Больш чым турызм
05.05.2011
—
Новости Общества
|
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 30 красавіка.) Працоўныя месцы "Сядзіба Сяргея Мілаградскага" адносіцца да зусім іншай катэгорыі. Яна з ліку першых, прымае гасцей больш за 10 гадоў. Яе гаспадар Сяргей Чарненка ўзначальвае Грамадскую раду па аграэкатурызме ў Рэчыцкім раёне. Але і тут ёсць зона, якая прымае турыстаў, і будаўнічая пляцоўка. Такое мы бачылі ледзь не на кожнай сядзібе. Гэта сведчыць, што агратурызм у нашай краіне толькі ў пачатку шляху. Дом у знакамітай вёсцы Мілаград Сяргей Чарненка будаваў у 1993 годзе для сябе і сяброў. Ідэя заняцца агратурызмам прыйшла ад італьянскіх партнёраў па бізнэсе, якіх ён запрасіў у госці. Потым Сяргей Пятровіч даведаўся, што такія сядзібы ёсць ужо ва Украіне, у Прыбалтыцы, ён захацеў заразіць агратурызмам Беларусь, але хутка зразумеў, што "хвароба" ўжо падчэпленая і тут... У Сяргея Чарненкі ёсць своеасаблівая славутасць — дошка з візітоўкамі гасцей. Тут пакінулі свае тэлефоны турысты з Італіі, Швейцарыі, Паўднёвай Афрыкі, ЗША, Турцыі, Тайваня, Японіі...— Палова ад усіх маіх турыстаў — замежныя госці, — кажа гаспадар. — Я свабодна валодаю пяццю мовамі і лічу, што любая аграсядзіба прадстаўляе краіну. Гэта павінны разумець і мясцовыя ўлады, ад супрацоўніцтва з якімі шмат чаго залежыць. Калісьці на маёй сядзібе хацелі міжнародны семінар правесці і зрабілі дарогу. Але ёсць і іншыя рэчы, дзе без падтрымкі дзяржавы абысціся цяжка. Мы не так шмат зарабляем. Я сабе не магу зараз дазволіць 200 долараў выдаткаваць на арганізацыю сайта. Так, на агратурызме можна добра зарабіць, але калі ты не будзеш штогод рухацца наперад, то гэты бізнэс загіне. Не выратуюць і льготы. Таму ўсе заробленыя сродкі ўкладаюцца ў развіццё. Сяргей Чарненка будуе "зімні" банкетны павільён з эстрадай, барнай стойкай, танцпляцоўкай і залай, дзе можна будзе пасадзіць за стол 100 чалавек. У новыя будынкі ён ужо ўклаў 24 тысячы долараў. Гэта пры тым, што складзеныя яны са старых зрубаў. "Разабраць і перавезці два зрубы каштуе 10 мільёнаў", — заўважае гаспадар. На ўчастку ўжо гэтым летам з'явіцца і асобнае падвор'е для тых, хто шукае адасаблення, жадае застацца сам-насам, нават ад гаспадарскага харчавання адмаўляецца. А між тым, "Сядзіба Сяргея Мілаградскага" славіцца сваёй кухняй, гастранамічнымі і грыбнымі турамі. А яшчэ рыбалкай, сплавамі на плытах, катаннем на конях... — Ёсць адно зусім абсурднае пытанне, — дзеліцца Сяргей Чарненка сваімі думкамі. — На тэрыторыі Гомельскай вобласці ніводны чалавек не гоніць самагон легальна. Прыязджае маскоўская дэлегацыя ў Рэчыцу, прымаючы бок кідаецца ў вёску ў пошуках самагону, каб пачаставаць, але гэта — рызыка, бо за якасць такога прадукту ніхто не адказвае. Ці не лепш было б дазволіць на аграсядзібе легальна варыць самагон? У яго ёсць ідэя ўладкаваць турыстычную сцежку да археалагічнага помніка — гарадзішча, якое дало назву адной з першых культур на Беларусі. Усіх сваіх гасцей, якім цікавая гісторыя, ён водзіць на месца раскопак. Але гэта тэрыторыя, на жаль, пакуль ніяк не абазначана. І без разумення і дапамогі мясцовых уладаў гаспадар аграсядзібы такую справу не зрушыць з месца, нават калі знойдзе сродкі. Пад турыстычную сцежку можна было атрымаць грант ПРААН, але выканкам павінен быў больш актыўна ўключыцца ў работу... Чарненка лічыць, што для далейшага развіцця агратурызму трэба было б вырашыць і пытанне з назапашваннем пенсійных зберажэнняў для гаспадароў аграсядзіб, і магчымасць размяшчаць на сядзібах камандзіровачных. Але гэтыя пытанні адрасаваныя ўжо не мясцовым уладам. Як і тое, што хвалюе яго больш за астатнія. Яго Сяргей Пятровіч агучыў на Міжнароднай канферэнцыі "Аграэкатурызм — стан і перспектывы развіцця". Тады віцэ-прэм'ер Беларусі Анатоль Тозік пагадзіўся, што праблема, пра якую казаў Чарненка, вартая ўвагі ўрада. — Калі нам, суб'ектам агратурызму, далі магчымасць плаціць падатак 35 тысяч у год, чаму тады будаўнік, які ў мяне працуе, павінен плаціць 200 тысяч у месяц? — кажа гаспадар "Сядзібы Сяргея Мілаградскага". — Плачу будаўніку 500 тысяч, і для яго 200 тысяч — грошы сур'ёзныя. Магу не наймаць яго, але часта сядзіба — адзіная магчымасць зарабіць. Знайсці працу на вёсцы няпроста. У мяне ўвесь час працуе 5 чалавек, і ў сезон яшчэ некалькі — рыбакі, грыбнікі. Чаму б не даць ім магчымасць легалізавацца? Трэба павярнуцца да вёскі тварам. Тады, лічыць Сяргей Чарненка, гаспадарам стала б выгадна прымаць і сем'і на доўгі тэрмін. Пакуль што рэнтабельным з'яўляецца толькі карпаратыўны адпачынак, вяселлі і банкеты. Чарненка бярэ 130 тысяч з чалавека за суткі з трохразавым харчаваннем. Летам цана трошкі менш, зімой — больш. Да цэнаўтварэння Сяргей Пятровіч імкнецца падыходзіць гнутка: калі чалавек застаецца на другія суткі — мінус 5 працэнтаў, на трэція суткі — мінус 10 працэнтаў, пастаянным кліентам — 15-працэнтная зніжка. Разам з тым ён супраць таннага адпачынку: "Чым ніжэй вы будзеце ставіць цану, тым горш будуць вашы госці". "Сядзіба Сяргея Мілаградскага" стала лепшай у Гомельскай вобласці ў намінацыі "Гасціннасць". У рэспубліканскім конкурсе яна трапіла ў лік лаўрэатаў. У бліжэйшых нумарах "Звязды" — аповеды пра іншых намінантаў. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 30 красавіка.) Працоўныя месцы "Сядзіба Сяргея Мілаградскага" адносіцца да зусім іншай катэгорыі. Яна з ліку першых, прымае...
|
|