Зімовыя кватэры для беларускіх вітамінаў. 21.by

Зімовыя кватэры для беларускіх вітамінаў

18.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Працаўнікі сельскай гаспадаркі Магілёўскай вобласці робяць сабе падарункі да прафесійнага свята: у аграгарадку Мокрае Быхаўскага раёна 16 лістапада адкрылася новае сучаснае сховішча для яблыкаў.

— Гэта наша "ашчадная кніжка"! — кажа дырэктар філіяла "Макранскі" ААТ "Быхаўскі кансервава-сушыльны завод" Ніна Назарэвіч і з гонарам адкрывае адну з камер сховішча.

Там соладка пахне яблыкамі і да столі стаяць вялізныя драўляныя скрыні з чырванабокімі пладамі. У камеры падтрымліваецца тэмпература ў 1 градус і пэўная вільготнасць, каб ураджай з макранскіх яблыневых садоў захаваўся да вясны і прынёс важкі прыбытак гаспадарцы і яе працаўнікам.

Сховішча ўзвялі за год, і там у пяці камерах можна захоўваць 500 тон яблыкаў. Менавіта столькі павінны даваць яблыневыя сады ў "Макранскім", пасаджаныя на 100 гектарах паводле дзяржаўнай праграмы пладаводства.

Каштавала сховішча амаль 6 мільярдаў рублёў: частка, каля 900 мільёнаў, — бюджэтная дапамога, а астатняе — банкаўскія крэдыты. Усё карпатліва падлічана: праект павінен поўнасцю акупіцца праз 6,5 года, але ўжо цяпер Ніна Назарэвіч упэўнена, што сучасныя сховішчы для сельскагаспадарчай прадукцыі — гэта вельмі выгадна.

— Пакупнік цяпер стаў капрызлівы, таму яблыкі павінны захоўвацца такім чынам, каб дайсці да спажыўца ў выдатным якасным стане, а нам трэба ўзяць за яго добрую цану, — працягвае кіраўнік гаспадаркі.

Дзякуючы такім сховішчам, беларускія яблыкі становяцца годнымі канкурэнтамі замежнай садавіне. Гатункі беларускай селекцыі не горшыя па смаку, пры належных умовах захоўвання маюць належны выгляд, а да таго ж таннейшыя за імпартныя. Таму, безумоўна, карыстаюцца попытам.

Напрыканцы працоўнага дня ў сераду ў Мокрым адкрылі сховішча — урачыста, з прамовамі і музыкай. Будаўнікі ўручылі вялізны сімвалічны ключ ад новага аб'екта. Чырвоную стужку перарэзалі прадстаўнікі ўлады. Мясцовы святар прачытаў малітву і акрапіў новы гаспадарчы будынак.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік, які прыехаў на адкрыццё, назваў падзею "яшчэ адным крокам да дабрабыту".

— Адкрыццё сучасных сховішчаў для садавіны — гэта толькі пачатак працы, якую трэба працягваць, — сказаў журналістам Пётр Руднік. — У Быхаўскім раёне 250 гектараў новых садоў, а ўвогуле ў Магілёўскай вобласці — 4,5 тысячы гектараў. У нас пасаджаны сады, і праз некалькі гадоў усе гэтыя яблыні дадуць поўную аддачу: каб выгадна распарадзіцца ўраджаем, патрэбны сучасныя сховішчы. Гэта дазволіць паменшыць імпарт і даць людзям прадукцыю, якая адпавядае іх чаканням. Да канца пяцігодкі будзем са сваімі яблыкамі!

Размова, вядома, не толькі пра яблыкі, але і пра іншую прадукцыю сельскай гаспадаркі: любую гародніну і ў першую чаргу запатрабаваную ўсімі і ўсюды бульбу. Кіраўнік Магілёўскай вобласці таксама наведаў СВК "Гігант" Бабруйскага раёна, дзе пабудавана сучаснае сховішча на 20 тысяч тон бульбы.

Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак у рэгіёне сёлета сабралі 188 тысяч тон бульбы, удвая больш, чым летась, і захоўваць мяркуецца амаль палову ўраджаю. Новае сховішча "Гіганту" вельмі дарэчы, бо менавіта гэтая гаспадарка мае вялікі вопыт вырошчвання бульбы, валодае сучаснымі тэхналогіямі і ўвогуле лічыцца бульбаводчай сталіцай Магілёўшчыны. У дадатак да сховішча там запрацуе галандская лінія, дзе бульба будзе не толькі пакавацца ў пакеты па кілаграмах, але перад гэтым мыцца і чысціцца!

Увогуле Магілёўская вобласць, паводле вынікаў за 10 сёлетніх месяцаў у параўнанні з адпаведным леташнім перыядам, прыбавіла ў сельскай гаспадарцы больш за 10%.

— Ідзём у правільным кірунку: растуць аб'ёмы і павялічваецца выручка, — падкрэсліў Пётр Руднік. — І што вельмі важна, павялічваецца экспартная выручка. Робім стаўку на перапрацоўку мясцовай сыравіны — агародніны, мяса, малака. Калі мы будзем прадаваць сваю прадукцыю за мяжу і атрымліваць валюту, то гэта дасць вельмі неабходную нам прыбаўку. Так што маем намер рухацца такім шляхам і ў наступныя гады.

Ілона Іванова.

Быхаўскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працаўнікі сельскай гаспадаркі Магілёўскай вобласці робяць сабе падарункі да прафесійнага свята: у аграгарадку Мокрае Быхаўскага раёна 16 лістапада адкрылася...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика