Беларуская мова павінна стаць фактарам кансалідацыі, а не канфрантацыі грамадства, заявіў дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец 16 лютага ў Мінску на пасяджэнні круглага стала "Папулярызацыя беларускай мовы: сучаснасць і перспектывы".
"Калі гаварыць пра праблему існавання беларускай мовы ў сучасным грамадстве, трэба адрозніваць два аспекты, — адзначыў навуковец. — Гэта, па-першае, ўзровень развіцця сістэмы мовы і, па-другое, яе становішча як сродку зносін у грамадстве. Беларуская мова сёння — гэта высокаразвітая літаратурная мова, якая можа паспяхова абслугоўваць усе патрэбы жыцця сучаснага грамадства. Наша мова развіваецца ў рэчышчы тых агульных тэндэнцый, якія вызначаюць сучаснае развіццё ўсіх славянскіх моў, у кантэксце сусветнага моўнага працэсу.
Нягледзячы на праблемы яе выкарыстання ў большасці афіцыйных сфер ужытку, беларуская мова сёння пранікае ў тыя сферы, у якіх яе раней не было, у першую чаргу ў сферу інтэрнэт-камунікацый і канфесійную сферу. А гэта значыць, што сёння беларуская мова рэальна запатрабавана і мае тэндэнцыю да пашырэння ў новыя сферы ўжытку".
Паводле слоў Лукашанца, сёння ёсць неабходная факталагічная база для таго, каб беларуская мова займала тое месца ва ўсіх сферах камунікацый, якое павінна займаць дзяржаўная мова краіны.
Што яшчэ трэба рабіць, каб мова займала належнае месца ў грамадстве? На думку вучонага, строга выконваць заканадаўства і нарматыўныя акты, якія тычацца моўнай сферы, павышаць моўную кампетэнцыю грамадства, папулярызаваць беларускую мову, ствараць ёй станоўчы імідж. "Сёння мову павінны прапагандаваць людзі паспяховыя, аўтарытэтныя, паважаныя і прыгожыя, — упэўнены Лукашанец. — Калі мы будзем чуць нашу мову ад такіх прадстаўнікоў грамадства, і іншыя пачнуць больш ахвотна ёю карыстацца. <…> І апошняе — сёння беларуская мова павінна стаць фактарам кансалідацыі нашага грамадства, не фактарам канфрантацыі".