У Беларусі ў свабодным продажы з'явіўся "газ весялосці". 21.by

У Беларусі ў свабодным продажы з'явіўся "газ весялосці"

30.06.2012 13:24 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Беларусі ў свабодным продажы з’явіўся "газ весялосці"

           


Газ прадаецца ў такіх капсулах
У Беларусі ў свабодным продажы з’явіўся так званы "газ весялосці" — закіс азоту. Заказ зрабіць можа кожны праз электронную пошту (адрас на вядомым партале) або патэлефанаваўшы на мабільны нумар. Прадаўцы стварылі спецыяльны сайт, дзе хітра рэкламуюць свой тавар. "Да нас гэты газ прыйшоў з вечарынак Еўропы, а асабліва з Ібіцы, дзе яго прадаюць практычна ва ўсіх барах. Ён выпускаецца ў міні-балончыках, якія зручна пераносіць і лёгка браць з сабой у госці".

Апісанне разлічана на моладзь: "Прынясі з сабой, здзіві сяброў". І ўсякія вясёлыя карцінкі побач: маўляў, мы супраць алкаголю і наркотыкаў, мы за газ.

Прадаўцы яўна ўсведамляюць двухсэнсоўнасць сваёй прадукцыі, бо падкрэсліваюць, што "вяселячы газ — гэта легальны і бяспечны сродак падняць сабе настрой". Ці сапраўды легальны? І ці сапраўды бяспечны?

Прадавец пазіцыянуе газ як харчовы дадатак — маўляў, выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці. Пры гэтым рэкламуе газ у якасці замены алкаголю. Маўляў, у кампаніях дастаткова падыхаць газам для весялосці. Прадавец нібыта папярэджвае, што пры ўжыванні разам з алкаголем могуць узнікнуць галюцынацыі. Але ці такая засцярога не становіцца своесаблівым чырвоным сцяжком для прыцягвання таксікаманаў?!

"Мы выкарыстоўваем чыстую сумесь, якая класіфікуецца як харчовы прадукт. "Ап’яняльны" эфект тлумачыцца павышаным утрыманнем у сумесі кіслароду. Пабочных дзеянняў вяселячага газу не выяўлена…" — бадзёра тлумачыць прадавец. І заўважае, што для выкарыстання газу ў медыцыне ў якасці прэпарата для наркозу трэба мець медыцынскую ліцэнзію. А для продажу ў невялікіх балонах ён завозіцца пад выглядам харчовых дадаткаў.

У харчовай прамысловасці закіс азоту сапраўды выкарыстоўваецца. Ён зарэгістраваны Міністэрствам гандлю ў якасці харчовага дадатку Е942 як прапелент і ўпаковачны газ.

Гэта значыць, што выкарыстоўваецца ў сумесі з іншымі кампанентамі, з дапамогай якіх у аэразольных балонах ствараецца залішні ціск, што прыводзіць да распылення вадкасці. Тады ўзнікае пытанне, ці можна лічыць дапушчальным выкарыстанне газу не па прызначэнні.

А што медыкі? Галоўны доктар аддзялення анестэзіі і рэанімацыі 2-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Дзмітрый Капліч катэгарычны: "Гэта небяспечны сродак! Пры перадазіроўцы можа наступіць спыненне дыхання".

Ён супраць любога немедыцынскага выкарыстання закісу азоту нават у невялікіх дозах.

"Якія мінімальныя дозы?! Гэта прэпарат для наркозу. Ён не павінен быць у свабодным продажы. Ён павінен выкарыстоўвацца ў медустановах і толькі спецыялістамі, якія маюць да гэтага допуск. Так, у мінімальнай канцэнтрацыі ён можа выклікаць пад’ём настрою. А крыху больш — выклікае галюцыноз і спыненне дыхання".

Дзе гарантыі, што дурныя падлеткі для большага эфекту не захочуць скарыстацца дзясяткам такіх балончыкаў?

Капліч запэўнівае, што "праблемы могуць узнікнуць і без ужывання алкаголю. Закіс азоту ў свабодным продажы — нонсэнс! Гэта тое самае, што ЛСД дазволіць", — катэгарычна кажа ён.

Нягледзячы на ўсе засцярогі медыкаў, ва Упараўленні наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі УУС Мінаблвыканкама патлумачылі, што ў Беларусі гэты сродак не ўнесены ў спіс забароненых. Але не выключаюць, што пад выглядам закісу азоту могуць распаўсюджваць і сапраўды наркатычныя сродкі. Толькі выявіць гэтага без адмысловай экспертызы нельга. Трэба заўважыць, што наш зварот праваахоўнікі сустрэлі без энтузіязму. Хоць сітуацыя ж падазроная. Чалавек, здавалася б, прадае легальны прадукт. Але сам штурхае людзей, юнакоў, каб яго выкарыстоўвалі не па прызначэнні.

Заканадаўства не забараняе, хоць медыкі супраць. І сам здаровы сэнс пратэстуе. Ці не нагода гэта для змены заканадаўства і для праверкі спрытных бізнэсоўцаў?

Удыханне закісу азоту выклікае гіпаксію — гэта значыць стан кіслароднага галадання — як усяго арганізма ў цэлым, так і асобных органаў. Найбольш адчувальныя да кіслароднай недастатковасці — цэнтральная нервовая сістэма, сэрца, ныркі, печань. Анестэзіёлагі цяпер ужо практычна не карыстаюцца гэтым рэчывам: яно таннае, але шкоднае. Нават пасля ўдыхання ў малых дозах пасля яго баліць галава.

Рэдакцыя гатовая прадаставіць праваахоўным органам кантакты асобы, якая займаецца продажам закісу азоту.

"Можам дамовіцца на дылерскіх умовах"

Мы патэлефанавалі на адзін з указаных на сайце тэлефонных нумароў. Адказаў малады чалавек.

"НН": Я наконт газу. Колькі балончыкаў трэба на аднаго чалавека (цана 10 балончыкаў — 350 тыс.)?

Прадавец: На вечар у ідэале было б 4. Мне, напрыклад, пасля двух-трох больш не хочацца. Пасля аднаго балончыка вы адчуеце канкрэтнае пачуццё эйфарыі хвіліны тры. Добры настрой доўжыцца ў кагосьці 5—10 хвілін, а ў некага і дзве гадзіны.

"НН": Чым больш балончыкаў, тым лепш?

П: Другі раз больш "накрывае". Гэта цяжка выказаць — трэба спрабаваць.

"НН": Адкуль яго завозяць?

П: Балончыкі аўстрыйскія.

"НН": На сайце вы напісалі, што ўсё легальна. Праблем сапраўды не будзе?

П: Так. Гэта харчовы дадатак.

"НН": І нічога, што не па прызначэнні выкарыстоўваецца?

П: Не. У Расіі, Еўропе гэта ўжо даўно.

"НН": Гэта ў іх, а ў нас усё па-іншаму…

П: Мы б ніколі не адчынялі такі сайт, каб гэта было нелегальна. За такія рэчы яшчэ і сесці — надта шмат у нашай краіне за гэта даюць… Калі надумаеце па колькасці, можам дамовіцца на дылерскіх умовах.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заказ зрабіць можа кожны праз электронную пошту (адрас на вядомым партале) або патэлефанаваўшы на мабільны нумар. Прадаўцы стварылі спецыяльны сайт, дзе хітра...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика