Аляксандр БОЙКА: "Перш чым зрабіць адказны крок, трэба ведаць усе падводныя камяні...". 21.by

Аляксандр БОЙКА: "Перш чым зрабіць адказны крок, трэба ведаць усе падводныя камяні..."

21.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пытанні магчымага пераходу на іншую сістэму аплаты працы педагагічных работнікаў і аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў чарговага пасяджэння Прэзідыума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Як паведаміў старшыня ЦК галіновага прафсаюза педагогаў Аляксандр БОЙКА, ёсць намер з 1 студзеня 2013 года запусціць у Мінску пілотны праект па ўкараненні новай "падушавой" сістэмы аплаты працы накшталт той, што ўжо дзейнічае ў Расіі, дзе грошы ў выглядзе ваўчара прывязваюцца да канкрэтнага дзіцяці. Фінансаванне такім чынам ідзе следам за вучнем, прымушаючы педагогаў змагацца за кожнае дзіця.

— Для таго, каб нам быць гатовымі да работы ў новых умовах, трэба неадкладна заняцца вывучэннем досведу нашых суседзяў — расіян. Улічваючы складанасць гэтага пытання і тую колькасць людзей, якую закране ўкараненне новай сістэмы фінансавання, трэба мець дакладнае ўяўленне, куды мы ўсе рухаемся.

Трэба ведаць усе падводныя камяні, бо ў нас няма такой фінансавай "падушкі бяспекі", якая ёсць у расіян. І толькі досведу расійскай сталіцы ў гэтым пытанні нам будзе недастаткова, бо Масква — гэта яшчэ не ўся Расія, як і Мінск — яшчэ не ўся Беларусь.

Між іншым, вядома, што ў Маскве збіраюцца аб'яднаць у новым навучальным годзе 40 школ, якія не толькі не змаглі набраць першыя класы, але і дэманструюць дрэнныя вынікі. Аўтары рэформы лічаць, што новыя правілы фінансавання, якія паставілі слабыя школы ў цяжкае становішча (маўляў, няма вучняў — няма і грошай), дапамогуць прыцягнуць кваліфікаваных педагогаў у моцныя школы, паколькі ў школ, дзе шмат вучняў, больш магчымасцяў плаціць настаўніку высокі аклад. Аднак бацькі вучняў аб'яднаных школ ужо збіраюць подпісы пад зваротамі пратэсту: адных не задавальняе перспектыва пераезду ў іншы будынак, другіх — з'яўленне ў школах класаў, дзе "двоечнікаў" на парадак больш. Незразумела пакуль, дзе моцныя школы знойдуць дастаткова моцных педагогаў, каб апраўдаць надзеі бацькоў, бо лічыцца, што толькі 20-30 працэнтаў настаўнікаў слабых школ могуць працаваць лепш. Кіраўнікі таксама ў паніцы: адных падначаленых давядзецца звальняць, а іншым прыйдзецца, наадварот, плаціць за траіх. Тэарэтычна, чым больш вучняў — тым вышэйшыя зарплаты, а чым менш — тым ніжэйшы аклад. Але як пасля аб'яднання размяркоўваць грошы? Дзяліць іх пароўну на ўсіх або плаціць усім па-рознаму? І нават чыноўнікі не ўпэўнены, што да 1 верасня ўдасца завяршыць аб'яднанне юрыдычна. Адным словам, і беларусам ёсць над чым паразважаць, перш чым пайсці на такі сур'ёзны крок...

Не менш актуальнае пытанне — аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. За апошнія пяць гадоў у Беларусі было рэструктурызавана або закрыта каля тысячы ўстаноў адукацыі.

— На жаль, але гэта факт: калі школа закрываецца, гэта азначае, што ў населенага пункта няма будучыні, — канстатаваў намеснік міністра адукацыі Казімір ФАРЫНО, які прыняў удзел у пасяджэнні Прэзідыума. — А сёння здараецца, што на закрыцці школ настойваюць зусім не кіраўнікі раёна ці вобласці, а начальнікі аддзелаў ці ўпраўленняў адукацыі, быццам бы ў мэтах эканоміі сродкаў. Між іншым, працэс рэструктурызацыі заўсёды вымагае прадуманых і ўзважаных рашэнняў. І тут трэба думаць як пра інтарэсы дзяцей, так і аб тым, як і дзе будуць працаўладкаваны педагогі.

Удзельнікі пасяджэння канстатавалі, што, на жаль, ёсць адзінкавыя факты, калі закрыццё школы прадыктавана зусім не інтарэсамі дзяцей і паляпшэннем якасці адукацыйнага працэсу, а намерам перадаць іншай службе школьны будынак, што ўвогуле немагчыма ні зразумець, ні апраўдаць. Прыводзіўся прыклад школы, куды прывозяць дзяцей з 35 (!) населеных пунктаў! Нярэдка эканомія ад закрыцця школ увогуле аказваецца эфімернай. Зараз у нашай краіне функцыянуе 667 сельскіх школ з колькасцю навучэнцаў у сярэднім менш як 50 чалавек. Але калі ў начальнікаў абласных упраўленняў адукацыі пацікавіліся, колькі, на іх погляд, вучняў павінна быць у старэйшых класах, каб гэтую ступень школы можна было захаваць, то іх меркаванні на гэты конт разышліся: адны назвалі пяць вучняў, другія — сем. Аднак тут паўстае ўжо іншае пытанне: наколькі з эканамічнага пункту гледжання апраўдана вазіць два, тры, чатыры старшакласнікі з аддаленай вёскі ў вялікую школу за дзясяткі кіламетраў і тым самым пазбаўляць настаўнікаў сельскай школы працы? Адназначнага бачання сітуацыі пакуль няма, як невядомы пакуль і лёс гэтых школ.

Надзея НІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пытанні магчымага пераходу на іншую сістэму аплаты працы педагагічных работнікаў і аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика