Формула грамадскага дыялогу. 21.by

Формула грамадскага дыялогу

06.09.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Магілёўскі аблвыканкам прааналізаваў, як у рэгіёне працуюць са зваротамі грамадзян.

Паводле вынікаў за сёлетняе паўгоддзе, колькасць зваротаў у выканаўчыя органы рэгіёна скарацілася на 15%. У тым ліку паўторных і калектыўных — прыкладна на трэць.

— Хачу прапанаваць вам, паважаныя кіраўнікі, адну няхітрую формулу, — звярнуўся да ўдзельнікаў пасяджэння старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік. — Аператыўнае рэагаванне з боку выканаўчай улады на пытанні насельніцтва раўняецца сацыяльна-палітычнаму спакою ў рэгіёне плюс станоўчаму іміджу чыноўніка. Вось па такой формуле, у такім стылі і трэба працаваць.

Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што ні адна сфера жыцця і ні адно пытанне людзей не павінны застацца без увагі ўлады. Асноўная частка зваротаў, як і раней, датычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але такіх скаргаў стала ўсё ж такі менш. Як і пытанняў наконт працы і заробкаў, аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнага забеспячэння, хоць яны па-ранейшаму застаюцца актуальнымі.

Затое сёлета людзі часцей сталі звяртацца са скаргамі, якія датычацца арганізацыі гандлю, работы транспарту, падтрымкі прадпрымальніцтва і развіцця асабістых падсобных гаспадарак.

— Здавалася б, людзей павінен непакоіць рост цэн на тавары, — адзначыў начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян Магілёўскага аблвыканкама Мікалай Асіпенка. — Але не. З 263 зваротаў у выканкамы пытанні цэнаўтварэння падымаліся толькі ў 9-ці.

Разам з тым, пра нездавальняючае гандлёвае абслугоўванне, грубасць і аблічванні паведамляецца ў 40 зваротах, а гэта ўжо 15%. Пётр Руднік лічыць, што самы дзейсны спосаб барацьбы з грубасцю прадаўцоў — залежнасць іх заробку ад колькасці прададзеных людзям тавараў.

Людзі таксама сталі больш скардзіцца на работу транспарту: іх не задавальняюць графікі аўтобуснага руху, яны просяць аб адкрыцці новых маршрутаў альбо аднаўленне старых. Кіраўніцтва вобласці вырашыла, што цяпер пытанні закрыцця маршрутаў грамадскага транспарту будуць разглядацца на выканкамах, каб не было ў гэтай сферы ніякага свавольства.

Кожны чацвёрты зварот па сельскай гаспадарцы датычыцца праблем асабістых падсобных гаспадарак. Сярод асноўных: вызначэнне тлустасці малака, выдзяленне і якасць пашаў, набыццё ўгнаенняў і камбікармоў. Каб аператыўна вырашаць такія пытанні, цяпер штомесяц у камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама будуць праводзіцца прамыя тэлефонныя лініі, менавіта для падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак.

Пётр Руднік таксама даручыў у лічаныя дні разабрацца са жнівом на прыватных надзелах: няўвага тут недапушчальная. Налета Горкі будуць прымаць фестываль "Дажынкі", і вобласць проста абавязана прадэманстраваць краіне дасягненні сельскай гаспадаркі, у тым ліку і ў прыватным сектары.

Сельская гаспадарка з'яўляецца якраз той галіной, дзе сёння не хапае добра падрыхтаваных кадраў. Кадравы голад — увогуле актуальнае пытанне на парадку дня. У рэгіёне патрабуюцца інжынеры, настаўнікі, розныя аграрныя работнікі. Органам кіравання таксама неабходны прыток "свежай крыві", лічыць старшыня аблвыканкама. Ён мяркуе, што не трэба баяцца ставіць моладзь у рэзерв і вучыць, а ратацыю кадраў неабходна праводзіць кожныя пяць гадоў. Тады і вынікі працы будуць лепшыя, падкрэсліў Пётр Руднік.

Таксама на пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама прагучаў зварот да работнікаў гандлю і органаў унутраных спраў. Пётр Руднік запатрабаваў вярнуць у крамы мяса і ўвогуле не дапусціць, каб там была хоць адна пустая паліца. І яшчэ: каля абменных пунктаў не павінна застацца валютчыкаў.

Ілона Іванова.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Магілёўскі аблвыканкам прааналізаваў, як у рэгіёне працуюць са зваротамі грамадзян. Паводле вынікаў за сёлетняе паўгоддзе, колькасць зваротаў у выканаўчыя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика