"Толькі сэрцам трывожным пачую...". 21.by

"Толькі сэрцам трывожным пачую..."

10.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Роздум пісьменніка

Нядаўна ў выхадны дзень, шчоўкаючы пультам тэлевізара, натрапіў на праграму, прысвечаную песням Уладзіміра Высоцкага. Зноў ускалыхнулі душу славутыя "Кони привередливые", "Протопи ты мне баньку", "Порвали парус"...

Песні спявалі сучасныя выканаўцы. У студыі з аднаго боку сядзелі тыя, хто ведаў і любіў Уладзіміра Сямёнавіча, з другога — прадстаўнікі маладога пакалення.

Кожны меў магчымасць выказацца пра песні, пра асобу творцы. І трэба сказаць, што думкі, ацэнкі пачутага і ў маладых, і ў старэйшых у асноўным супадалі.

Але не-не, прабівалася ў маладзейшых спагадлівая іронія, жаданне "прызямліць" пафас, звесці непрыхаваны нервовы надрыў творцы да ўплыву бытавых праблем, падзей асабістага жыцця...

А ў гэты час па іншым канале з гарачым пафасам вядомыя "зоркі" шоу-бізнэсу змагаліся за правы геяў і лесбіянак. Якім толькі знішчальным эпітэтам яны не падвяргалі дэпутатаў Расійскай Дзярждумы, якія выступілі з ініцыятывай забараніць для дзяцей прапаганду нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, і ўсіх тых, хто ў гэтай студыі даволі нясмела, з пэўнымі агаворкамі падтрымліваў гэтую ідэю!.. Здавалася, што самае важнае ў жыцці для іх — вось гэтая свабода адносін паміж аднаполымі каханкамі і далучэння да гэтага прасунутых разумных дзетак!..

Шчоўк — і заклапочаная Ксеня, дачка аднаго з былых лідараў дэмакратычнага руху васьмідзясятых-дзевяностых, паведамляе са скрухай гледачам, што не мела сексу чатыры месяцы...

Шчоўк — і сімпатычная вядучая пытаецца ў былой спартсменкі (а сёння мадэлі), ці праўда, што ёй прапанавалі аголенай зняцца ў фотасесіі для "Плэйбоя". І атрымаўшы станоўчы адказ, з непрыхаванай зайздрасцю ўдакладняе, як гэта адбывалася...

І ў гэтым моры "Ты не паверыш...", "Праграмы Максімус", розных "Муз ТБ" , "Рэн ТБ", баевікоў, мыльных опер і шмат чаго іншага асоба Уладзіміра Высоцкага выглядала нейкім недарэчным, выпадковым выключэннем сярод хваляў пошласці, гвалту, зубаскальства...

А чаго толькі не начытаешся ў інтэрнэце, якіх ракурсаў і поз не ўбачыш !..

І вось ужо на цябе глядзяць, як на ідыёта, калі ты пачынаеш заікацца пра любоў да Радзімы, пра мужнасць і рыцарства, вернасць і праўдзівасць, сумленнасць і сціпласць.

"Пасля Дубоўкі я б забараніла паэтам пісаць пра Радзіму", — піша ў рэцэнзіі на зборнік вершаў маладая крытыкеса.

"Можа, хіба толькі Максім Багдановіч варты ўвагі сярод гэтых сялянскіх класікаў", — вяшчае з-за мяжы модны ў вузкіх колах беларускамоўны празаік, аўтар зневажальных закідаў на адрас Янкі Купалы, Якуба Коласа, сумнавядомай эпіграмы на Янку Брыля. І тут жа дадае: "Добра, што Багдановіча своечасова з'елі сухоты, а то б напісаў усякай лухты пра мову, Радзіму, народ..."

— Гэта ў яго такая тонкая іронія, — запярэчыла мне аднойчы прыгожая і адукаваная выкладчыца айчыннай літаратуры.

А другая, не менш тонкая і адукаваная, усур'ёз заклапочана распаўсюджваннем неўнармаванай лексікі (а прасцей, — мата ) у літаратуры і жыцці.

"Новы час — новыя песні!?" Не выключаю.

Але ж ёсць пастулаты, якія праз тысячагоддзі захавалі сваё значэнне, былі крыніцай станаўлення асобы.

І здраднікі ва ўсе вякі былі здраднікамі, і пустадомкі былі пустадомкамі, і людажэры былі людажэрамі, і прадажныя дзеўкі не ўпадабляліся мадоннам, і "фортачнікі" не лічыліся Робін Гудамі...

Першыя ўрокі жыцця даюць кнігі і школа. І яшчэ двор, асяроддзе. Але двор таксама часта жыў па канонах, навеяных рамантычнымі кнігамі і фільмамі.

Сёння ж многія выхавальнікі захапіліся ўльтрасучаснымі, на іх погляд, гульнямі і мерапрыемствамі, песнямі і танцамі якіх заў-годна ўплываў, толькі не сваіх, родных.

І смешна, і сумна бывае глядзець, як размалёваныя і нафуфыраныя "па-даросламу" дзесяці-дванаццацігадовыя дзяўчынкі крыўляюцца, віхляюць бёдрамі, падражаючы чарговай аднадзёнцы-"зорцы", выкрыкваючы напісаныя ўвішным халтуршчыкам паўзразумелыя для іх словы.

А каму цікава, якія кніжкі ёсць у школьнай бібліятэцы, як праходзяць урокі роднай мовы і літаратуры, хто прыходзіць на сустрэчу з вучнямі, як яны бавяць вольны час?

І чаму нам часам не баліць, калі выпускнік сярэдняй школы не ведае, хто такія Мележ і Макаёнак, Танк і Куляшоў, Караткевіч і Быкаў...

Неяк неўпрыкмет мы губляем традыцыі выхаваўчай работы, спадзеючыся, што ў новым дэмакратычным грамадстве гэта анахранізм. Але ж ідэалогія, а папросту сістэма каштоўнасцяў, настоеная на традыцыях, менталітэце нацыі, патрэбна любому грамадству. Без гэтага яму цяжка будаваць сваю будучыню, захоўваць сваю ідэнтычнасць, самастойнасць.

Толькі што ў выдавецтве "Чатыры чвэрці" выйшла кніга прозы і публіцыстыкі старэйшага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Алеся Савіцкага "Сонца на ўсіх адно". Гэта плён роздуму былога партызана і франтавіка, Ганаровага грамадзяніна Полацка пра мінулае і сённяшні дзень, пра сувязь пакаленняў і духоўны свет сучасніка.

У выдавецтве "Пачатковая школа" выдадзены кнігі " Полацк — бацька гарадоў беларускіх" і "Мінск — сталіца Беларусі" з серыі "Гарады і гістарычныя мясціны Беларусі" — багата ілюстраваныя, з мультымедыйнымі дадаткамі, пытаннямі для замацавання матэрыялу. У гэтым выдавецтве вытрымлівае трэцяе выданне кніга "Я грамадзянін Беларусі" — пра ўсё тое, што павінен ведаць школьнік пра сваю краіну, яе гісторыю і сённяшні дзень.

Нямала цікавых выданняў у апошні час на рахунку выдавецтваў "Літаратура і мастацтва", "Беларуская энцыклапедыя", "Мастацкая літаратура".

І кніг такіх павінна быць больш, прычым яны павінны быць запатрабаваныя ў школах, навучальных установах.

Адмаўленне свайго, рабалепства перад заморскім і бліскучым ніколі і нікому не прыносіла карысці. І ў тым, што звужаецца кола ўжывання роднага слова, трэба вінаваціць у першую чаргу саміх сябе. Настаўнікаў і журналістаў, дзеячаў культуры і навукі. Бо яны павінны паказваць узоры стаўлення да слова, да культуры народа, якая складвалася вякамі.

Роднае слова часцей павінна гучаць не толькі на ўроках, але і на пазашкольных мерапрыемствах, дзіцячых святах, фестывалях.

Калі чуеш лепет дамарослай "зоркі", што песня на роднай мове не запатрабавана, узгадваецца Мулявін, "Песняры", якія даказалі ўсяму свету, што беларускае слова яркае і мілагучнае, а песні па-беларуску могуць быць вядомымі і папулярнымі не толькі ў Беларусі.

Нам ёсць чым ганарыцца, у нас ёсць прыклады, на якіх трэба выхоўваць сваіх дзяцей.

І няхай мы адстанем ад некаторых краін па колькасці асоб нетрадыцыйнай арыентацыі, наркаманаў, п'яніц і ўсякіх іншых маргіналаў, такое адставанне — толькі рух наперад, да чысціні, да людскасці, да праўды.

У гэтыя дні мы адзначаем 120-гадовы юбілей Максіма Багдановіча. Гэты чалавек за свае няпоўныя 26 гадоў здолеў даказаць усё тое, пра што я зараз разважаю.

Удалечыні ад Радзімы ён спазнаў і палюбіў роднае беларускае слова, здолеў на нашай мове стварыць узоры еўрапейскай паэзіі. Ён увабраў у сябе веды і ўсё лепшае, што створана іншымі народамі, здолеў унесці гэта ўсё ў нацыянальны кантэкст.

Максім Багдановіч уславіў высокія і светлыя пачуцці кахання, замілавання прыродай, абудзіў філасофскі роздум пра сэнс жыцця, пра месца паэта ў грамадстве.

І шчырае жаданне далучыцца сэрцам да свайго народа, быць разам з ім кожны дзень, кожную хвіліну свайго жыцця.

Ён і сёння для нас не толькі класік, але і паходня, якая кліча "не чужынцамі быць" на роднай зямлі, ствараць сённяшні і заўтрашні дзень любімай Айчыны.

Навум Гальпяровіч.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нядаўна ў выхадны дзень, шчоўкаючы пультам тэлевізара, натрапіў на праграму, прысвечаную песням Уладзіміра Высоцкага. Зноў ускалыхнулі душу славутыя "Кони...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика