Добрая лазня. 21.by

Добрая лазня

05.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У аграгарадку "Добрая" Горацкага раёна адчынілася прыватная лазня, якая, як чакаецца, будзе толькі адным з аб'ектаў сельскай зоны адпачынку.

Сімпатычная і сучасная лазня ўжо прымае кліентаў: драўляная парылка, душ і басейн з падсветкай, які чысцяць водным пыласосам і накрываюць спецыяльнай плёнкай. Усё чыста і акуратна. Тут жа на сцяне — настойлівая просьба да наведвальнікаў не курыць і не піць алкагольныя напоі.

— Людзі задаволеныя нашай лазняй, яна ім падабаецца, — з такімі словамі вядуць гасцей на экскурсію ў цёплую парылку.

У суседнім памяшканні працуюць будаўнікі: там будзе пакой для адпачынку з канапамі, тэлевізарам і більярдам. На вуліцы ўвесну ўсталююць барбекю, а ў мансардзе з'явяцца пакоі для вандроўнікаў. Усё робіцца з дрэва, у народным стылі: гарадскі "хай-тэк", лічаць уладальнікі, не пасуе для расслабленага сельскага адпачынку.

Гаспадаром лазні з'яўляецца ТДА "Альфа-Зэт" з раённага цэнтра Горкі. "Альфа-Зэт" — гэта два прадпрымальныя мужчыны: Уладзімір Зубараў і Аляксей Анфімаў. Аляксей — спецыяліст у справе будаўніцтва, Уладзімір мае вопыт у камерцыі. Пазнаёміліся будучыя партнёры, дарэчы, недзе ў лазні, і цяпер іх сумесная фірма паспяхова займаецца будаўніцтвам. А працуе ў ёй прыкладна сотня чалавек.

Будынак на пагорку і за саветамі быў лазняй: вось толькі два дзясяткі гадоў прастаяў без вокнаў і дзвярэй. Дах урэшце праваліўся, сцены падмерзлі і пайшлі расколінамі, а таму дом аддалі прадпрымальнікам за сімвалічныя грошы (1 базавую велічыню) і дадатковае патрабаванне адкрыць за некалькі месяцаў лазню для народа.

Так і атрымалася. Праўда, сам будынак звонку пакуль не мае належнага выгляду: будаўнікі чакаюць цёплых дзён, каб аздабленне было не толькі прыгожым, але і даўгавечным.

У новай лазні створаны два сталыя працоўныя месцы: касіра-адміністратара і апальшчыка. Установа працуе два дні на тыдзень: у пятніцу — жаночы дзень, у суботу — мужчынскі. Білет каштуе 7 тысяч рублёў. Цана, гавораць прадпрымальнікі, у тры разы меншая, чым павінна быць паводле разлікаў.

На новую лазню прыватнікі ўжо выдаткавалі каля паўмільярда рублёў. Рэканструкцыю будынка фірма рабіла ўласнымі сіламі, але аднойчы давялося пачынаць усё нанова: падвялі старыя інжынерныя сеткі, і трэба было зрабіць новы водаправод.

Калі ўлічыць, што пакуль у лепшым выпадку лазню наведваюць два дзясяткі мясцовых жыхароў, то перспектыва хоць бы кампенсаваць выдаткі пакуль застаецца цьмянай. Аднак прадпрымальнікаў гэта зусім не засмучае: у іх вялікія планы!

У "Добрай" — надзвычай маляўнічыя мясціны, а ў нізіне паблізу лазні месціцца Сухараўскі вадаём. Гэта вялікае возера ТДА "Альфа-Зэт" ужо ўзяла ў арэнду і запусціла туды карпа, таўсталобіка і амура. Цяпер прадпрымальнікі дамагаюцца, каб ім выдзелілі 2,5 гектара зямлі навокал возера і каб у "Добрай" з'явілася свая зона адпачынку. Яны плануюць зрабіць добраўпарадкаваны пляж і ўсталяваць пірс, арганізаваць сучасныя забавы для цёплага сезона і пабудаваць некалькі дамкоў для турыстаў. Ад раённага цэнтра да "Добрай" — толькі 9 кіламетраў, месціцца аграгарадок побач з асноўнай аўтатрасай, таму ёсць усе перадумовы для таго, каб гэта месца стала папулярным.

— Мы хочам прыцягнуць людзей добрымі паслугамі і сельскай утульнасцю, — расказвае Уладзімір Зубараў. — Мяркуем рабіць цікавыя вечарыны і ладзіць святы. Ныраць у палонку на Вадохрышча і скакаць праз вогнішча на Купалле.

Вядома ж, наўрад ці сама лазня дасць узбагацець прыватнікам, якія прыйшлі ў Добрую, але зарабіць на развіцці зоны адпачынку — напэўна, так. Будаўнікі сёння вельмі запатрабаваныя, хапае працы і ў горацкай "Альфа-Зэт". Але ўсё ж прыватнікі вырашылі пашырыць сваю справу менавіта на вёску: не таму, што ў горадзе стала цесна, а таму, што захацелася мець нешта сваё, што было б патрэбна людзям і дзе маглі б адпачываць свае працаўнікі і іх сем'і.

— Мы ў свой час рызыкнулі пайсці на сяло, але не шкадуем, хоць праблем у нас дастаткова і на сённяшні дзень, — прызнае Уладзімір. — Адна з іх, не буду ўтойваць, гэта стаўленне да нас мясцовага насельніцтва. Не ўсяго, але групы людзей, якія незадаволены нашымі планамі.

Падазрэнні ў некаторых вяскоўцаў перш за ўсё ўзнікаюць у сувязі з арэндай возера. Маўляў, раней мы тут што хацелі — тое рабілі, а цяпер, відаць, давядзецца плаціць грошы.

— Вядома, нейкія паслугі будуць платнымі, але для мясцовых людзей пляж і адпачынак на возеры ёсць і будуць бясплатнымі, на астатняе — значныя скідкі, — абяцае прыватнік. — Акрамя гэтага, з'явяцца новыя працоўныя месцы: для абслугоўвання зоны адпачынку патрэбны працоўныя рукі, і аддаваць прыярытэт мы будзем мясцоваму насельніцтву.

Уладзімір Зубараў перакананы, што ў будучым горацкім прыватнікам удасца наладзіць нармальныя адносіны з сялянамі з "Добрай". Яны гатовы дапамагаць мясцовай школе — арганізаваць пляж для летняга школьнага лагера, не гаворачы ўжо пра тое, што ўсе паслугі для малых і дашкольнікаў бясплатныя.

— Мы ведаем, што з падобным сутыкнуліся і іншыя прыватнікі, якія пад развіццё сельскага аграэкатурызму ўзялі ў арэнду вадаёмы і спрабуюць наладзіць сваю справу ў вёсках, — гаворыць гаспадар сельскай лазні. — Але людзі ўрэшце зразумеюць, што гэта робіцца таксама для іх саміх і іх дзяцей.

Уладзімір Зубараў даў такую параду прадпрымальнікам, якія рушаць са сваімі праектамі на сяло: "Наперад і не адступаць!"

Ілона Іванова, фота аўтара.

Горацкі раён.  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У аграгарадку "Добрая" Горацкага раёна адчынілася прыватная лазня, якая, як чакаецца, будзе толькі адным з аб'ектаў сельскай зоны адпачынку. Сімпатычная і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика