Масты паміж беларускай і літоўскай літаратурай. 21.by

Масты паміж беларускай і літоўскай літаратурай

20.01.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Асабіста пазнаёміўся з Альмай Лапінскіене параўнальна нядаўна, калі я пачаў праяўляць больш інтарэсу да літоўскіх і беларускіх літаратурных сувязяў. Хоць завочна я ведаў яе даўно. Як перакладчыцу з беларускай мовы, і асабліва як сур'ёзную даследчыцу культурнага жыцця Вільнюса. Бо стары Вільнюс — культурнае багацце і літоўцаў, і беларусаў. Засяродзіўшы ўвагу на старажытнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, на яе гісторыі, старой культуры, нельга не заўважыць беларускіх творцаў, пісьменнікаў і вучоных, якія тут жылі і стваралі. Ад Францыска Скарыны, Францішка Багушэвіча, Максіма Гарэцкага да Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка. Беларуская Вільня не магла не зацікавіць такую маладую і творчую асобу, як А. Лапінскіене. Атрымаўшы ў Вільнюскім універсітэце спецыяльнасць філолага, яна пачала працаваць у Інстытуце літоўскай мовы і літаратуры, збірала матэрыял для дысертацыі аб літоўска-беларускіх літаратурных сувязях у 1940—1980 гг.

— Беларускай літаратурай пачала цікавіцца каля 1980 года, калі стала збіраць матэрыял і пісаць дысертацыю аб літоўска-беларускіх літаратурных адносінах. Абаранілася ў 1985 годзе, — гаворыць Альма Лапінскіене. — Па-беларуску чытаць навучылася самастойна, калі паглыбілася ў вывучэнне нашых літаратурных сувязяў і пісала на гэту тэму дысертацыю, але асабліва прасунулася ў пазнанні беларускай, калі пачала з яе перакладаць. Першым пераклала па прапанове выдавецтва "Вага" раман вядомага беларускага пісьменніка Васіля Хомчанкі "Вяртанне ў агонь". Кніга ў Вільнюсе выйшла ў 1985 годзе ў папулярнай у той час серыі "Дорогами храбрых" і вялікім тыражом — 30 000. Аўтар прыдумаў інтрыгуючы сюжэт, які аб'ядноўваў сённяшні час і ваенную пару, боль страты, жыццёвыя надзеі. Цікавіла і тая акалічнасць, што аўтар перакладаў на беларускую мову і літоўскіх пісьменнікаў.

У 1988 г. у выдавецтва "Вітурыс" выйшаў новы пераклад А. Лапінскіене — анталогія беларускіх расказаў "Акно ў зялёны сад", складзеная беларускім літаратуразнаўцам Яўгенам Лецкам.

Кніга выйшла тыражом 20 000 экзэмпляраў. У ёй былі прадстаўлены 29 беларускіх пісьменнікаў: ад Якуба Коласа і Максіма Гарэцкага да Міхася Лынькова, Івана Мележа і Уладзіміра Караткевіча.

У 1988 годзе ў Мінску на беларускай мове выйшла цікавая кніга "Перазовы сяброўскіх галасоў". Неўзабаве яна была выпушчана і ў Вільнюсе, на літоўскай мове з назвай "Літоўска-беларускія літаратурныя сувязі". Яе напісалі прафесар Адам Мальдзіс і доктар Альма Лапінскіене.

— Наш інстытут, які ў той час называўся Інстытутам літоўскай мовы і літаратуры, пасябраваў з аналагічнай беларускай навуковай установай — Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы. Параўнальная літаратура ў той час была даволі папулярная. Але больш шырокія работы па літоўска-беларускім літаратуразнаўстве не вяліся. Кіраўніцтва абодвух інстытутаў вырашыла, што гэтую брэш можна запоўніць сумеснымі намаганнямі. Тады я і стала працаваць з прафесарам Адамам Мальдзісам, — гаворыць А. Лапінскіене. — Мы ажыўлена перапісваліся. Ён пісаў мне на беларускай, я яму — на літоўскай. У мяне захаваліся ўсе яго лісты. Прафесар пісаў канструктыўна, удумліва, і ў той жа час адчувалася яго цеплыня і дружалюбнасць, гумар. А. Мальдзіс — не толькі вельмі працавіты вучоны і эрудыт, які здзіўляе аб'ёмам і глыбінёй ведаў, але і вельмі цёплы, прыязны і добрай душы чалавек. Менавіта Адам Мальдзіс, яго чалавечая цеплыня ўцягнула мяне ў арбіту беларускай культуры і літаратуры.

Стасункі з А. Мальдзісам спрыялі і стварэнню Літоўскай асацыяцыі беларусістаў, якая функцыянавала як аддзяленне Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Гэтай асацыяцыяй з моманту яе заснавання ў 1991 годзе да пачатку 2011 г. кіравала доктар А. Лапінскіене.

У 1994 г. з'явіўся новы пераклад з беларускай мовы. А. Лапінскіене пераклала гістарычны прыгодніцкі раман "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча.

У 1997 г. А. Лапінскіене пераклала на літоўскую мову раман пісьменніцы Валянціны Коўтун "Крыж міласэрнасці". Гэты раман у Літве заслужыў асаблівую ўвагу, таму што яго галоўная гераіня, вядомая беларуская паэтка і рэвалюцыянерка Цётка — Алаіза Пашкевіч — жыла і працавала ў Вільні, выйшла замуж за вядомага літоўца, стваральніка Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі Сцяпонаса Каірыса.

Дэвіз А. Лапінскіене — "За кожны цуд трэба плаціць самім сабой". Цуд, вобразна кажучы, гэта і новыя масты, якія яна ўзводзіць паміж нашымі літаратурамі.

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС, карэспандэнт "Звязды", фота аўтара.

г. Вільнюс.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Асабіста пазнаёміўся з Альмай Лапінскіене параўнальна нядаўна, калі я пачаў праяўляць больш інтарэсу да літоўскіх і беларускіх літаратурных сувязяў. Хоць завочна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика