Шанс для інвестара. 21.by

Шанс для інвестара

18.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Стваральнік слыннага брэнда "Паставы-гарадок" — Пастаўскі малочны завод — шукае партнёра для рэалізацыі новых праектаў

Карэспандэнты "Звязды" гутараць з дырэктарам вядомага прадпрыемства Іванам ЮХНО

Іван Юльянавіч расказвае:

— Яшчэ ніколі адзін год не быў падобны на іншыя. Гэты год, які ўжо адыходзіць у гісторыю, выдаўся складаным, нават цяжкім. Не ў фінансавым плане, бо тут усё было якраз больш-менш нармальна. Мы атрымліваем прыбытак, працуем рэнтабельна. Складанасць заключалася ў тым, што зусім нядаўна збыт прадукцыі у нас быў наладжаны, ішоў роўна, і мы ведалі, колькі канкрэтна зможам прадаць масла і сыроў у Расію, а казеіну — у Еўропу. Зараз у колькасным плане з'явіліся зусім іншыя параметры. Сёлета мала прадалі масла ў Расію, менш адправілі суседзям сыроў. Праўда, больш, чым у мінулыя гады, рэалізавалі казеіну ў Еўропу.

Калі спрабаваць шукаць нейкія тлумачэнні зніжэнню аб'ёмаў экспарту ў Расію, то адна з магчымых прычын — павелічэнне адпускных цэн на нашы прадукты для расіян. Мы павінны былі ўлічваць агульную сітуацыю на рынках і ў рэшце рэшт атрымалі такі вось вынік. Расія па новай цане масла ў нас не брала, яна закупіла яго на выгадных для яе ўмовах у іншых вытворцаў, у далёкім замежжы. Мы прадавалі яго ў Беларусі, і ўсё роўна атрымалася так, што расійскія перакупшчыкі прыязджалі на Віцебшчыну, якая непасрэдна мяжуе з Расійскай Федэрацыяй, скуплялі наша масла партыямі і гандлявалі ім з багажнікаў легкавых машын у сябе ў прыгранічных раёнах. І не толькі расійскія, але і нашы вывозілі таксама.

Прыкладна такая ж сітуацыя, хоць са сваімі нюансамі, складвалася і па сырах. Больш шырокую іх рэалізацыю ў расійскіх рэгіёнах тармазіла наша новая цана. Гэта азначае, што мы не змаглі зарабіць для краіны больш грошай. Затое, безумоўна,  лепш забяспечылі ўнутраны рынак. Магчыма, пры рашэнні дылемы — валюта для краіны ці прадукцыя для ўнутранага рынку — можна было б у будучым скарыстаць правераную практыку ўстанаўлення квоты на рэалізацыю за мяжу.

А так усё складваецца даволі нармальна. Малака ў нас сёлета больш, чым летась. За кошт таго, што перадавыя гаспадаркі нашай сыравіннай зоны ўвялі ў эксплуатацыю новыя магутнасці па ўтрыманні дойнага статка. У прыватнасці, уступіла ў строй дзейных новая жывёлагадоўчая ферма ў СВК "Хацілы", а таксама ў СВК "Навасёлкі-Лучай". Таму значна ўзрасла вытворчасць малака. І калі ўзяць за прыклад дзейнасць гэтых гаспадарак, то можна сказаць, што ўжо сёння ў Беларусі можна атрымліваць малака ў два разы больш. У тых жа "Хацілах" 3,8 тысячы гектараў ворных зямель, а прадаюць нам па 25 тон малака ў суткі. Прычым ферму пабудавалі і атрымалі рэальны вынік даволі хутка, на працягу двух гадоў.

— Але і ў вас у саміх ёсць даволі важныя гаспадарчыя навіны...

— Ад размоў пра неабходнасць пашырэння вытворчасці цвёрдых сыроў мы ў гэтым годзе перайшлі да канкрэтнай справы: распачалося ўзвядзенне новага цэха сыроў, па сутнасці — новага завода. Гэта для нас даволі важная новабудоўля, тым больш што колькасць сыравіны, якая будзе перапрацоўвацца, павялічваецца ў два разы. Звычайна ў сезон "вялікага малака" перапрацоўваем 250 тон, а з пускам новых магутнасцяў зможам перапрацоўваць да 500 тон.

Патрэбна мець на ўвазе, што малочная галіна ў краіне развіваецца даволі хуткімі тэмпамі, і калі ўпусціць час, то абавязкова з'явяцца праблемы з перапрацоўкай. Ужо зараз у перыяд, калі ідзе "вялікае малако", на Віцебшчыне магутнасці па яго перапрацоўцы загружаны на сто працэнтаў. Рэзерву магутнасцяў няма ні на адным заводзе.

З пускам новага цэха мы зможам шырэй прадаваць сваю прадукцыю і ў Беларусі, і на расійскі рынак. Згодна з медыцынскімі нормамі Беларусь павінна спажываць цвёрдых сыроў (а гэта вельмі карысны, пажыўны прадукт) хаця б у тры разы больш, чым зараз. Яшчэ паўгода таму яго спажывалася крыху больш за два кілаграмы на чалавека ў год. Па алкагольных напітках у нас зусім іншыя лічбы.

— У агульным кантэксце нашай размовы дазвольце пацікавіцца вынікамі работы за 9 месяцаў.

— Вытворчасць таварнай прадукцыі ў сённяшніх цэнах — 147,7 працэнта да адпаведнага леташняга ўзроўню. Атрымалі 3,2 мільярда прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі. Павялічылі адгрузку на экспарт: 117 працэнтаў да леташняга ўзроўню. Удзельная вага экспартных паставак у выручцы ад рэалізацыі — 41,5 працэнта. Летась доля экспарту за 9 месяцаў была 38 працэнтаў.

— Якая прадукцыя дае вам найбольшы прыбытак?

— Найбольш рэнтабельная пара — масла плюс казеін, іх вытворчасць тэхналагічна ўзаемазвязана. Для вырабу масла патрэбны вяршкі, казеіну — адгон. Чыста па казеіне рэнтабельнасць — 39 працэнтаў, а разам з маслам — 20.

Да нашай размовы з дырэктарам далучаецца галоўны эканаміст Людміла Лебедзева:

— У сэнсе прыбытковасці найбольш складаная ў нас сёлета сітуацыя з натуральнамалочнай прадукцыяй, бо тут вялікая ўдзельная вага сацыяльна значнай прадукцыі. Закупачныя цэны ў гэтым годзе высокія, мы за іх ростам са сваёй цаной на прадукцію не можам угнацца. Закупачныя падымаліся ў кастрычніку і лістападзе, а ў нас цана на малако, кефір і ўсю гэтую групу — вераснёўская. Страты ад розніцы паміж закупачнымі цэнамі на сыравіну і цэнамі на нашу сацыяльна значную прадукцыю вельмі значныя. Напрыклад, закупачная цана на малако — 2600 рублёў, класа "Экстра" — 2944 рублі. А літр нашага малака ў пакеце Пюр-Пак каштуе ў гандлі 1 тысячу 741 рубель. Розніцу дапамагаюць пакрываць менавіта масла і казеін. Яны прынеслі за 9 месяцаў 6 мільярдаў прыбыткаў. Хаця летась мы па "натуральнамалочцы" працавалі з прыбыткамі. Міністэрству эканомікі неяк удавалася вытрымліваць парытэт паміж закупачнымі цэнамі на сыравіну і цэнамі на гатовую прадукцыю.

— Яны і зараз будуць прыведзены ў адпаведнасць, гэта пытанне часу, — працягвае дырэктар. — А што датычыць нас, то мы ведаем: карміць людзей усё роўна патрэбна, прадукцыю з брэндам "Паставы-гарадок" чакаюць фактычна ва ўсіх гарадах Віцебшчыны. А таксама ў суседніх гарадах Мінскай вобласці, у курортнай нарачанскай зоне, у сталіцы. Летам на Мінск і на Віцебск мы адгружалі па 25 працэнтаў сваёй прадукцыі.

Вось чаму аб'ёмы натуральнамалочнай прадукцыі мы не зменшылі, а, наадварот, нарошчваем іх. Да леташняга ўзроўню ў нас за 9 месяцаў — 125 працэнтаў.

— А наколькі прыбытковыя сыры?

— Сыры на экспарт канкрэтна ў гэты момант — прыбытковыя, — тлумачыць Людміла Ювінальеўна. — Але мы не можам паставіць на экспарт такую колькасць іх, каб перакрыць страты ад натуральнамалочнай прадукцыі. Казеіну ідуць значна большыя партыі, і цана іншая. Зараз тона казеіну каштуе 75 мільёнаў, а сыру — 45 мільёнаў. Дарэчы, у зусім нядаўнія часы казеін на знешніх рынках каштаваў даволі танна і прыносіў нам страты. Часы мяняюцца, і патрэбна весці гібкую палітыку.

— А зараз ад "сухіх" лічбаў — да "лірыкі". Летась мы гаварылі з вамі, Іван Юльянавіч, аб першых выніках глабальнай рэканструкцыі прадпрыемства. Якраз натуральнамалочнай вытворчасці. Не паспелі вы адпачыць ад яе — распачалі новае будаўніцтва: тут і сырцэх, і ачышчальныя збудаванні. Такія высокія тэмпы абнаўлення не выбіваюць калектыў з нармальнага вытворчага рытму?

— Не забывайце, што дадаткова мы яшчэ выканалі вельмі многа работ па добраўпарадкаванні, пашырэнні тэрыторыі. Такі імклівы рух ва ўласным развіцці — гэта закон жыцця. Калектыву нельга спыняцца ў сваім развіцці ні на хвіліну, інакш усё разваліцца. Калі не павялічваць магутнасці прадпрыемства, не паляпшаць тэхналогію, не перавучваць калектыў. Пасля пуску новага сырцэха завод, хутчэй за ўсё, стане камбінатам. І зноў калектыву патрэбна будзе браць новую вышыню — наладжваць вытворчыя працэсы ўжо ў статусе камбіната. Нават сёння наша рэалізацыя па выніках года будзе перавышаць 100 мільярдаў рублёў, а з'явіцца новая сырная вытворчасць — і аб'ёмы ўзрастуць як мінімум у тры разы. І перад прадпрыемствам адкрываюцца зусім іншыя магчымасці — і па асваенні новых відаў прадукцыі, і нават па новай спецыялізацыі, чаго нельга выключыць. Бо патрэбна памятаць, што ў нас за спінай — курортная нарачанская зона, і ёсць абсалютна канкрэтнае даручэнне кіраўніка дзяржавы па забеспячэнні яе экалагічна чыстай прадукцыяй. А ўся наша прадукцыя — менавіта экалагічна чыстая, пажыўная, натуральная і высакаякасная. У санаторыях, дамах адпачынку — наогул здраўніцах навокал возера яна разыходзіцца "на ўра".

— Раскажыце пра новы, "сырны" праект. Які яго кошт?

— Прыкладна 17 мільёнаў еўра. Будуем за кошт крэдытаў. Праект выконвае Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, генпадрадчык — "Полацксельбуд". Як бачыце, сілы прыцягнуты сур'ёзныя. Ужо вядзецца закладка фундамента пад новы будынак, пачынае паступаць новае сучаснае абсталяванне. Прычым новы цэх, які будуецца згодна з рашэннем урада і аблвыканкама, ствараецца такім чынам, каб у далейшым былі магчымасці для прыросту перапрацоўкі сыравіны і прыросту выпуску малака і малочнай прадукцыі. Гэта патрабаванне ўрада. Зараз наша сырная вытворчасць дае 2 тоны ў суткі. А ў новым цэху будзе ўстаноўлена прагрэсіўнае абсталяванне для вытворчасці па перадавых еўрапейскіх тэхналогіях 20 тон сыроў у суткі. На аснове аналізу сусветнага вопыту мы прыйшлі да высновы, што менавіта такая прадукцыйнасць абсталявання найбольш аптымальная.

У канцы мінулага года ездзілі ў суседнюю Літву, знаёміліся з арганізацыяй малочнай вытворчасці ў буйных малочных кампаніях. На прадпрыемстве, якое наведалі, працуюць тры такія лініі па 20 тон сыроў у суткі кожная. Калі з цягам часу нам таксама спатрэбіцца яшчэ далей пашыраць вытворчасць, то гэта можна будзе вырашыць шляхам дабаўлення новага модуля, толькі і ўсяго. Так што мы на правільным шляху. Застаецца толькі спадзявацца, што крэдытныя рэсурсы для гэтага праекта, якія прадастаўлены нам згодна з 480-м Указам Прэзідэнта, будуць паступаць своечасова. Тады наступны год мог бы стаць і пускавым. А на гэты год стаіць задача ўвесці новыя ачыстныя збудаванні.

Будуем новую вытворчасць мы за ўласныя сродкі, з дапамогай выдзеленых нам ільготных крэдытаў. Але лічым, што гэты праект мае сваю асаблівую прывабнасць для інвестараў. Ужо сёння пастаўскія цвёрдыя сыры — гэта цвёрдая валюта, без перабольшання. Пасля падваення, патраення іх выпуску ў прамым выйгрышы будзе любы інвестар. Так што праз старэйшую беларускую газету, якая з'яўляецца афіцыйным органам беларускага парламента і ўрада, афіцыйна запрашаем айчынных і замежных інвестараў да зацікаўленага супрацоўніцтва — выгада тут узаемная. Мы можам гарантаваць высокую акупнасць інвестыцый. Адзін з асноўных законаў рынку гаворыць, што грошы павінны працаваць. Што ж, цудоўна! Няхай яны папрацуюць на ніве, якую мы шчодра падрыхтавалі за ўсе папярэднія гады даволі стараннага гаспадарання. Наш калектыў даказаў на справе, што ўмее працаваць эфектыўна. А яшчэ інвестары павінны памятаць, што, укладваючы свае сродкі ў развіццё Пастаўскага малочнага завода, яны фактычна ўдзельнічаюць у імклівым развіцці курортнай і турыстычнай зоны возера Нарач, а гэта высокаліквідны праект.

...У размове з Іванам Юльянавічам Юхно мы закранулі многія тэмы, у тым ліку і тэму абнаўлення асартыменту прадукцыі.

— Абнаўленне асартыменту — працэс пастаянны, — лічыць вопытны кіраўнік. — На старым запасе не пражывеш, увесь час патрэбна нешта новае. У гэтым годзе пайшлі адтопленае малако, новыя віды кефіру, пітны ёгурт "Изюминка"... Сыры новыя пайшлі, вяршкі тлустасцю 35 працэнтаў, вельмі прыдатныя для кулінарных патрэб. Да слова сказаць, усе новыя віды прадукцыі раскупляюцца цудоўна, бо наш пакупнік нам давярае, а мы ведаем яго густ, яго прыярытэты. Варта аддаць новую прадукцыю на конкурс — займае прызавыя месцы, заваёўвае дыпломы. Нашы тэхнолагі, майстры-сыраробы, майстры натуральнамалочнай прадукцыі — гэта вельмі творчыя людзі. У сваёй справе яны сапраўдныя прафесіяналы і не супакойваюцца на дасягнутым. Адсюль і папулярнасць брэнда "Паставы-гарадок" на айчынным і нават расійскім рынках.

— Падчас нашай мінулай сустрэчы вы дзяліліся планамі пашырэння выпуску марозіва...

— Гэта ўжо наступны этап. Пакуль што вырашаем галоўныя задачы. У нас таксама ёсць планы пашырэння выпуску тварагу, бо сёння не маем магчымасці задаволіць усе заяўкі на яго. Прыкупілі 1,7 гектара зямлі, што прымыкае да заводскай тэрыторыі, з пабудовамі — патрэбна і там парадак наводзіць. У нас сур'ёзныя планы па далейшым пашырэнні вытворчасці патрэбнай краіне прадукцыі, па нарошчванні экспарту. Яны грунтуюцца на магчымасцях высокапрафесійнага калектыву, які можа справіцца з самымі складанымі задачамі.

Ад імя калектыву Пастаўскага малочнага завода і сябе асабіста віншую работнікаў галіны з прафесійным святам. Здароўя вам, паважаныя калегі, міру і стваральнай працы!

Студэнтам — біякефір, малым ёгурт "Я-Супер"

Наш наступны субяседнік — начальнік вытворчасці Таццяна Цітова.

— Мы вырабляем класічную малочную прадукцыю. Пасля завяршэння рэканструкцыі пачалі выпускаць значна больш "натуральнамалочкі". А рабочым стала лягчэй працаваць, бо новае абсталяванне бярэ на сябе значную частку ручной працы. Зроблены новы крок у забеспячэнні высокай якасці прадукцыі. Устаноўлена бактафуга для ачысткі малака, закуплены высокапрадукцыйныя аўтаматы для фасоўкі і гэтак далей.

Мая асабістая задача — дабіцца ўзгодненага і эфектыўнага ўзаемадзеяння ўсіх вытворчых падраздзяленняў. Гэта залежыць ад згуртаванасці калектыву, і ў значнай ступені ад пярвічных кіраўнікоў на вытворчасці –  майстроў. Менавіта на іх я абапіраюся ў сваёй рабоце. Святлана Іванаўна Малікава — майстар па вытворчасці малочнай прадукцыі. Алена Іванаўна Суліма — майстар сыраробнай вытворчасці. Зоя Барысаўна Сцепаненка — майстар-маслароб. Ганна Мікалаеўна Антаневіч — таксама майстар натуральнамалочнай прадукцыі і таксама з вялікім вопытам работы. Яўген Уладзіміравіч Феакцістаў займаецца выпускам казеіну, працуе на прадпрыемстве больш за дзесяць гадоў.

Усяго на заводзе добры дзясятак майстроў, і занадта многае ў арганізацыі вытворчасці трымаецца на іх высокіх прафесійных якасцях. Як і на прафесіяналізме непасрэдных выканаўцаў. У калектыве шмат маладых рабочых, таму вельмі важная роля настаўнікаў моладзі. Такіх, як апаратчык пастэрызацыі і ахалоджвання малака Ганна Уладзіміраўна Кліпа, за плячыма якой Пінскі тэхнікум мяса-малочнай прамысловасці і больш чым 20-гадовы стаж. Як вытворца смятаны Галіна Мікалаеўна Давідоўская. Людзей, якім можна даверыць выхаванне маладых спецыялістаў, у нас шмат.

А ад якасці працы залежыць і якасць прадукцыі. Калектыў пацвердзіў Прэмію ўрада, прысуджаную за якасць работы ў 2010 годзе, і нам прадоўжылі яшчэ на два гады права адпаведнай маркіроўкі прадукцыі. Атрымалі сертыфікат на права маркіроўкі шэрагу вырабаў знакам "Натуральны прадукт". Дзейнічаюць сістэма ХАССП і сістэма менеджменту якасці, якая грунтуецца на міжнародных стандартах.

Падтрымліваем цесную сувязь са спецыялістамі галіновага інстытута мяса-малочнай прамысловасці. Яны дапамагалі нам распрацоўваць знакамітыя сыры "Тызенгаўз" і "Чэдар-Бел", а зараз падрыхтавалі новыя рэцэптуры вельмі перспектыўных, на наш погляд, сыроў. Са сваімі прапановамі пастаянна звяртаюцца даўнія партнёры — камерцыйныя фірмы, рэкамендуюць свае рэцэптуры, тэхналогіі, нават гатовы прадаставіць уласныя сродкі пад іх. Яны прапануюць, а мы выбіраем лепшае.

Бо, паверце, вельмі прыемна заходзіць у магазін і чуць ад знаёмых, суседзяў толькі добрыя словы. Не менш радуюць такія водгукі падчас камандзіровак у Віцебск ці сталіцу, калі наведнікі таго ж Камароўскага рынка, дзе ў нас некалькі гандлёвых месцаў, наперабой хваляць марку "Паставы-гарадок". Мой сын вучыцца ў Мінску, то там пастаянна купляе ў магазіне прадукты нашага завода. Кажа: "Быццам маці пачаставала кефірам".

Па энергаэфектыўных тэхналогіях

Галоўны інжынер прадпрыемства Георгій Касцень:

— У нас на вытворчых участках стаіць сучаснае высокапрадукцыйнае абсталяванне, бо толькі летась завяршылі паглыбленую рэканструкцыю. Але тое абсталяванне, якое пачынаем атрымліваць для новага сырцэха, наогул суперсучаснае. Вытворцы — заканадаўцы моды ў гэтым сектары машынабудавання: фірмы Чэхіі, Даніі, Германіі, якія акумулявалі найноўшы вопыт еўрапейскіх сыраробаў.

Ступень аўтаматызацыі ў новым цэху, які разлічаны на выраб 10 тон сыроў у змену, вельмі высокая, і ўсё абсталяванне будуць абслугоўваць 7-8 чалавек, не больш. Зараз такая ж колькасць працуе ў дзейным цэху, але ён дае ўсяго тону сыру за змену.

Новае абсталяванне будзе і больш энергаэфектыўным. Малочныя тэхналогіі будуюцца на чарадаванні нагрэву і ахалоджвання, якія паўтараюцца шматразова, што патрабуе сур'ёзных затрат энерганосьбітаў. Калі зараз ахалоджванне аднаго прадукту не заўсёды выкарыстоўваецца для награвання другога, то тут такія "тэрмавагі" прадугледжаны. Сыроватка ахалоджваецца ледзяной вадой, якая будзе прымяняцца для падагрэву малака. Для падагрэву паветра выкарыстаем рукаператыўныя сістэмы цеплаабмену.

Паралельна вядзецца пусканаладка на ачышчальных збудаваннях. Яны даволі эфектыўныя і разлічаны на далейшае развіццё нашай вытворчасці: змогуць перапрацоўваць у суткі да 600 кубаметраў сцёкаў. Тыдзень работы ў рэжыме пусканаладкі паказаў: ступень ачысткі на італьянскім абсталяванні дасягаецца такая, што ваду можна скідваць нават у вадаёмы рыбгасаў — настолькі яна чыстая.

У нас ажыццяўляюцца адразу тры даволі сур'ёзныя праекты: заканчваецца ўзвядзенне ачышчальных збудаванняў, разгортваецца будаўніцтва сырцэха і пачынаецца падрыхтоўчы этап на аміячна-халадзільнай устаноўцы. Без яе ў малочнай вытворчасці нічога не зробіш. Пры выпрацоўцы холаду атрымаем цяпло, колькасць якога будзе дастатковая, каб забяспечыць завод гарачай вадой.

"Прадукцыя наша — натуральная"

Галоўны тэхнолаг Святлана Германовіч:

— Каб адпавядаць патрабавальнаму густу спажыўцоў, над пашырэннем асартыменту працуем пастаянна. Напрыклад, у гэтым годзе выпусцілі серыю прадуктаў, абагачаных комплексам прэбіётыкаў "Імулін". Гэта малако пітное пастэрызаванае рознай тлустасці (1,5 і 3,2 працэнта) і кефір двух відаў, такой жа тлустасці. Чытачу карысна будзе ведаць, што ў комплекс прэбіётыкаў уваходзяць лактулоза і харчовае валакно — полісахарыд імулін (яго выдзяляюць з клубняў тапінамбура, эхінацэі, карэньчыкаў дзьмухаўца). Трапляючы ў арганізм чалавека, імулін расшчапляецца на фруктозу і асататак, які выводзіць з арганізма чалавека лішні халестэрын, таксіны, радыенукліды, цяжкія металы. А лактулоза ў харчовай прамысловасці выкарыстоўваецца даўно, таксама дзякуючы сваім выдатным асаблівасцям па аздараўленні арганізма.

Сёлета выпусцілі новы сыр "Мацарэла-Прэміум". Яго чакалі аматары піцы, ён можа шырока выкарыстоўвацца наогул для прыгатавання разнастайных страў. Яшчэ адна наша навінка — "Сырны гасцінец з Беларусі" ў прыгожай сувенірнай упакоўцы. І працягваем выпускаць сыры, якія зрабілі нам імя не толькі на айчынным рынку, але і ў Расіі — элітны "Тызенгаўз", які з'яўляецца візітоўкай прадпрыемства, а таксама "Умамі", "Чэдар-Бел", "Канталі", сырны рулет "Пікантны", сыр "Рыўера" з напаўняльнікамі", а таксама "Рыўера" кукурузка, вэнджаны — усяго больш за дваццаць відаў сыроў. Дарэчы, падрыхтавана рэцэптура яшчэ двух новых цвёрдых сыроў "Пармезан Гранд" і "Груер" — з імі збіраемся "стартаваць" у наступным годзе.

Навінка гэтага года — ёгурт "Я-Супер" з разнастайнымі фруктовымі напаўняльнікамі. Ён вельмі спадабаўся дзецям. Для гурманаў выпусцілі адтопленае малако традыцыйнай тлустасцю 3,5 працэнта, і прастаквашу "Мечнікаўская", якая дзякуючы сваёй заквасачнай мікрафлоры аказвае станоўчае ўздзеянне на здароўе.

Прадукцыя наша — натуральная, без хімічных дабавак і фарбавальнікаў. Калі без стабілізатараў можна абысціся — абыходзімся. Грыбкі для кефірнай закваскі вырошчваем самі.

Тэхналогіі ў шэрагу выпадкаў прымяняюцца арыгінальныя, асабліва пры вытворчасці сыроў і прадукцыі паніжанай тлустасці серыі "Лёгка". І даволі часта яны прымяняюцца з улікам нацыянальных традыцый. Апошні такі прыклад — ледзьве не адзіныя ў краіне 35-працэнтныя вяршкі для ўзбівання. Іх ахвотна бяруць гаспадыні, рэстараны сеткі "Лідо", іншыя сталічныя прадпрыемствы грамадскага харчавання. А калі наша прадукцыя карыстаецца такім попытам, то мы адчуваем за яе вельмі вялікую адказнасць.

Публікацыю падрыхтавалі Вераніка Арлоўская,

Уладзімір Хількевіч і Марыя Жылінская (фота).

УНП 300567362

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Стваральнік слыннага брэнда "Паставы-гарадок" — Пастаўскі малочны завод — шукае партнёра для рэалізацыі новых праектаў Карэспандэнты "Звязды"...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика