Пасаджу памідоры, артышокі пасею.... 21.by

Пасаджу памідоры, артышокі пасею...

02.02.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гаспадарчыя клопаты

Ажыятажу на насенне ў сталіцы пакуль няма, але некаторыя ўжо запасаюцца

Хоць на вуліцы яшчэ поўна снегу, многіх цешыць думка пра будучыя зялёныя газоны і грады на агародзе ці дачным участку. Ды што там грады! Хоць бы скрынкі з расадай ці зелянінай, што многія вырошчваюць на ўласных падаконніках, хутчэй паставіць. Здавалася б, высяваць нешта яшчэ ранавата, але некаторыя запаслівыя гаспадыні ўжо цяпер не прамінуць купіць насення і ўсялякіх дадаткаў да яго. Пакуль не прыйшоў час чэргаў па будучыя памідоры-гуркі-моркву, карэспандэнты "Звязды" пацікавіліся, якія ў Мінску ў гэтым сезоне цэны на насенне і дзе яны больш прывабныя: у маленькай краме ў спальным раёне горада, у вялікім гандлёвым цэнтры альбо на рынку.

Крама "на раёне"

Наўмысна выбіраю акурат такое месца, каб туды, акрамя "сваіх" жыхароў бліжэйшых дамоў, ніхто асабліва не наведваўся. Нарэшце знаходжу тое, што патрэбна. Па-першае, крама сапраўды маленькая, па-другое — метро далёка, дабірацца ад цэнтра горада лепш за ўсё на тралейбусе, ды яшчэ пасля ісці пешшу. Каб спецыяльна — наўрад ці хто паедзе.

Заходжу. У краме, дзе, акрамя насення, прадаецца яшчэ і бытавая хімія, а таксама некаторыя гаспадарчыя рэчы, не надта людна. Толькі нейкая бабулька настойліва дапытваецца ў прадавачкі, які сродак лепш мые посуд: за 10 тысяч альбо за 10 з паловай.


Каля вітрыны з насеннем ніхто нават не спыняецца. Асартымент аказаўся неблагім, калі меркаваць па прынцыпе "нічога лішняга". Гуркі, памідоры, капуста, кроп і пятрушка, морква і іншая "паўсядзённая" гародніна. Агародніка-экстрэмала, які, акрамя вышэйзгаданых "празаічных" культур, асмельваецца саджаць на сваіх градах, напрыклад, салату батэрхед ці іншыя нязвыкласці, такім наборам не здзівіш. Тым не менш, пачынаю цікавіцца цэнамі.

— Тут шмат што з мінулага года засталося. Бліжэй да вясны новую партыю закажам, — заўважае прадавец маю цікавасць.

Трэба сказаць, што ў гэтай краме вялікімі партыямі (па кілаграме і больш), прадавалася толькі пшаніца. Астатняе насенне — у стандартных невялічкіх пакеціках па некалькі грамаў. Так, памідоры тут можна набыць ад 2,4 тысячы рублёў. Большасць гатункаў мае менавіта такі кошт. Былі і даражэйшыя — па 4,1 тысячы. Справа ў польскім "паходжанні" і спецыяльнай папярэдняй апрацоўцы, каб кожнае насенне з пачка пасля пасадкі ўзышло. Гуркі ж былі толькі айчынныя і расійскія, па кошце ад 2,8 да 3,5 тысячы рублёў. Морква і капуста — ад 1,7 да 3,1 тысячы і ад 2,6 да 3,5 тысячы рублёў адпаведна.

Цяпер пра разнастайныя "зялёныя радасці". Насенне цыбулі-парэю можна набыць па 2,4 тысячы рублёў. Разнастайныя салаты — ад 2,4 да 3,5 тысячы рублёў. Пакецік кропу ці пятрушкі — 2,4 тысячы. Засталіся яшчэ чырвоныя буракі (ад 2,4 да 2,8 тысячы рублёў), гарох і фасоля (3,2 тысячы), гарбузы (2,4 — 3 тысячы) і кабачкі (2,4 тысячы рублёў). У маленькай краме знайшоўся і бюджэтны варыянт для тых, хто ненавідзіць, калі пластыкавымі шкляначкамі ад смятаны і ёгурту застаўлены падаконнік. Тры кардонныя гаршчкі для расады можна набыць усяго за 400 беларускіх рублёў.

Гандлёвы цэнтр

У секцыі для агароднікаў і садаводаў пакупнікоў аказалася ў разы больш, чым у папярэдняй краме. Па размовах у чарзе разумею, што людзі пакуль не актыўна закупляюцца, а толькі паціху прыцэньваюцца. Раз-пораз жанчыны пытаюцца пра кошт насення, нехта бярэ пакецік ці два. Нехта адыходзіць, так нічога і не набыўшы.

— Я хутка, толькі вось зараз зямлі куплю. А то ўсе кветкі ў мяне хутка завянуць, трэба перасаджваць, — міжволі раскрыла "таямніцу" свайго візіту ў гандлёвы цэнтр дзяўчына, якая размаўляла па тэлефоне.

Што ж, пачнём і мы прыцэньвацца. Цэны крыху большыя, але выбраць ёсць з чаго. За пакецік насення памідораў прыйдзецца аддаць ад 2,5 да 2,9 тысячы рублёў. Гуркі "пацягнуць" на 3,2—6 тысяч рублёў. Насенне перцу каштуе ад 2,4 да 6,3 тысячы рублёў, а радыска — ад 2,2 да 2,9 тысячы.

Капусту звычайную і капусту каляровую можна вырасціць, заплаціўшы ад 1,3 да 2,1 тысячы рублёў за першую, і ад 2,4 да 3,1 тысячы рублёў за другую. За насенне морквы, набываючы яго ў гандлёвым цэнтры, вы заплаціце ад 1,9 да 4,3 тысячы. Любімыя многімі айчыннымі агароднікамі кабачкі можна купіць па цане ад 2,4 да 3,1 тысячы, а зялёныя кабачкі-цукіні абыдуцца ў 2,9 тысячы рублёў за пакецік насення. Яшчэ варта згадаць кукурузу (4,8 тысячы), патысоны (2,9 — 3,9 тысячы) і баклажаны (4,7 тысячы рублёў).

У гандлёвым цэнтры аказаўся цудоўны выбар угнаенняў. Так, за кіло сухога для расады трэба аддаць ад 11 да 26 тысяч рублёў, а за вадкае, аб'ёмам ад 0,5 літра, — ад 11 тысяч рублёў. Грунт для пасадкі прадаецца ў рознай фасоўцы, мінімальны кошт за ўпакоўку — 11 тысяч рублёў.

Рынак

На адным з самых вялікіх рынкаў сталіцы каля кіёскаў, дзе прадаецца насенне, продаж ідзе даволі ажыўлена. Бяруць у асноўным пакуль толькі памідоры і перац, каб пасля не стаяць у чэргах, калі прыйдзе час ажыятажнага попыту. Але ўжо і цяпер знаходзяцца звышзапаслівыя. Некаторыя, мяркуючы па назіраннях каля кіёскаў, закупліваюць адразу паўнацэнны "джэнтльменскі набор" агародніка, пачынаючы ад памідораў і перцу і заканчваючы насеннем садовых суніц.

Што парадавала на рынку, дык гэта не тое што разнастайнасць, а проста рай у плане выбару насення. З традыцыйнымі культурамі ўсё зразумела: яны ёсць у дастатку паўсюдна. А вось каб вырасціць, напрыклад, баравікі ці артышокі, патрэбна яшчэ пашукаць такое насенне. Хоць на рынку яно ёсць. Але экзотыку мы зараз не чапаем. Пройдземся па звыклым спісе. Насенне памідораў на рынку каштуе ад 3 да 9 тысяч рублёў, гуркі — ад 3 да 5 тысяч. Моркву можна купіць па кошце ад 2,3 да 3,1 тысячы рублёў, чырвоныя буракі — ад 2,3 да 2,5 тысячы.

Перац, калі аддаяце перавагу айчыннаму насенню, будзе каштаваць ад 2,2 да 2,7 тысячы рублёў. Насенне расійскай вытворчасці даражэйшае — ад 3,5 да 5,4 тысячы. Зяленіва (пятрушка, кроп, базілік) абыдзецца ў 2,5 тысячы за пакецік насення. Яно, дарэчы, прадаецца і ў цікавых "насенных наборах", як то сумесь "Травы для кухні". Пяць гатункаў у адной упакоўцы каштуюць 5,5 тысячы рублёў. Насенне вышэйназваных артышокаў каштуе 3,5 тысячы за ўпакоўку, а цыбуля — 3,4—4 тысячы рублёў.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Здавалася б, высяваць нешта яшчэ ранавата, але некаторыя запаслівыя гаспадыні ўжо цяпер не прамінуць купіць насення і ўсялякіх дадаткаў да яго. Пакуль не прыйшоў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика