Лейла Ісмаілава: "Я баялася, што мяне не выпусцяць з Баку, калі з маёй сукенкай штосьці здарыцца". 21.by

Лейла Ісмаілава: "Я баялася, што мяне не выпусцяць з Баку, калі з маёй сукенкай штосьці здарыцца"

14.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Тэлеверсію закрыцця ХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар-2011" гледачы змогуць паглядзець у пятнічным эфіры Першага канала. Адной з вядучых цырымоніі стане Лейла Ісмаілава.

Творчым стартам таленавітай дзяўчыны можна лічыць кастынг на тэлеканал МТV.

Сёння за плячыма Лейлы Ісмаілавай добры дзясятак роляў у рэкламных роліках, тытул "Міс прэса" конкурсу "Міс Мінск", вопыт працы ў грэчаскім мадэльным агенцтве, конкурс дзіцячага "Еўрабачання", а з нядаўняга часу — Інстытут журналістыкі БДУ, які дзяўчына скончыла з чырвоным дыпломам. Пра якую прафесію яшчэ марыць дзяўчына, што збліжае яе з Эмай Уотсан і як ставяцца родныя да яе "зорнага" статусу, тэлевядучая распавяла "Звяздзе".

"У Грэцыі я расказвала пра Беларусь і беларускіх дзяўчат"

— Найперш хацелася б запытацца пра твае ўражанні ад вопыту вядзення беларускамоўнага канцэрта на Дзень незалежнасці.

— Шчыра? Я ўжо даўно выступаю за беларускую мову на тэлебачанні. Афіцыйна, праўда, з такой прапановай яшчэ не звярталася, але заўсёды лічыла, што мы, як незалежная краіна, павінны больш актыўна выкарыстоўваць родную мову — гэта частка нашай культуры, вельмі важная і значная частка. Насамрэч, па-беларуску мне гаварыць прасцей чым па-руску. Беларуская мова больш меладычная. І так атрымалася, што мелодыка маёй гаворкі больш супадае з беларускай мовай, чым з рускай. Выкладчыкі па вакале, па пастаноўцы голасу заўсёды лаяць мяне за маю рускую мову. На занятках па рыторыцы ва ўніверсітэце прафесар Іўчанкаў мне казаў: "Лейла, паспрабуй весці па-беларуску, у цябе атрымаецца". Я і паспрабавала падчас канцэрта на Дзень Незалежнасці. Было прыемна, я адчувала сябе асаблівай у гэты момант.

— А калі параўнаць беларускую мову і англійскую...

— Мне зручна і так, і так. Насамрэч, калі перадаеш свае эмоцыі, калі загадзя ведаеш свой тэкст — калі ты яго адрэпеціраваў, — цяжкасцяў узнікаць не павінна.

— Ці даводзілася табе падчас вучобы ў Грэцыі папулярызаваць беларускую мову, беларускую культуру?

— Мову — не, там усе размаўлялі па-грэчаску або па-англійску. А вось беларускую культуру — так. Недахоп інфармацыі пра Беларусь адчуваўся моцна: ва ўсёй бібліятэцы ўніверсітэта Арыстоцеля (гэта адна з буйнейшых ВНУ Еўропы) кніг па Беларусі не было зусім. Людзі мелі вельмі цьмянае ўяўленне. У асноўным пра тое, што ў Еўропе ўвогуле ёсць такая краіна як Беларусь, ведалі па "Еўрабачанні". Даводзілася распавядаць. Пра прыроду, экалогію, азёры. Таксама звяртала ўвагу на тое, што ў нас жывуць вельмі прыгожыя дзяўчаты (усміхаецца.аўт.). І людзі адказвалі: "О, трэба прыехаць паглядзець — я нават уяўлення не меў пра тваю краіну".

— У Грэцыі ты вучылася адразу на двух факультэтах. У Беларусі ж паспрабавала сябе ў ролі тэлевядучай, табе знаёмая рэпарцёрская праца (пэўны час Лейла рыхтавала сюжэты для АНТ у праграму "Наша раніца"), ты друкавалася ў газетах... У якой ролі ты сябе яшчэ не паспрабавала?

— Я хачу быць кінаактрысай. Мне вельмі імпануе збегчы з рэальнасці і пабыць кімсьці, кім ты не можаш быць насамрэч. Я была б не супраць паспрабаваць сябе ў розных вобразах — і злой гераіняй, і добрай, і высакароднай. Штосьці кшталту Лары Крофт — нейкія прыгоды. У жыцці я пастаянна пакутую, бо пераймаю рысы гераінь кніг. Вось пасля прагляду фільма "Прыцемкі" я ўсіх хлопцаў ацэньваю праз прызму гэтага вампіра. Нават закахацца ні ў каго не магу: усе не такія ідэальныя (смяецца.аўт.).

— Вяртаючыся да Лейлы-студэнткі: якія прадметы ў адукацыйным працэсе ты лічыш найбольш важнымі?

— Я прыхільнік спецыялізаванай адукацыі. Хтосьці з журналістаў піша пра культуру, хтосьці пра спорт, хтосьці пра палітыку. Я лічу, што журналіст, які піша пра палітыку, павінен ведаць пра свой прадмет нават больш, чым сам палітык, каб умець карэктна задаваць пытанні, умець аналізаваць і прадказваць. У нас на факультэце было вельмі шмат прадметаў. Вядома, гэта дае фундаментальныя веды пра свет у цэлым. Але гэта не дае магчымасці засяродзіцца менавіта на тых прадметах, якія падабаюцца. Калі ў 16-18 гадоў ты прыходзіш на факультэт журналістыкі, то прыблізна ўяўляеш, чым бы хацеў займацца. Асабіста мне хацелася б канцэнтравацца на чымсьці адным. Вывучэнне беларускай і рускай моў — гэта святая святых для журналіста. Абавязкова — дзве замежныя мовы. І безумоўна — набор прадметаў па мастацтву і літаратуры, якую я вельмі люблю і хацела б вывучаць дадаткова.

"Фанабэрыстасці ў мяне няма"

— А што там была за гісторыя з сукенкай, у якой ты прыйшла на "Тэлевяршыню"? Пісалі, што ты адкладала на яе са стыпендыі?

— Сукенка насамрэч была набыта ў французскай краме "Наф-наф" на Нямізе. Крама сярэдняй коштавай катэгорыі. Сукенка мне вельмі спадабалася: калі пабачыла яе на вешалцы — проста ўлюбілася. На той момант сукенка каштавала Br1,5 мільёна. Пазней я даведалася, што мяне намінуюць на "Тэлевяршыню", і зразумела, што вечаровы строй трэба купіць. І стала на яго збіраць. Насамрэч, 1,5 мільёна — рэальная сума, і назбіраць яе можна. Я паспела. Трошкі ўшыла яе ў гарсэце, каб яна лепш на мне сядзела, і прыйшла на цырымонію. Ужо пазней я зразумела, што трапіла ў трэнд, таму што Эма Уотсан нядаўна таксама прыйшла на прэм'еру "Гары Потэра" ў сукенцы такога ж попельнага колеру, з вельмі падобнага матэрыялу і вельмі падобнай па кроі. І хоць фірмы зусім розныя — "Оскар дэ ля Рэнта" вышэй чым "Наф-наф", і сукенка Уотсан выглядае даражэй і прыгажэй, тым не менш я ў трэндзе — гэта сукенка адлюстроўвае мой характар і індывідуальнасць, а таксама супадае з часам.

— Журналісты адсачылі гэты момант. А ўвогуле, калі казаць пра тваіх калег — журналістаў, якія хібы ў іх працы кідаюцца ў вочы?

— Самае непрыемнае, калі на інтэрв'ю прыходзіць чалавек і пачынае задаваць пытанні, а цікавасці ў яго вачах ты не бачыш. Ён падрыхтаваў пытанні, прачытаў пра цябе ў інтэрнэце, але цікавасці ў яго самога — нуль. І калі бачыш, наколькі яму ўсё гэта паралельна, то таксама проста паўтараеш тыя адказы, якія ты калісьці даваў у іншым інтэрв'ю. Таксама некалькі разоў было так, што журналіст навязваў мне нейкую сваю пазіцыю. "Вы ж, напэўна, лічыце, што Зямля круціцца, так?" "Ну так, добра, і што?" — хацелася спытаць у адказ. Самае ж цудоўнае, калі журналіст не рыхтуецца да інтэрв'ю зусім і ведае толькі, як цябе завуць, і тое толькі таму, што ты назваўся пры сустрэчы (усміхаецца.аўт.). Але яму цікава, і ён цябе раскручвае — на пытанні, на ідэі.

— Ці адчуваеш да сябе звышувагу — ці бяруць аўтографы, ці пазнаюць на вуліцах?

— Насамрэч я ўсё тая ж звычайная студэнтка. Я цаню свой статус, зараз я не зарабляю вялікіх грошай. У мяне пакуль зусім іншыя прыярытэты. Я жыву звычайным жыццём, бегаю па вуліцы, хаджу ў бібліятэку, наведваю курсы. Я ў захапленні ад гэтага жыцця. Але такі фактар, як увага да маёй асобы, прысутнічае. Ёсць прыхільнікі, якія шукаюць мой нумар тэлефона, пішуць мне ў інтэрнэце. Пасля вялікіх мерапрыемстваў, канцэртаў іх становіцца больш. Ёсць інфармацыйная нагода — цябе ўзгадваюць, пасля зноў забываюцца. Дзякуй Богу, у мяне няма фанабэрыстасці. Якой я была — такой і засталася.

"Брат называе мяне пухлашчокай"

— Нядаўна ты вярнулася з Баку — чым была выкліканая паездка?

— Я была ў Баку на фотасесіі для глянцавага часопіса "Азербайджанская жанчына". Вялікай фотасесіі. Адна толькі сукенка 6,5 тысячы еўра каштавала. Я так баялася яе насіць! (смяецца.аўт.). Не дай бог з ёй што здарылася б — мяне б не выпусцілі з Баку (усміхаецца. аўт.). Паралельна там праходзіў з'езд азербайджанцаў свету, і мяне таксама запрасілі — як дэлегата ад Беларусі. Было вельмі прыемна. І мяне пазнавалі. Іншыя дэлегаты падыходзілі і звярталіся па імені. Азербайджанцы любяць, калі іх людзі дабіваюцца поспеху. Азербайджан — гэта радзіма майго таты. Мне здаецца, яму было б вельмі прыемна (бацькі Лейлы не стала, калі дзяўчынка была яшчэ маленькай. — аўт.). Мы выехалі адтуль падчас вайны і былі нікім, а сёння вяртаемся туды з імем і якімісьці поспехамі. Прыемна гэта і для маёй мамы.

— Наколькі я ведаю, у цябе ёсць яшчэ сястра і брат. Ці змянілася ў іх стаўленне да сваёй "зорнай" сястры?

— Мой малодшы брат як размаўляў са мной нядбайна, называючы пухлашчокай (смяецца.аўт.), так і называе. А мама і ўвогуле, толькі я прыехала з Азербайджана — выматаная пералётам, перасадкай у Маскве, галодная, — першае, аб чым папрасіла мяне: "Лейла, схадзі памый посуд" (смяецца.аўт.). Так што тут няма калі быць "зорнай" — родныя трымаюць мяне ў аброці (смяецца.аўт.).

— Далейшыя планы?

— Заўсёды казала і кажу: я адкрытая на прапановы, мне прыемна кантактаваць з цікавымі людзьмі і дарыць свае эмоцыі і радасць. Таму я не цураюся працы з рознымі тэлеканаламі і рознымі кампаніямі. Але зараз прыярытэтным кірункам для мяне з'яўляецца адукацыя. У мяне яшчэ ёсць памяць і здольнасці. І пакуль яны не зніклі, пакуль я яшчэ здольная на вучобу і развіццё, хачу развівацца. Сучасная цывілізацыя такія магчымасці дае. Таму я планую працягваць вучобу. Падпрацоўваць можна паралельна, але пакуль гэта для мяне на другім плане.

Гутарыў Ілья ЛАПАТО.

Фота з архіва Л. Ісмаілавай.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэлеверсію закрыцця ХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар-2011" гледачы змогуць паглядзець у пятнічным эфіры Першага канала. Адной з вядучых...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика