Невідушчы адвакат, ці 25 гадоў у законе
09.06.2010
—
Новости Общества
|
У васемнаццаць Уладзімір Яўгенавіч Дзенісенка страціў зрок. Гэта зрабіла яго мацнейшым і дапамагло дасягнуць вышыняў. Сёння ён адзначае дваццаціпяцігоддзе паспяховай працы адваката. Няўлоўны Уладзімір Яўгенавіч заўсёды ўвесь у справах. Мне давялося перахапіць яго паміж следчым ізалятарам і залай суда. Ён ніколі не сядзіць на месцы, часта ездзіць у камандзіроўкі, прымае грамадзян у юрыдычнай кансультацыі. Калегі паважаюць, кліенты перадаюць яго імя з вуснаў у вусны. Статны, дагледжаны, інтэлігентны мужчына ў цёмных акулярах. У іх і хаваецца гераізм. Уладзімір Яўгенавіч — інвалід першай групы па зроку. ГРОМ СЯРОД СВЕТЛАГА НЕБА Пасля школы Валодзя вырашыў стаць юрыстам. Ён паступіў у адзіны на Далёкім Усходзе ўніверсітэт. Хутка бацьку па службе перавялі ў Беларусь. Скончыўшы першы курс ва Уладзівастоку, Валодзя перавёўся на юрфак БДУ. Дыплом ён атрымае толькі праз сем гадоў. — Гром грымнуў сярод светлага неба, калі мне было ўсяго васямнаццаць, — распавядае Уладзімір Яўгенавіч. — Я рос і мужнеў у тайзе. Хадзіў на паляванне, рукамі лавіў чырвоную рыбу, гуляў у футбол, валейбол. Я лепш за ўсіх страляў з любой зброі, хутчэй за ўсіх збіраў ягады. Ніколі не ўжываў лекі, не звяртаўся да медыкаў. Цяпер мне трэба было пераламіць сябе: згадзіцца на складаную аперацыю і надоўга застацца ў бальніцы. Я раптоўна і хутка пачаў страчваць зрок. Тая сітуацыя магла скончыцца самагубствам ці п'янствам. Але я выбраў іншую сцежку, праявіўшы максімум волі і аптымізму. Праз некалькі гадоў акадэмічнага адпачынку Уладзімір скончыў універсітэт на "выдатна", калі ўжо фактычна не мог чытаць. Бацька, які ў свой час быў супраць юрыспрудэнцыі, цяпер верыў у сына і дапамагаў яму, як мог. Ён начытваў студэнту падручнікі і лекцыйныя канспекты на дыктафон. Хлопец развіваў памяць і здаваў экзамены. АДВАКАТ З АСАБЛІВАСЦЯМІІ вось ужо чвэрць стагоддзя Уладзімір Яўгенавіч працуе адвакатам. Падчас працы ён сутыкаецца з пэўнымі цяжкасцямі, якія прывык пераадольваць. Вывучаць дакументы, пісаць тэксты дапамагаюць маці і старэйшая дачка. Па прыкладзе бацькі яна стала юрыстам. У рабоце невідушчы адвакат выкарыстоўвае дыктафон. А вось самае складанае — гэта сустрэча з кліентамі. — Стараюся, каб не было заўважна, што ў мяне ёсць нейкія цяжкасці — не хачу палохаць кліентаў, — прызнаецца Уладзімір Яўгенавіч. — Калі заключаю дамову ці знаёмлюся са справай, дакументы рыхтую загадзя, стараюся ўсё дасканала раскласці ў галаве. Перасцярогі тут нялішнія: кліенты розныя трапляюцца. Але большасць з разуменнем ставяцца да асаблівасці адваката і яшчэ больш цэняць яго. Ёсць ва Уладзіміра Яўгенавіча пастаянныя кліенты — хадзячая рэклама, яны раяць яго сваім знаёмым і сваякам. У некаторых ён сямейны адвакат. Сяргею Н. адвакат Дзенісенка дапамог вызваліць з турмы беспадстаўна абвінавачанага брата. Справа ішла на ўзроўні абласнога суда. Там адвакаты рэдка дасягаюць перамог. А ў яго атрымалася. — Уладзімір Яўгенавіч надта кампетэнтны ў юрыдычных пытаннях. Да працы падыходзіць старанна, захапляецца тонкасцямі, шмат увагі надае дэталям, — дзеліцца досведам сумеснай справы Сяргей. — Я сам выбіраў адваката і спыніўся на яго кандыдатуры з-за прафесійных якасцяў. Мяне не бянтэжыць, што ён не бачыць. Наадварот, адсутнасць адных здольнасцяў (у гэтым выпадку — бачыць) развівае ў чалавеку іншыя: у яго выдатная памяць, яму непатрэбныя падказкі. Ён умее ісці да канца, да канца адстойваць гонар свайго падабароннага. Гэта я вельмі цаню ў адвакаце. Тыя маршруты, якія даводзіцца штораз пераадольваць па працы, Уладзімір Яўгенавіч ведае да дробязяў. У будынках, дзе працуе, вывучыў кожны куток. Крыху складаней з камандзіроўкамі — у іх даводзіцца часта ездзіць. Але і тут налаўчыўся. Раз спытаў, другі раз даехаў па памяці. Уладзімір Яўгенавіч скалясіў усю Мінскую вобласць — засталося толькі два гарады, да якіх ён яшчэ не даехаў. У некаторых быў па пяцьдзясят разоў. Ездзіць і па абласных цэнтрах: некалькі разоў быў у Гродне, даводзілася працаваць у Брэсце, Магілёве, нядаўна адкрыў для сябе Віцебск. Падчас такіх паездак цікаўны адвакат яшчэ паспявае наведаць славутыя мясціны, больш блізка пазнаёміцца з гарадамі. МАГУТНЫ ДЭН Адной са сваіх вялікіх апошніх перамог Уладзімір Яўгенавіч называе справу па ДТЗ. — Там смяротны выпадак, а крымінальную справу год не заводзілі, — эмацыйна расказвае адвакат. — Я не кіроўца, таму было складана разбірацца. Але разгледзеў усе дэталі, засвоіў шмат агульных нюансаў у такіх справах. Тры разы накіроўваў скаргу пракурору горада. Урэшце правялі следчы эксперымент, прызналі кіроўцу вінаватым, пісьмова папрасілі прабачэння ў сваякоў загінулай бабулі і выплацілі ўрон. А да мяне цяпер часта звяртаюцца па справах ДТЗ — "сарафаннае радыё" працуе. Сябры клічуць яго "Магутны Дэн". — Так і напішыце, бо ён сапраўды ўсё можа, — падказвае мне адвакат, які сядзіць за суседнім працоўным сталом. Пакуль мы гутарылі, у кабінет па параду да калегі зайшла Жанна Стэфанаўна. Яна ведае Уладзіміра Яўгенавіча больш за чвэрць стагоддзя, яшчэ са студэнцкіх часоў. — Калі мы вучыліся, ён быў кансалідатарам усіх ідэй, — расказвае Жанна Стэфанаўна. — Менавіта ў яго дома збіраліся ўсе студэнцкія кампаніі. Што там "збіраліся", і па сёння збіраемся! (смяюцца разам. — Аўт.) Кожны адвакат беражэ свае сувязі, даражыць сваімі кліентамі. Але ў жыцці бывае рознае. І вось Дзенісенка — гэта той адвакат, якому нясорамна даручыць свайго кліента. Ведаеш, што працу ён выканае ад коркі да коркі. Ён ніколі не падвядзе ні ў прафесійным, ні ў чалавечым плане... Валодзя, дай цукру, — напрыканцы просіць Жанна Стэфанаўна тое, па што прыйшла. НА ДАЧУ — З АДВАКАЦКІМ ОРДЭРАМ Дзяржслужбы ўжо ведаюць, што Дзенісенка выедзе на месца па любой справе ў любы час. Папку з дакументамі ён возіць нават з сабой на дачу — а раптам выклічуць. Па законе, любы грамадзянін нашай краіны мае права на бясплатнага адваката падчас затрымання. Гэты адвакат — Уладзімір Яўгенавіч Дзенісенка. Ён не ўмее адмаўляць. З дзевяці здадзеных за мінулы месяц спраў у яго набралася сем бясплатных начных ці выездаў выхаднога дня. Пры ўсёй сваёй занятасці і адданасці працы, Уладзімір Яўгенавіч жанаты ў трэці раз, мае чацвёра дзяцей. Яго старэйшай дачцэ споўнілася дваццаць сем, а малодшай — чатыры месяцы. Як чалавек творчы (а адвакат — вельмі творчая прафесія, сцвярджае Уладзімір Яўгенавіч) ён шукае натхненне ў жанчыне. Яна яго муза, яго напарніца, якая дапамагае ісці па жыцці з узнятай галавой. Да творчага юбілею дадаўся ўласны — сёлета Уладзіміру Яўгенавічу споўнілася пяцьдзясят. Святкаваў у два заходы. Спачатку — з блізкімі, пасля — з калегамі, тымі, з кім прыемна працаваць. Старшыня Прэзідыума Мінскай абласной калегіі адвакатаў пісьмова адзначыў і падзякаваў Уладзіміру Яўгенавічу Дзенісенку за шматгадовую працу ў якасці адваката і высокія дасягненні ў справе прафесійнай абароны законных правоў грамадзян. — Вы толькі не пішыце пра мяне са шкадаваннем, — просіць напрыканцы сустрэчы Уладзімір Яўгенавіч. Мы выходзім з юрыдычнай кансультацыі апошнімі. Працоўны дзень скончаны паўтары гадзіны таму. — Ну, мне ў той бок, — развітваецца Уладзімір Яўгенавіч. — Трэба яшчэ заехаць набыць "памперсаў" для малодшай. І да заўтра падрыхтаваць дакументы кліенту. Там працы да паўночы. А я яшчэ нейкі час не магла зарыентавацца, у які бок ехаць, што трэба зрабіць сёння і калі паспець напісаць артыкул. Я ж не Магутны Дэн. А хацелася б. Таццяна САЛДАЦЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У васемнаццаць Уладзімір Яўгенавіч Дзенісенка страціў зрок. Гэта зрабіла яго мацнейшым і дапамагло дасягнуць вышыняў. Сёння ён адзначае дваццаціпяцігоддзе...
|
|