каму... Мне вечарына Альфа-Банка спадабалася! Праўда, самая што ні ёсць залатая праўда ад фіялетавай зоркі!

Аляксей і кавун

З суседзямі я стараюся не сварыцца, бо няўтульна жыць, калі ты пасвараны з тымі, хто штодня праходзіць побач. З суседзямі я суісную, але сябраваць з імі я не сябрую. Кватэр я памяняў шмат, а таму і суседзяў назбіралася многа. Днямі мама распавядала, што неяк бачыла нашага даўняга суседа Аляксея. Ён недабачваў на адно вока, ён наогул кепска бачыў, але пазнаў маму па голасе. А потым маме сказалі, што Аляксей памёр. Побач з Аляксеем мы пражылі пяць гадоў. Ён працаваў мастаком, ездзіў на Азоўскае мора лавіць рыбу і аднаго разу частаваў мяне кавуном. Аляксей купіў вялізны кавун, які варта было з'есці за адзін дзень. Аляксей паклікаў мяне. Кавун той быў незабыўна-ружовы, цукровы і сонечна-святочны.

Адам ГЛОБУС.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Юра купляе часопісы "Вакол свету" і малюе юрты. Ён марыць паехаць у Сярэднюю Азію і памаляваць тамтэйшыя краявіды з натуры. Але ў Юры брак сродкаў, ён моцна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика