Беларусь — ЕС: з новай главы?. 21.by

Беларусь — ЕС: з новай главы?

22.09.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адносіны Беларусі і ЕС упершыню атрымалі паўнавартаснае дыпламатычнае афармленне. Апроч пасольстваў асобных еўрапейскіх краін, з'явілася яшчэ, па сутнасці, і пасольства ўсяго Еўрасаюза. Ці стане павышэнне дыпламатычнай прысутнасці ўмацавальнікам кантактаў? Адказ паспрабуем знайсці ў той інфармацыі, якой падзялілася з журналістамі ў першы свой працоўны дзень старшыня Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра МОРА.

— Для мяне гэта гонар — быць першым амбасадарам. Гэта можа стаць пачаткам новай главы ў нашых узаемаадносінах, — мяркуе кіраўнік дыпмісіі.

Вяртанне да нармальнага дыялогу, паводле яе спадзявання, можа адбывацца адначасова з адкрытымі абмеркаваннямі ў самой Беларусі адносна таго, як вырашыць відавочныя праблемы.

Еўрапейскі саюз хоча бачыць эканамічна моцную і незалежную Беларусь, запэўнівае дыпламат. Яна акцэнтуе, што ЕС ніколі не спыняў стасункаў з Беларуссю, якія б цяжкасці ва ўзаемаадносінах ні былі. У пацвярджэнне сваіх слоў спадарыня пасол прывяла той факт, што Беларусь застаецца ўдзельніцай Усходняга партнёрства. Згадала яна таксама пра тэхнічнае супрацоўніцтва і распачатыя перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. "Мы хацелі б, каб як мага больш беларусаў вандравала, вучылася і рабіла бізнэс у ЕС", — кажа М. Мора.

Дыпламат абазначыла сферы інтарэсу ва ўзаемадзеянні з Беларуссю: энергетыка, вышэйшая адукацыя, СМІ, сацыяльная сфера, ахова навакольнага асяроддзя. Вырашэнне праблем тых рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, на яе думку, магло б стаць адным з прыярытэтаў ва ўзаемаадносінах. "Там мы разам маглі б рабіць значна больш", — пераканана старшыня Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. Актуальныя накірункі таксама транспарт, кіраванне межамі, мытня, міграцыя, захады супраць гандлю людзьмі, абароту наркотыкаў, пераадоленне прыродных і тэхнагенных катастроф.

ЕС таксама мае эканамічныя інтарэсы ў Беларусі — "рынак, які шмат абяцае і знаходзіцца проста ў нас на парозе". Асаблівы акцэнт яна робіць на зацікаўленасці ЕС у тым, каб транзіт энергіі праз Беларусь адбываўся без перашкод. Для Беларусі ЕС — напрамак экспарту. "Беларусі было б вельмі выгадна паляпшэнне гандлёвых адносін", — заўважае спадарыня Мора.

— Мы прапануем развіваць нашы адносіны з Беларуссю, як і з іншымі ўсходнімі партнёрамі. Аднак Беларусь павінна зрабіць рашучыя крокі ў накірунку да прыватызацыі і адкрыць сваю эканоміку. Гэта дазволіла б прыцягнуць новыя тэхналогіі і пераадолець цяжкія наступствы эканамічнага крызісу, — распавядае пасол.

Гэта не адзіная ўмова, на якую звярнула ўвагу дыпламат. Так, паказальнымі, паводле яе слоў, будуць парламенцкія выбары, якія маюць адбыцца ў Беларусі налета. Яны, на думку дыпламата, даюць краіне магчымасць пайсці па шляху мадэрнізацыі.

— ЕС гатовы адкрыць новую старонку ў адносінах, калі абставіны дазволяць, — рэзюмуе кіраўнік Прадстаўніцтва. — Мы будзем сачыць за тым, што адбываецца, і адказваць адпаведна.

Яна ўдакладніла, што аказанне эканамічнай дапамогі Беларусі і вызваленне палітзняволеных ніякім чынам не звязаны. Маўляў, гэта не прадмет торгу, а перадумова для дыялогу.

— Аб'яднаная Еўропа, гэтак жа, як дэмакратыя — магчыма, не самы ідэальны праект, але лепшага пакуль няма. Прынамсі, мы так бачым, — прызнаецца старшыня Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. — І ўвага да дэмакратызацыі Беларусі — гэта не зацікаўленасць, гэта каштоўнасці, якія падзяляюць еўрапейскія краіны. І Беларусь, якая мяжуе з ЕС, нам важная як наша краіна-суседка.

Майра Мора, ураджэнка суседняй Латвіі, ведае Беларусь не па аповедах. Раней яна ўзначальвала тут дыпламатычную місію сваёй краіны. Ды з яе апошняга візіту сюды прайшоў усяго нейкі год. Ці прыкмеціла яна пэўныя змены?

— Так, некаторыя змены ёсць: цэны, валютны курс. Не скажу, што для мяне гэта было сюрпрызам, гэта рэальнасць. Яны адрозніваюцца ад тых, што былі год таму, калі я адсюль з'ехала. Але візуальна, — я кажу вельмі шчыра, для мяне гэта быў сюрпрыз, — візуальна змен [у ладзе жыцця, сацыяльным становішчы] няма. Нібыта я не ад'язджала.

Ала МАЧАЛАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адносіны Беларусі і ЕС упершыню атрымалі паўнавартаснае дыпламатычнае афармленне. Апроч пасольстваў асобных еўрапейскіх краін, з'явілася яшчэ, па сутнасці, і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика