Барыс БАТУРА: "На зямельных участках павінен быць парадак!". 21.by

Барыс БАТУРА: "На зямельных участках павінен быць парадак!"

10.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Народная прымаўка нездарма сцвярджае, што "брат далёка, а сусед — блізка". Добрыя адносіны з суседзямі не менш важныя для спакойнага, камфортнага пражывання, чым лад у сям'і. І не сакрэт, што "праблемныя" суседзі могуць пазбавіць гэтага самага спакою і падарваць здароўе нават маладым. Удвая крыўдна, калі з такімі праблемамі сутыкаюцца людзі састарэлыя, якія часта проста не ў стане самастойна абараняць свае правы.

Што такое жыць з суседзямі-алкаголікамі, добра ведае Зінаіда Пятроўна Кулік з Чэрвеня. Сям'я з трох пітушчых грамадзян з'яўляецца пастаяннай крыніцай шуму, антысанітарыі і шкодніцтва для ўсяго яе 5-кватэрнага дома. Не дачакаўшыся нейкіх рашучых захадаў ад мясцовых інстанцый, пенсіянерка звярнулася да старшыні Мінаблвыканкама Барыса Батуры, які днямі ў Чэрвені праводзіў выязны прыём грамадзян. Той патлумачыў скаржніцы, што ў Жыллёвым кодэксе існуе норма, якая прадугледжвае высяленне за парушэнне грамадскага парадку, і даручыў старшыні райвыканкама знайсці пустую хату на вёсцы ды перасяліць туды "праблемную" сям'ю. А калі трэба — то і накіраваць на прымусовае лячэнне.

Не атрымалася знайсці агульную мову з суседзямі і ў пенсіянеркі Марыі Пятроўны Зіневіч, што жыве ў Чэрвені ў прыватным сектары. Інвалід ІІ групы, на старасці гадоў яна засталася адна. З чым магла, спраўлялася ўласнымі сіламі: наняла людзей, каб пачысцілі і добраўпарадкавалі калодзеж, паставілі новенькую агароджу. А суседзі, калі перакладалі печ, выкінулі пад гэтую агароджу будаўнічае смецце. "Пяць пралётаў майго плота засланяе бітая цэгла і гліна. Гляну — у мяне душа баліць. Гэта ж мая "капеечка", з пенсіі адкладзеная, — уздыхала бабуля. — Скажу я ім (суседзям. — Аўт.), а яны толькі лаюцца... Ну дык біцца ж з імі я не магу... Гады са два ўжо ляжыць гэтае смецце. Навошта ж з мяне так здзекавацца, карыстацца тым, што я хворая і адзінокая? Як прымусіць іх прыбраць усё гэта?.." Даведзеная да адчаю пенсіянерка звярталася і да ўчастковага, а той прапанаваў ёй (нямоглай старой, інваліду!) суседскае смецце перакідаць праз плот назад, на іх тэрыторыю... Такая вось "рацыяналізатарская" прапанова ад ахоўніка правапарадку.

— Дык няўжо ж сапраўды нельга паставіць тых суседзяў на месца? — запытаў старшыня Мінаблвыканкама.

Як аказалася, да іх ужо неяк выязджала грамадская камісія з членаў райвыканкама і мясцовых дэпутатаў. Выявіла парушэнні адносна добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі, якія жыльцы быццам бы выправілі. Цяпер прыйдзецца адпраўляць яшчэ адну камісію. І на гэты раз больш даходліва патлумачыць грамадзянам, што ўпарадкаваць сваю тэрыторыю за кошт засмечвання чужой нельга.

22 ці 11?

У якім бы рэгіёне ні праводзіў выязны прыём старшыня Мінаблвыканкама, усюды ўзнімаюцца пытанні землекарыстання. Не стаў выключэннем і Чэрвеньскі раён. Людміла Фёдараўна Шацько са Смілавіцкага сельсавета звярнулася да Барыса Батуры з просьбай дапамагчы разабрацца — колькі ўсё ж ёй выдзелілі зямлі для агародніцтва. Першапачаткова было 22 соткі, потым яны скараціліся да 11 (астатнія быццам бы аддалі суседцы). Пазней аказалася, што сваё рашэнне аб выдзяленні 22 сотак сельвыканкам не адмяняў, але жанчына і цяпер карыстаецца толькі паловай гэтага надзелу... Прычыну такой блытаніны прадстаўнік мясцовай землеўпарадчай службы патлумачыў тым, што палова ўчастка некалі сапраўды была выдзелена суседцы, але паколькі тая зямлю не выкарыстоўвала, то сельвыканкам участак канфіскаваў і аддаў Людміле Фёдараўне. Аднак суседка пачала прасіць вярнуць ёй зямлю, таму Людміле Фёдараўне вырашылі прапанаваць участак у іншым месцы...

— На зямельных участках павінен быць парадак! — падсумаваў Барыс Батура. — А вы ўсё заблыталі. Калі чалавек хоча апрацоўваць участак — дайце яму гэтую зямлю. А суседцы, якая ўжо адмаўлялася ад ўчастка, выдзеліце зямлю ў іншым месцы. "Не перацягвайце" ўчасткі туды-сюды. Выпрацавалі лінію — і дзейнічайце.

Старшыня абласнога выканкама даручыў у той жа дзень вырашыць пытанне аб выдзяленні 22 сотак на карысць скаржніцы.

