Магілёўская адаптацыя
04.06.2010
—
Новости Общества
|
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік сустрэўся з журналістамі і расказаў пра надзённыя пытанні развіцця рэгіёна. Эканоміка — Прамысловасць Магілёўскай вобласці адаптавалася да новых умоў гаспадарання, — зрабіў выснову Пётр Руднік. Па выніках за 4 сёлетнія месяцы, аб'ёмы прамысловай вытворчасці павялічыліся на 16,1 % у параўнанні з леташнім паказчыкам. Аднак, па словах кіраўніка вобласці, яшчэ шмат трэба зрабіць, асабліва ў сэнсе інавацый. — У нас сёлета ў вышэйшых навучальных установах 6600 выпускнікоў, — паведаміў Пётр Руднік. — Усе яны пішуць дыпломныя работы, але мець практычную значнасць, можа быць, будуць толькі 259. Трэба гэту сітуацыю паправіць і падняць звязку "універсітэт — прадпрыемства" на іншы ўзровень. Сёлета ўлады мяркуюць увогуле пазбавіцца стратных прадпрыемстваў: цяпер іх 84 з 1019, альбо 8,2 %. Яшчэ адна значная задача — павелічэнне рэнтабельнасці вытворчасці. Болей за палову прадпрыемстваў маюць рэнтабельнасць 5 і меней працэнтаў, у той час як паказчык ад 15 % і вышэй дае магчымасць прадпрыемству развівацца, выдаткоўваць грошы на інвестыцыі. Заробкі Яшчэ ў студзені работнікі 368 арганізацый у Магілёўскай вобласці мелі сярэдні заробак, ніжэйшы за 200 долараў. Цяпер такіх засталося толькі 100. З іх — 57 бюджэтных арганізацый сферы адукацыі . Гэта яслі-садкі, у асноўным у Бабруйску. У спісе таксама тры дзясяткі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, дзе кіраўнік вобласці абяцае навесці парадак. — Мы параўналі сярэднюю плату ў арганізацыях і заробак іх кіраўнікоў, — расказаў Пётр Руднік. — Я звярнуў увагу на тое, што, напрыклад, ва УКСП "Краснапольскі", адзінай гаспадарцы ў Краснапольскім раёне, сярэдні заробак работнікаў складае 348 тысяч рублёў, а ў кіраўніка — 1 мільён 702 тысячы рублёў. Я лічу, што сёння гэта непарадак. Напрыканцы гэтага года сярэдні заробак у Магілёўскай вобласці павінен дасягнуць 444 долары. — Сумеснымі высілкамі ўрада, абласной выканаўчай улады і гаспадарнікаў трэба выканаць задачу, як бы ні было цяжка, — пацвердзіў старшыня аблвыканкама. — Сёлета Год якасці — якасці жыцця, дабрабыту людзей. Асабістыя падсобныя гаспадаркі Пётр Руднік даручыў вырашыць усе праблемы са зборам малака ў насельніцтва, каб болей не было скаргаў на гэты конт. — Паводле справаздачы, для належнай арганізацыі працы патрабуюцца 98 камплектаў збруі, 259 фурманак, 2 тысячы бітонаў і больш за сотню прыбораў вымярэння тлустасці, — паведаміў кіраўнік вобласці. — На закупку трэба выдаткаваць 2,3 мільярда рублёў. Літаральна на наступным тыдні будуць закуплены бітоны, вупраж і фурманкі. Для чаго цяпер у рэгіёне тэрмінова шукаюць вытворцаў гужавых фурманак. Між тым, аб'ёмы вытворчасці асабістых падсобных гаспадарак штогод памяншаюцца: старыя не могуць, маладыя не хочуць. — Навязваць гаспадаркі мы нікому не будзем, але тых, хто хоча займацца гэтым, павінны падтрымаць, — вызначыўся Пётр Руднік. — Усе лішкі ад асабістых гаспадарак мы купім і перапрацуем. Працоўныя месцы Праблема занятасці людзей застаецца актуальнай у посткрызіс. Нават нягледзячы на тое, што вобласць выконвае даведзены паказчык па ўзроўні беспрацоўя: цяпер ён не перавышае 1 %. Аднак невыпадкова сёлета ўсе сельскія раёны і гарады павінны стварыць 5-10 новых прадпрыемстваў. Увогуле па рэгіёне іх павінна быць 250, і 87 да гэтага часу ўжо запрацавалі. Новыя прадпрыемствы — гэта не толькі новыя працоўныя месцы, але і дадатковыя паступленні ў мясцовыя бюджэты і ажыццяўленне праектаў. Маніторынг У Магілёўскай вобласці , як і ў іншых рэгіёнах, гэтымі днямі працуе міжведамасная рабочая група, якая робіць маштабны маніторынг працы дзяржаўных органаў па вырашэнні сацыяльна значных праблем насельніцтва і якасці працы са зваротамі грамадзянаў. — Я стаўлюся да гэтай праверкі толькі станоўча, — заявіў Пётр Руднік, і далей растлумачыў сваю пазіцыю на прыкладзе. На тэрыторыі Бялыніцкага раёна ёсць месца, якое называюць мядзведжым кутам. Гэта ў раёне чыгуначнай станцыі Друць, на мяжы чатырох раёнаў. На тэрыторыі УКСП "Падзевічы" тры дзясяткі населеных пунктаў, цэнтрам якіх з'яўляецца вёска Заполле. Старажытны край са сваімі традыцыямі, але апынуўся ў заняпадзе. Заўвагу на гэты конт зрабіў кіраўніцтву Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка. Цяпер там разгарнулася шырокае будаўніцтва: фермы, пабудовы 1953 года, разбураюцца, замест іх узводзіцца новы комплекс на 500 галоў жывёлы. Днямі ў Заполлі адбудзецца семінар, які дазволіць зрабіць высновы наконт развіцця глыбінкі і рухаць там прагрэс. — Правядзенне планавай праверкі ва ўсіх рэгіёнах дазволіць сёння вызначыць болевыя кропкі пры выкананні Дырэктывы № 2, — лічыць Пётр Руднік. — Звароты грамадзян — гэта важна, і вырашэнне праблем, якія ўзнікаюць у людзей, — задача выканаўчай улады. Ілона Іванова. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік сустрэўся з журналістамі і расказаў пра надзённыя пытанні развіцця рэгіёна. Эканоміка — Прамысловасць... |
|