У фінале шоу чакаецца бітва фаварытаў
29.05.2010
—
Новости Общества
|
Беларусы ж сёння выступяць у новым вобразе Другі паўфінал песеннага конкурсу, у прынцыпе, не здзівіў — ён сапраўды аказаўся больш яркім, моцным і разнапланавым, а ягоныя фаварыты пацвердзілі, што на перамогу яны замахваюцца ўсур'ёз і не толькі па прагнозах букмекераў. Прадказальна выйшаў у фінал увесь "усходні блок" — Азербайджан, Арменія, Грузія і Турцыя. Зноў застаўся за бортам нумар з апрацоўкай фольку — на гэты раз Славеніі. Здзіўленняў па выніках конкурснага канцэрта было хіба што два: інтэрнацыянальная каманда з Кіпра, якая прайшла далей замест Швецыі, і спявачка з Грузіі, на месцы якой у фінале чакалася дзявочае трыо з Харватыі. Зрэшты, улічваючы, што песні былі аднатыпныя, цалкам лагічна перамагла больш пераканаўчая з іх. Праз гадзіну пасля паўфіналу адбылася жараб'ёўка наваспечаных фіналістаў. "Не выгадныя", па агульнапрынятым меркаванні, першы і апошні нумары дасталіся на ёй адпаведна Азербайджану і Даніі, "чортавы тузін" выцягнула прадстаўніца Грузіі. Астатнія пазіцыі размеркаваліся так: Кіпр — нумар 5, Ірландыя — 10, Турцыя — 14, Украіна — 17, Румынія — 19, Арменія — 21 і Ізраіль — 24. Такім чынам, у фінале беларускі гурт "3+2" апынуўся паміж пераможцам сербскай "Фабрыкі зорак" Міланам Станкавічам і пераможцай "Еўрабачання-1993" ірландкай Ніам Кавана. Суседства дзвюх балад — не самы лепшы для нас варыянт, магчыма таму прадзюсарская група нечакана прыняла рашэнне аб змене іміджу беларусаў. "Што канкрэтна памяняецца — касцюмы, афармленне нумара, яшчэ нешта?" — пацікавіліся мы ў намесніка старшыні праўлення тэлеканала АНТ Сяргея Хоміча. — "Так, мы сапраўды прынялі такое рашэнне. Змены датычацца вобразаў нашых выканаўцаў". Дакладней, як паказала рэпетыцыя фіналу, скарэктаваныя вобразы дзяўчат — сёстры Алена і Нінель Карповіч зноў сталі блізнятамі, толькі... абедзве бландзінкамі! Фінал 55-га па ліку конкурсу песні "Еўрабачанне" абяцае быць цікавым і, хто б што ні казаў, непрадказальным. І не толькі таму, што ў ім ажно 7 постсавецкіх краін. Да моцных выканаўцаў, якія прадэманстравалі ўжо свае таленты і прагу перамогі, дабавіцца яшчэ як мінімум адна фаварытка. Учарашняя школьніца, унучка пасла Заходняй Германіі ў СССР Лена Маер-Ландрут можа зачапіць публіку абаяннем і непасрэднасцю — яе конкурсная песня "Satellіte" вельмі нагадвае па гэтых дзвюх якасцях леташні хіт Аляксандра Рыбака. Дарэчы, гэтаксама як і Саша, дзяўчына адзначыла свой дзень нараджэння падчас конкурсу — 23 мая ёй споўнілася 19 гадоў. Цікава, далей падзеі будуць развівацца таксама па леташнім сцэнарыі? Букмекеры, ва ўсякім разе, прымаюць стаўкі на Германію 4,0 да 1. Ці спраўдзяцца яны, даведаемся зусім хутка — ужо сёння ноччу. У раздачы выніковых балаў Беларусь, нагадаем, стаіць 29-й па ліку. сімпатыі суайчыннікаў агучыць алімпійскі чэмпіён Аляксей Грышын. А пакуль што — зычым беларускім "Матылькам" высокага ўзлёту! Вікторыя ЦЕЛЯШУК. P.S. <І>Днямі прадстаўнікі Еўрапейскага вяшчальнага саюза назвалі папярэднюю дату правядзення "Еўрабачання-2011": верагодна, паўфіналы і фінал конкурсу адбудуцца 17, 19 і 21 мая. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусы ж сёння выступяць у новым вобразе Другі паўфінал песеннага конкурсу, у прынцыпе, не здзівіў — ён сапраўды аказаўся больш яркім, моцным і разнапланавым, а...
|
|