Заложнік сітуацыі

Адзін з асноўных складнікаў паўнавартаснага жыцця кожнага чалавека — вырашанае жыллёвае пытанне. Для многіх з нас яно сёння застаецца самым актуальным, таму і не скарачаецца паток скаржнікаў да старшыні Мінаблвыканкама, якія пры яго дапамозе спадзяюцца пераламіць сітуацыю да лепшага. Многія едуць на выязныя прыёмы з іншых рэгіёнаў, толькі б данесці сваю праблему да кіраўніка абласнога выканкама. За гэтым жа прыехаў у Чэрвень і Аляксандр Чарняўскі. Малады інжынер-праграміст стаў заложнікам няпростай сітуацыі, у якой апынуўся не па сваёй віне.

З 2006 года ён стаяў на ўліку ў Мінску як той, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У 2008-м быў запрошаны на працу ў Бараўлянскі сельсавет Мінскага раёна, дзе і стаў на такую ж чаргу. Адпаведна з мінскай чаргі яго знялі. У Бараўлянах хлопцу выдзелілі ложка-месца ў інтэрнаце, аднак жыць там ён не стаў, паколькі на той час ужо меў сям'ю (жонку і дачку) — утраіх на адным ложку не размесцішся. Малады чалавек спадзяваўся, што з часам атрымае пакой у інтэрнаце, і працягваў жыць на здымнай кватэры. Адкрыў сваю фірму. Як маючаму патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў Аляксандру выдзелілі зямельны ўчастак, але прыступіць да будаўніцтва дома хлопец не паспеў: той участак падпаў пад змяненні генплана населенага пункта. Выдзеліць новы спачатку не паспелі, а потым ужо не было падстаў, бо па выніках праверкі інтэрната ўсіх фіктыўна прапісаных (хто быў прапісаны, але не жыў там) знялі з чаргі. Цяпер фармальна не лічыцца, што чалавек мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, але на самой справе свае жыллёвыя ўмовы за гэты час Аляксандр не палепшыў. І страціў статус "маючага патрэбу" толькі таму, што не захацеў разбураць сям'ю, кідаць жонку і дачку.

— Па сутнасці, ты маеш рацыю, — падтрымаў хлопца Барыс Васільевіч. — Вы (на адрас мясцовага выканкама) загналі яго ў такую сітуацыю. Выдзелілі ложка-месца, а ў яго ж сям'я... Як яны ўтраіх на адным ложку жыць будуць?

Старшыня сельвыканкама прапанаваў Аляксандру звяртацца ў суд, аднак Барыс Батура паабяцаў хлопцу самастойна разабрацца ў яго сітуацыі і паглядзець, чым можна яму дапамагчы.

На прыём да старшыні аблвыканкама трапіла некалькі прадстаўнікоў мясцовых жыллёва-будаўнічых кааператываў, занепакоеных лёсам сваіх будучых кватэр. У членаў ЖБК "Радасць і ўтульнасць", створанага яшчэ ў 2006 годзе, нарэшце з'явілася нагода для радасці. Іх дом, які павінен быў быць уведзены ў эксплуатацыю яшчэ 1,5 года таму, усё ж здадуць. Прычым сёлета, 25 снежня. Гэтая будоўля знаходзіцца на кантролі ў Камітэта дзяржкантролю. А вось работы па ЖБК "Аграрнік-1" пачнуць фінансавацца ўжо ў 2012 годзе.

Разумеючы няпростую сітуацыю ў жыллёвым будаўніцтве, члены яшчэ аднаго ЖБК, створанага ў Чэрвені два гады таму, прынялі рашэнне задзейнічаць уласныя сродкі. Ужо асвоілі каля 600 млн рублёў. Людзі і далей не супраць фінансаваць сваю будоўлю, аднак іх збянтэжыў той факт, што "Беларусбанк" адмовіўся заключаць з імі дагавор на адкрыццё крэдытнай лініі. Барыс Батура супакоіў грамадзян, а банку параіў зрабіць у дагаворы ўдакладненне "пры змяненні ўмоў крэдытавання дагавор будзе перагледжаны".

Усяго на прыём у Чэрвені да старшыні Мінаблвыканкама патрапіла 18 чалавек. Амаль палову пытанняў, з якімі людзі звярнуліся да Барыса Батуры, можна было вырашыць на мясцовым узроўні. Падобныя выязныя прыёмы як лакмусавая папера выяўляюць усе недапрацоўкі раённых службаў, аднак не толькі ў гэтым іх карысць. Што яшчэ раз даказаў Аляксандр Аляксандравіч Капанец. Год таму ён звяртаўся да Барыса Васільевіча з просьбай дапамагчы добраўпарадкаваць тратуары на вуліцы Гарбачова ў Чэрвені, а цяпер прыйшоў толькі для таго, каб падзякаваць за зробленае. Хацелася, каб з такімі падзякамі нашы грамадзяне часцей звярталіся і да сваіх мясцовых улад, але для гэтага апошнім трэба навучыцца працаваць з людзьмі не фармальна, а па-чалавечы.

Інга МІНДАЛЁВА,

Чэрвеньскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Народная прымаўка нездарма сцвярджае, што "брат далёка, а сусед — блізка". Добрыя адносіны з суседзямі не менш важныя для спакойнага, камфортнага пражывання,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика