Кацярына ДУБІНСКАЯ: "Важна настроіць журналістаў на пазітыў..."
28.01.2012
—
Новости Общества
|
Бадай, ніводнае перыядычнае выданне не мянялася летась так актыўна, як сталічная газета "Вечерний Минск". Год таму, згодна з рашэннем Мінгарвыканкама, выданне ўвайшло ў склад агенцтва "Минск-Новости", якое аб'ядноўвае газету "Минский курьер", часопіс для дзяцей і падлеткаў "Качели", інфа-стужку "Минск-Новости" і FM-станцыю "Радио Минск", якая вяшчае ва ўсіх абласных гарадах, акрамя Гродна. За некалькі гадоў актыўнага развіцця агенцтва прызвычаілася быць наватарам і цяпер гатовае дзяліцца вопытам. Не выключана, што з цягам часу гарадскія СМІ ўсіх абласных гарадоў будуць аб'ядноўвацца ў адну юрыдычную асобу, паколькі размова ідзе пра актуальную сёння эканомію матэрыяльных і людскіх рэсурсаў. Што гэта дае ўласна СМІ і іх "спажыўцам", расказвае генеральны дырэктар агенцтва "Минск-Новости" Кацярына ДУБІНСКАЯ. — Мы маем адзіную бухгалтэрыю, рэкламна-маркетынгавую службу і аддзел распаўсюджвання. Гэта зручна, эканомна і эфектыўна. Далучэнне да холдынгу "Вечернего Минска" прынесла істотную эканомію па тых жа кадрах. Зараз усё агенцтва — гэта 150 чалавек. А калі б газеты выходзілі асобна, размова ішла б прынамсі пра 220... За тры гады мы правялі некалькі аптымізацый. Падчас першай адбылося закрыццё дзевяці раённых сталічных газет, узровень якіх, мякка кажучы, не адказваў сучаснаму стандарту. У выніку мы зэканомілі бюджэту горада каля 1 млрд. руб. за год. Цяпер у "МК" выходзяць вартыя палосы, прысвечаныя жыццю кожнага раёна... З далучэннем "Вечернего Минска" мы атрымалі і памяшканне ў цэнтры горада. З абнаўлення двух паверхаў будынка, у якім па-ранейшаму размяшчаецца рэдакцыя, і пачалі: журналіст не павінен працаваць у дрэнных умовах. У рэшце рэшт адзін калектыў пачаў выпускаць дзве газеты. Зразумела, яны павінны былі быць рознымі. "МК" — афіцыйнае выданне Мінгарвыканкама, а "ВМ" пайшоў у народ. "Вячорка" сёння — гэта масавае выданне, разлічанае на звычайнага жыхара нашага горада. Яно павінна быць не проста інфармацыйным, але і даваць магчымасць для вырашэння самых розных праблем. Кіраўніцтва горада ад самага пачатку настройвала на тое, каб "Вечерний Минск" быў газетай крытычнай, якая будзе выяўляць "болевыя кропкі". Сёння газета выходзіць раз на тыдзень, па чацвяргах, і распаўсюджваецца як шляхам падпіскі — у нас ужо 8,3 тысячы падпісчыкаў, так і бясплатна, у метрапалітэне. — Вы аказаліся наватарамі ў справе бясплатнага распаўсюджвання? — Ідэя бясплатнай гарадской газеты знайшла ўвасабленне яшчэ ў 1990-я. Тады ў Маскве выходзіла бясплатная газета "Метро. Москва". Па ініцыятыве маскоўскай мэрыі і ў нас тыражом 100 тыс. экзэмпляраў пачала выходзіць газета "Метро. Минск". Практыка праіснавала ўсяго каля пяці месяцаў, але людзі яшчэ доўгі час званілі ў мінскую рэдакцыю і пыталіся, дзе ж газета. Я добра гэта памятаю, бо была галоўным рэдактарам выдання... І цяпер, калі размова зайшла аб узняцці папулярнасці "ВМ", гарадскія ўлады вырашылі, што варта разглядаць варыянт бясплатнага распаўсюджвання. — Ідэя добрая і, мяркую, нятанная для Мінгарвыканкама... Аднак наколькі яна апраўданая і што з газетай будзе далей? — Бясплатныя газеты існуюць сёння больш як у 40 краінах свету. Заснавальнікамі выступаюць таксама і сталічныя мэрыі, якія такім чынам даюць людзям магчымасць даведацца аб тым, што адбываецца непасрэдна там, дзе яны жывуць, і што датычыцца канкрэтна іх. З другога боку, не сакрэт, што газеты ўвогуле маюць мінімальныя тыражы ў сталіцы. Бо сталічны жыхар не чытае перыёдыку, ён актыўна карыстаецца іншымі інфармацыйнымі крыніцамі. Яны не бясплатныя — як той жа інтэрнэт, — але больш зручныя. Людзі не хочуць стаяць у чарзе, каб нешта афармляць... Інстытут падпіскі ў сталіцы сёння не той, што некалі. Словам, размова ішла пра цікавы эксперымент. Ужо ў кастрычніку агульным тыражом 50 тысяч экзэмпляраў мы пачалі раздаваць газету на прадпрыемствах. Тым часам прайшлі цэлы шэраг узгадненняў, каб атрымаць магчымасць распаўсюджвання ў метро. І ў лістападзе гэта здарылася. Людзі вельмі хутка прывыклі да новай "Вячоркі", і цяпер на некаторых станцыях яна разлятаецца за 30-40 хвілін. З 1 студзеня "Вечерний Минск" стаў рэкламна-інфармацыйным. Усё ж такі гэты прадукт павінен пачынаць сябе карміць. Хоць час для пошуку рэкламы зараз вельмі няпросты. Даследаванні паказваюць, што 45% буйных рэкламадаўцаў зніклі з рэкламнага рынку. Акрамя таго, і рынак рэкламных сталічных выданняў запоўнены. Тым не менш мы пачыналі з дзвюх палос рэкламы, а сёння іх ад сямі да дзевяці... Думаю, і надалей не варта выключаць магчымасць павелічэння колькасці палос, паколькі гэта менш затратна, чым павелічэнне колькасці выхадаў... Ужо ў лютым тыраж па бясплатным распаўсюджванні складзе 75 тысяч экзэмпляраў, а ў сакавіку — 100 тысяч. — Чым вылучаецца падача матэрыялаў у "Вячорцы"? Якім чынам самі сталічныя жыхары дапамагаюць журналістам выяўляць "болевыя кропкі"? — У рэдакцыі працуе тэлефон "Вече-Вечёрки", які карыстаецца вялікай папулярнасцю, асабліва ў сэнсе скаргаў на работу жыллёва-камунальнай гаспадаркі ці заторы ў дварах... На тэлефоне дзяжурыць карэспандэнт, ён рыхтуе адказы на пытанні, якія паступілі, а таксама пазначае сабе тэмы для будучых артыкулаў. — Наколькі даступныя для журналістаў чыноўнікі, якія павінны даваць каментары па крытычных сітуацыях? — Бываюць сітуацыі, калі адказы замаруджваюцца. Тут многае залежыць ад канкрэтнай асобы на канкрэтным месцы. Сам жа старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька цалкам даступны для журналістаў. Вось, скажам, на адным з тыдняў ён прысутнічаў на ўрачыстай цырымоніі пасвячэння ў кадэты, сустркаўся з насельніцтвам на базе адной з гімназій. Гэта ёсць рэальныя магчымасці выкраіць момант і задаць сваё пытанне мэру... Што датычыць балючых пытанняў, якіх не пералічыць, магу сказаць адно: усё залежыць ад таго, хто адказвае за справу, хто ўзначальвае тую ж паліклініку, ЖРЭА і г.д. На жаль, часам на пасаду трапляе чалавек, які не шукае адказ на пытанне, як зрабіць... Вось чаму ў нас на этапе будаўніцтва новых раёнаў раптам высвятляецца, што зноў не хапае парковачных месцаў... Проста нехта яшчэ на этапе праектавання не думаў пра гэта. Але ёсць і яшчэ адзін важны момант. Сёння неабходна заахвочваць саміх людзей больш актыўна клапаціцца пра дабрабыт горада. Скажам, чаму мы не праяўляем актыўнасць у расчыстцы снегу хоць бы перад нашымі дамамі? Толькі чакаем, патрабуем, скардзімся. А трэба дзейнічаць. І пераймаць добрыя ўчынкі. Я пастаянна настройваю журналістаў на пошук пазітыву. Святлана БАРЫСЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бадай, ніводнае перыядычнае выданне не мянялася летась так актыўна, як сталічная газета "Вечерний Минск". Год таму, згодна з рашэннем Мінгарвыканкама, выданне...
|
|