"Па грошы ў банк паехалі ўжо, заробак сёння ж і выплацяць"
01.09.2011
—
Новости Общества
|
З вёскі Баярск Смаргонскага раёна паскардзіліся: затрымліваюць выплату зарплаты. Дзіцячыя дапамогі выдалі, а заробак працаўнікам — пакуль не. Маўляў, кіраўніцтва гаспадаркі тыдзень абяцае, але нічога пакуль да лепшага не зрушыла. Больш за тое, даводзіла нам заяўніца (прозвішча яна прасіла не ўказваць, але ў рэдакцыі яно ёсць), людзі нават не ведаюць дакладных тэрмінаў выплаты зарплаты: адзін месяц давалі грошы 25-га чысла, другі 29-га, былі і даты 28-га і 31-га... — Сама я у водпуску па догляду за дзіцем, а на дзіцячую дапамогу шмат не набудзеш. А тут дзяцей літаральна заўтра трэба адпраўляць у школу. А за што купіць патрэбнае, тым больш, самі ведаеце, колькі сёння ўсё каштуе? — эмацыянальна расказвала нам жанчына. Адразу ўзнікла слушнае пытанне: няўжо людзі дацягнулі з набыццём школьнага адзення, абутку, канцылярскіх прылад літаральна да апошняга дня — да 31 жніўня? Калі назаўтра дзіцяці трэба ісці на школьную лінейку? Зразумела, што сёння падрыхтаваць да навучальнага года дзіця каштуе немалых грошай. Не ўсе могуць дазволіць сабе набыць патрэбныя рэчы ў поўным аб'ёме ў чэрвені або ліпені. Аднак большасць бацькоў усё ж імкнецца не зацягваць з іх купляй да апошняга, тым больш, што дзіцяці трэба і з памерам, і з фасонам дагадзіць. Праўда, пакрысе падчас гутаркі высветлілася, што школьную форму і нешта іншае з патрэбнага сям'я ўсё ж набыла. "Улезлі ў даўгі, але купілі". Аднак не паспелі набыць спартыўны касцюм, абутак, яшчэ нейкія дробязі, якія, тым не менш, могуць каштаваць сямейнаму бюджэту зусім не мізэрных сум. Усё гэта жанчына была гатова, як запэўніла нас, набыць адразу ж пасля выдачы мужу зарплаты 31 жніўня: маўляў, у вясковай краме ўсё патрэбнае ёсць... Галоўны эканаміст СВК "Ракаўцы" Галіна ГАРДЗЕВІЧ на наш запыт адказала, што тэрміны выдачы грошай у гаспадарцы — двойчы ў месяц: 10-га і 30-31-га. І ўсе людзі пра іх цудоўна ведаюць. Праўда, часам бываюць невялікія накладкі. Так, зараз дзіцячыя дапамогі выплацілі, а з заробкам так не атрымалася. У чым прычына? — Сродкі ў нас ёсць. Напрыклад, Лідскі хлебакамбінат павінен нашай гаспадарцы грошы за 700 тон пастаўленай харчовай пшаніцы. Аднак пакуль разлічыцца не можа, бо ёсць затрымка з атрыманнем фінансаў ад банка, — паведаміла суразмоўца. — Затое з намі за здадзеную прадукцыю разлічыўся малаказавод, які банк ужо пракрэдытаваў. І па грошы ў банк ужо паехалі, сёння ж іх і выдадуць. Праблема, як бачым, была б аператыўна вырашана і без умяшання рэдакцыі, без парушэння тэрмінаў выплаты грошай. Тым больш, што газета, зразумела, сама па сабе ўсё роўна не магла б выплаціць заробак вясковым працаўнікам. Наша задача — разабрацца ў становішчы, што склалася, у яго прычынах. Тут жа здзіўляе іншае. Напэўна, нейкая залішняя патрабавальнасць заяўнікаў, якія чамусьці не вераць кіраўніцтву, хоць самі і гаварылі, што пазней 31-га чысла заробак ні разу не выдавалі. Тым больш, што раней, увесну, з гэтай жа гаспадаркі з такім жа пытаннем ужо звярталася іншая жанчына, якая таксама даглядае дзіця. Гаварыла, што затрымалі зарплату. Прычым патэлефанавала ў рэдакцыю фактычна на зыходзе тэрміну (як і ў нашым цяперашнім выпадку), да якога грошы павінны быць выплачаны. Усё тады скончылася так, як і зараз: 31-га чысла ўсе патрэбныя выплаты былі завершаныя. Матэрыял так і называўся — "Зарплату затрымалі, але ўжо выплацілі..." Сяргей РАСОЛЬКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З вёскі Баярск Смаргонскага раёна паскардзіліся: затрымліваюць выплату зарплаты. Дзіцячыя дапамогі выдалі, а заробак працаўнікам — пакуль не. Маўляў, кіраўніцтва...
|
|