Вясновы ўзлесак. 21.by

Вясновы ўзлесак

28.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ён зачаруе кожнага, хто любіць і разумее прыроду

У гэтыя дні мне вельмі карціць паглядзець, як сустракае лес вясну. Крочу па вузенькай сцяжынцы праз луг, пад нагамі чаўкае вада, навокал сумная шэрань, дзень пахмурны, насуплены — словам, нішто, здаецца, не спрыяе добраму настрою. Але ж я ў хвалюючым, нецярплівым чаканні: колькі ж часу мінула, як не сустракаўся з гэтым лесам, што каля нашай хаты.

Таму і спяшаюся да яго, але збочваю і падыходжу да шырокага куста вярбы, што прывольна размясціўся на лузе. Гнуткія галінкі густа ўвешаны залатымі пухнацікамі, быццам лаза, як магла, прыхарашылася вясною. І ўвесь куст па-святочнаму ўрачысты і надзвычай прывабны. Здаецца, ажно пасвятлела ад вясны вольха, яе крона таксама густа перасыпана доўгімі пацеркамі.

Ну вось і мой любімы ўзлесак. Ён выходзіць на паўночны бок, і зіма тут можа яшчэ затрымацца. Моцна збіты снег у густых ельніках растае паволі, бо слаба даходзяць сюды сонечнае цяпло і ласка. І ўсё ж няўрымслівая вясна бярэ сваё: прабудзіліся асіна, бяроза, вольха, ляшчына. Гэтых дрэў тут шмат, яны мне па-свойму родныя. Хай не ўсміхаецца чытач наконт гэтага майго эпітэта. За дваццаць з лішнім гадоў, як мы з жонкай прыдбалі ў гэтай вёсцы некалькі сотак закінутай зямлі і паставілі хату, лес гэты стаў неад’емнай часткай нашага жыцця. Нам здорава пашанцавала, бо да ўзлеску, дзе я зараз, ад нашае хаты метраў трыста.

Усё, чым багаты і прывабны лес, дружна сышлося на гэтай прыветнай мясціне. Крый божа, каб я не завітаў сюды і прапусціў прыход вясны. Вось і стаю зараз утрапёны і нават збянтэжаны: з чаго пачынаць, чаму аддаць перавагу на гэтым узлеску. Здаецца, усё тут даўно знаёма, а вось кожная вясна па-свойму новая і хвалюючая.

Што ж, у тым незвычайная сіла, асалода і зачараванне лесам, што ён дорыць чалавеку столькі ўзнёслых пачуццяў, радасных эмоцый.

Ну чым, скажам, вабіць невялічкі бярозавы гай, якіх мноства на нашай зямлі? Але ж ён рос і дужэў на нашых вачах, і зараз мне хочацца шчыра павітацца з кожнай бярозкай. Стаю каля іх і ўдыхаю надзвычай чыстае і водарнае паветра. Вось-вось распусцяцца пупышкі, навокал разальецца смалісты водар, які будзе трымацца ў гэтым мі-лым гаі доўга.

Тут сапраўднае прыволле для ляшчыны. Яе шмат і на ўзлеску, і цэлая плантацыя на шырокай лясной высечцы. Асвоіла ляшчына ўсе палянкі, цесна абступіла сцяжынку. І ў яе з галінак звісаюць доўгія каташкі. Ляшчына зараз вельмі пыліць. Кране гарэзліва галінкі ласкавы ветрык — і разляцяцца навокал воблачкі пылку. Вось так, на ляшчыне яшчэ няма лісця, а яна ўжо цвіце...

Паміж дрэў рассыпалiся бялюткія, чыстыя, як сляза, пралескі. Ну быццам пярэстую коўдру паклала вясна на ўзлеску. Зрэдку даносяцца яшчэ нейкія нясмелыя гукі, гэта падаюць свае галасы птушкі. Праўда, у iх зараз шмат работы — трэба хутчэй ладзіць гнёзды, адкладваць яйкі, каб не спазніцца з патомствам...

Раптам уверсе пачуўся барабанны дробат, ён гулкім рэхам разнёсся сярод дрэў. Усё ясна: працуе руплівы дзяцел, ён не ведае спачынку нават зімою, не тое што вясною. Трэба падрыхтаваць сабе «жыллё» — вось і дзяўбе старанна дупло. Для гэтага выбірае сасну, елку, бярозу, у якіх згніла сярэдзіна, і пайшла работа. Занятак вельмі нялёгкі, больш дзесяці дзён рупліва завіхаецца на дрэве пара дзятлаў, каб выдзеўбці, скажам, дупло дыяметрам пяць і глыбінёй сорак сантыметраў. Пры такой рабоце і апетыт добры. Доўга і цярпліва барабаніць дзяцел сваёй моцнай дзюбай па сухім ствале дрэва ці тоўстай галіне, пакуль не рас-шчэпіць кару і не дабярэцца да якога-небудзь насякомага.

А тут яшчэ дзятлу i паласавацца хочацца. Сустракаю ў лесе тутэйшага дзядулю. Ён клыпае паволі і нясе слоік бярозавага соку. Спыніліся.

— Частуйцеся, самы свежы, — працягвае мне слоік дзядуля. Нацадзіў тры літры, хопіць з мяне. Трэба і з дзятламі падзяліцца...

— Што, птушкам пакінулі крыху соку? — пытаюся.

— Так, пакінуў. Я з дзятламі даўно сябрую. У нас тут, як бы мовіць, некалькі агульных бяроз, з якіх вясною сок аж прэ. Хапае і мне, і дзятлам. Скажу, што яны вельмі ашчадныя «гаспадары»: дзірачкі на бярозах вакол ствала прабіваюць маленькія, так што ніякай шкоды для дрэва. Да таго ж гэтае акальцоўванне з дзірачак дзяцел робіць, як правіла, даволі высока на дрэве. Але ж во які знаўца: беспамылкова выбірае тыя дрэвы, якія даюць больш соку. Трэба яго разумець, вясною цяжка з ежай, бо мала рознай спажывы. Прыкладзе дзяцел сваю дзюбу да прабітай дзірачкі і п’е, сілкуецца сокам. Я, калі бачу такое, абыду гэтае дрэва, каб не спалохаць птушку. Жывуць дзятлы на гэтым узлеску даўно, як сябе памятаю, і дай бог, каб тут было ім добра і надалей, бо вельмі карысныя для лесу. Ну, я пайду...

Стары паволі крочыць у бок вёскі. У мяне час яшчэ ёсць. І нічога на свеце больш мне зараз не трэба,вось толькі гэтая сустрэча з вясновым узлескам, ад якога столькі хвалюючага зачаравання.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэтыя дні мне вельмі карціць паглядзець, як сустракае лес вясну...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика