Пабудуем хоспіс разам! або Нельга вылечыць — не значыць нельга дапамагчы. 21.by

Пабудуем хоспіс разам! або Нельга вылечыць — не значыць нельга дапамагчы

21.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На будаўніцтва новага дзіцячага хоспіса ў Бараўлянах неабходна сабраць $4 млн

Пад апекай дабрачыннай арганізацыі "Беларускі дзіцячы хоспіс" знаходзяцца дзеткі з цяжкімі анкалагічнымі захворваннямі ў апошняй стадыі і прыроджанымі парокамі развіцця. Іх жыццё адмерана месяцамі, тыднямі, днямі, гадзінамі... Тым не менш, яны хочуць правесці іх свабоднымі ад пакут і адзіноты. 400 тысяч неабыякавых беларусаў могуць працягнуць руку дапамогі і аблегчыць дзіцячы боль...

Праблема: "70 % дзетак не могуць сёння атрымаць паліятыўную дапамогу"

Беларускі дзіцячы хоспіс на працягу 18 гадоў бясплатна аказвае дапамогу дзецям, якія маюць абмежаваны тэрмін жыцця з-за невылечнага захворвання, а таксама іх сем'ям (далей — паліятыўную дапамогу). Але з-за нестабільнага фінансавання, пра якое не па чутках ведаюць усе грамадскія арганізацыі, павысіць "якасць" жыцця (а значыць, аблегчыць боль усіх такіх дзетак) пакуль немагчыма.

Сёння ў розных кутках Беларусі, паводле слоў намесніка дырэктара Беларускага дзіцячага хоспіса па медыцынскіх пытаннях Наталлі САВЫ, у паліятыўнай дапамозе маюць патрэбу прыкладна 1,5 тысячы дзяцей. Але аказваецца яна штогод толькі крыху больш за 250 сем'ям, прычым, як правіла, з Мінска і Мінскай вобласці.

— Мы таксама разумеем, што ўжо не ў стане павышаць і якасць сваіх паслуг, — падкрэсліла дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса Ганна ГАРЧАКОВА. — А ўсё з-за цеснаты і малой функцыянальнасці будынка, дзе сёння размяшчаецца арганізацыя. Прыедзьце ў Бараўляны і паглядзіце: у нас няма ніводнага свабоднага квадратнага сантыметра плошчы, задзейнічаны і падвал, і гарышча.

Вялікія спадзяванні не толькі супрацоўнікі дабрачыннай арганізацыі, але і Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўскладаюць на будаўніцтва новага сучаснага дзіцячага хоспіса — Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай паліятыўнай дапамогі. Яго з'яўленне, паводле іх слоў, дазволіць палепшыць "якасць" жыцця ўсіх цяжкахворых беларускіх дзетак, і адпаведна — жыццё іх сем'яў. Бо ад таго, як адчувае сябе дзіця, напрамую залежыць самаадчуванне яго мамы і таты, іх узаемаадносіны.

Рашэнне: "Пра нашых дзяцей у першую чаргу павінны клапаціцца мы самі"

Ідэя будаўніцтва новага дзіцячага хоспіса ў Беларусі нарадзілася год таму.

— Мы напісалі ліст на імя Прэзідэнта нашай краіны і дастаткова хутка атрымалі станоўчы водгук — выдзеліць пад будаўніцтва хоспіса зямлю ў Бараўлянах, — адзначыла Ганна Гарчакова.

— А чаму менавіта ў Бараўлянах?

— Бо менавіта там знаходзіцца адзіны ў Беларусі Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі і гематалогіі, з якім мы вельмі шчыльна супрацоўнічаем у вобласці аказання паліятыўнай дапамогі дзецям, — распавядае дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса.

Услед за Прэзідэнтам светлае пачынанне дабрачыннай арганізацыі ўхваліў і "БПС-банк": выдзеліў Br100 млн на пачатак праектных работ.

— Мы, у сваю чаргу, тут жа падпісалі дагавор з фірмай, якая і спраектавала новы будынак, — працягвае Ганна Гарчакова. — Цяпер справа за малым. Мы палічылі, што для таго, каб пабудаваць хоспіс, нам спатрэбіцца $4 млн.

— Як плануеце сабраць такую суму?

— Лічба велізарная, але калі задумацца... Нам трэба знайсці ўсяго толькі 400 тысяч неабыякавых людзей, якія ахвяруюць па 10 долараў на "цагліну" і такім чынам унясуць сваю лепту ў будаўніцтва. Я лічу, у Беларусі дастаткова спагадлівых і міласэрных людзей. Мы, безумоўна, будзем працягваць пісаць грантавыя праекты і тым самым прыцягваць сродкі з-за мяжы. Але акцэнт у зборы грошай будзем рабіць менавіта ў нашай краіне, бо лічым, што пра нашых дзяцей у першую чаргу павінны клапаціцца мы самі.

— Што будзе з сябе ўяўляць новы дзіцячы хоспіс?

— Новы хоспіс будзе складацца з некалькіх блокаў. Першы і асноўны — гэта стацыянар для дзяцей на 8 ложкаў.

— Чаму так мала?

— Такія сусветныя стандарты аказання дзіцячай паліятыўнай дапамогі, — тлумачыць Ганна Гарчакова. — У дзіцячых хоспісах не павінна быць больш за 12 ложкаў. Мы не можам пабудаваць хоспіс для ўсіх цяжкахворых дзяцей. Мы павінны стаць цэнтрам, які будзе аказваць дапамогу ў развіцці паліятыўнай дапамогі ў кожным кутку Беларусі.

— Нам патрэбны сучасны хоспіс зусім не для таго, каб забраць усіх дзяцей з дому і пакласці на свае ложкі, — дадала Наталля Сава. — Сэнс не ў гэтым. Ложкі патрэбны толькі для таго, каб забраць самых цяжкіх на непрацяглы час. Выключна для таго, каб падабраць лячэнне. А пасля зноў вярнуць дзіця ў родныя сцены. Не сакрэт, што кожнае дзіця прывязана да сваёй мамы, цацак, ложка. А цяжкахворае — у 10 разоў больш. І нават калі мы зробім самы ўтульны хоспіс, ён ніколі не заменіць дом. Таму наша асноўная задача — паляпшаць якасць жыцця такіх дзетак на даму.

Таксама ў новым хоспісе, паводле слоў Ганны Гарчаковай, будуць масажныя кабінеты, пакоі для правядзення гідра-, музыка-, святлотэрапіі, утульныя гульнявыя і нават міні-аперацыйная для паліятыўна-інвазійнага ўмяшальніцтва. Ад кожнага ложка будзе адыходзіць монарэльс, які дазволіць медсястры з камфортам даставіць хворага ў прыбіральню, гульнявую ці працэдурны кабінет. Другі блок — гэта цэнтр дзённага знаходжання, трэці — адукацыйны, дзе будуць праводзіцца курсы для ўрачоў і медсясцёр, а таксама бацькоў. Гэта таксама будзе спрыяць павышэнню якасці жыцця дзіцяці на даму.

У новым будынку адкрыюцца і два гасцінічныя нумары для бацькоў, якія прывезлі дзіця з далёкай вёскі. Таксама на тэрыторыі цэнтра будзе пабудавана каплічка.

— Дзіцячы хоспіс — гэта не дарослы хоспіс, — дэманструе схему новага будынка Ганна Гарчакова. — Мы не робім бальніцу. Гэта будзе маленькі казачны замак.

Дарэчы, што цікава, у новым будынку калідоры будуць ісці змейкай, як у англійскіх хоспісах. Псіхолагі сцвярджаюць, што прамыя дзейнічаюць на дзіцячую псіхіку прыгнятальна.

— Калі прыходзіш у дзіцячы хоспіс у Англіі, ты не хочаш адтуль выходзіць: там цікава. Я хачу, каб дакладна так было і ў нас, — рэзюмавала дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса.

Ад сябе толькі дадам, што ўсю інфармацыю аб будаўніцтве новага хоспіса (працэсе збору грошай, этапах будаўніцтва, схемах) можна знайсці на сайце www.nеwhоsрісе.bу. Імёны неабыякавых людзей, якія набудуць "цагліну", супрацоўнікі Беларускага дзіцячага хоспіса абяцалі выгравіраваць на тых самых цаглінах. Акрамя таго, кожны беларус, які ахвяраваў сродкі на будаўніцтва будынка, атрымае сертыфікат, які сведчыць, што ён унёс сваю лепту ў добрую справу.

Надзея ДРЫЛА.

 

Каментарый з Міністэрства аховы здароўя Беларусі

Іван РЫЖКО, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі: "Наша міністэрства цалкам падтрымлівае ініцыятыву будаўніцтва новага дзіцячага хоспіса і будзе садзейнічаць гэтаму працэсу. З міру па нітцы, цаглінка да цаглінкі — і будынак будзе гатовы. Беларусы падтрымаюць гэтую акцыю. Я ў гэтым не сумняваюся. Што тычыцца далейшага фінансавання, то ўтрымліваць медыка-санітарную службу новага хоспіса і падтрымліваць у належным еўрапейскім выглядзе сам будынак будзе непасрэдна Міністэрства аховы здароўя. Такая дамоўленасць ужо заключана".

Што такое "Беларускі дзіцячы хоспіс"?

Гэта адна з нямногіх грамадскіх дабрачынных арганізацый у Беларусі, якая мае медыцынскую ліцэнзію. Супрацоўнікі хоспіса аказваюць бясплатную медыцынскую і сацыяльна-псіхалагічную дапамогу невылечна хворым дзецям і членам іх сям'і як у стацыянары, так і на даму. Акрамя таго, хоспіс прадастаўляе паслугі сядзелкі, неабходнае медыцынскае абсталяванне, медыкаменты, падгузкі для дзяцей.

Спецыяльна для збору грошай на будаўніцтва дзіцячага хоспіса адкрыты дабрачынны рахунак:

ААТ "БПС-Ашчадбанк", код 369

Разліковы рахунак № 3135145259013 (беларускія рублі)

Атрымальнік: ГДА "Беларускі дзіцячы хоспіс", 223053 Мінскі раён, в. Бараўляны, вул. Бярозавы гай, 100 А, УНН 100806662

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На будаўніцтва новага дзіцячага хоспіса ў Бараўлянах неабходна сабраць $4 млн Пад апекай дабрачыннай арганізацыі "Беларускі дзіцячы хоспіс" знаходзяцца...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика