"Уся праўда, дзеўкі!". 21.by

"Уся праўда, дзеўкі!"

02.02.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ніколі не забудуся, як я, выпускніца ВНУ, прыехала працаваць у вясковую школу, як ўдзвюх з гэткай жа маладой каляжанкай пасяліліся на прыватнай кватэры. Пашчасціла нам: гаспадыня (светлай памяці!) была вельмі рэдкай асобай. Яна гатавала нам кашку, частавала мёдам, хваліла нашы ўборы, не забараняла паліць святло. Ды што там — нават грошы з нас яна брала без ахвоты. Хоць лічыла іх...

З маладосці і да самай пенсіі наша дабрадзейка працавала бухгалтарам у мясцовым калгасе — з ходу дзяліла і множыла ці не любыя лічбы! І, нягледзячы на тое, што гадоў з дзесяць ужо была на пенсіі, рэгулярна наведвалася ў кантору, каб дапамагчы маладым бухгалтарам рабіць справаздачы. Прычым, як той казаў, "совершенно безвозмездно" — гэта значыць, задарма, за дзякуй.

Але ж не ўсё так проста. У атачэнні жанчыны былі-такі людзі, жыццё якім яна ўскладняла і досыць істотна. Гэта — дактары. Справа ў тым, што балела ў бабулі вельмі шмат што: сэрца, суставы, ныркі, печань, селязёнка. Былі праблемы са зрокам, з ціскам... Лекі ад адной немачы аказваліся абсалютна несумяшчальнымі з мікстурамі ад другой. Таму дактары — асабліва маладыя — аж стагналі: раіліся, штурмавалі энцыклапедыі, каб хоць нешта ды ёй прапісаць.

Хворая ганарылася сваёй выключнасцю...

Але гісторыя зусім не пра тое.

Была ў нашай гаспадыні адна любімая газетка. І чаго ж яна толькі ні друкавала! Парады па вядзенні гаспадаркі і лячэнні хвароб, рэцэпты прыгатавання страў, крыжаванкі, інфармацыю пра святы, народныя прыкметы... Бабуля на веру прымала ўсё! Асабліва — апошняе.

Дык вось. Неяк на нашу вёску абрынуўся моцны град. Людзі з вуліцы хто куды... А наша бабуля — дык куляй дамоў, у кухню. Уляцела, з маладзецкім спрытам парасчыняла шуфлядкі, пагрымела там лыжкамі-відэльцамі... А далей мы і наогул вачам не паверылі, бо гаспадынька... ускочыла на стол, адчыніла фортку і з усіх сіл стала шпурляць туды (а жылі мы на другім паверсе) усе нажы, якія толькі меліся ў хаце.

Ашалелымі вачыма мы глядзелі на жанчыну — спрабавалі ўцяміць: што з ёй робіцца, што за "глюкі"?

Яна ж прысела на табурэт толькі потым, скончыўшы "работу"; папрасіла цішыні, падняўшы ўказальны палец, навастрыла вушы: стала нечага чакаць, прыслухоўвацца... Хвілін праз колькі на вуліцы ўсё сціхла — бліснула сонейка, град супакоіўся. І...

— Уся праўда, дзеўкі! — урачыста прамовіла наша гаспадыня. — Гэта ж я ў сваёй газеце прачытала: для таго, каб град хутчэй скончыўся, трэба ўсе нажы ў фортку павыкідваць. Чым далей шпурнеш — тым лепей!

Мы (настаўніцы ж!) паспрабавалі было тлумачыць ёй, што град сам па сабе з'ява непрацяглая (таму і скончыўся)... Але бабуля нам не верыла. Яна глядзела за акно — на выкінутыя нажы — і паўтарала сваё: "Уся праўда, дзеўкі!".

Такая вось была вера.

І гэта за шчасце яшчэ, што пад вокнамі ў тую хвіліну ніхто не прабягаў.

Вольга ДАНЭЙКА, г. Беразіно.

Рабаванне па-мастакоўску

"Байцы ўспамінаюць мінулыя дні": некалі мой сябра працаваў мастаком у тэатры, некалі, на адной з рэпетыцый, ён паставіў на стол паднос з гронкамі жывога вінаграду...

Артысты тады з усмешкай заўважылі, што сапраўдныя ягады адцягваюць увагу, замінаюць, бутафорскія — куды лепш...

Неўзабаве, ужо да іншага спектакля, спатрэбіўся пачак грошай. Вядома ж, бутафорскі.

Сябра мой лічыўся віртуозам алоўка і пэндзля, таму асігнацыі атрымаліся, лічы, як сапраўдныя.

Імі карцела пахваліцца, і ён рушыў да калег — у знакамітыя майстэрні, якія знаходзіліся на галоўным сталічным праспекце, над былой кавярняй "Вясна".

— Вып'ем, хлопцы! — прапанаваў ён, выцягнуўшы з кішэні пачку "шэдэўрыкаў".

Хлопцы спярша ацанілі, потым — пагадзіліся, але ж скінуліся жывымі, сапраўднымі "казначэйкамі", і пачалося...

Добра яны сядзелі: не раз і не два нехта хадзіў па дабаўку, бо яно ж вядома, хто такі дурань: той, каго пашлеш па бутэльку, дык ён адну і прынясе.

Урэшце кампанія разышлася. Госць-завадатар застаўся адзін — проста не змог падняцца. Таму гаспадар яго і замкнуў. А што — няхай праспіцца да раніцы.

Самотнік, аднак, прачнуўся раней, успомніў, як водзіцца, пра сям'ю і стаў шукаць выйсце. Дзверы былі на замку. Падышоў да акна, убачыў, што ніжэй яго добра так выступае карніз і "вядзе" ён — аж да даху суседняга, досыць велічнага збудавання, адкуль можна спусціцца ўніз, у двор па пажарнай лесвіцы.

Хмель яшчэ не выйшаў, таму вязень адчуваў сябе смелым. Праўда, ступаў асцярожна, памалу, быў па-альпінісцку ўважлівым. Карацей — дабраўся ён той металічнай драбіны, па ёй спусціўся ўніз — скочыў на зямлю. І ў той жа міг апынуўся ў... дужых абдымках ахоўнікаў, бо ў велічным збудаванні месціўся... Дзяржаўны банк краіны!

...Час прайшоў, пакуль разабраліся, што да чаго. Пасля — пярэпалах змяніўся на рогат, бо гэта ж трэба — злавілі рабаўніка... І з чым? З пачкам фальшывых грошай!

...Праз колькі там часу сябар зноў завітаў у майстэрню. Так, дзеля цікавасці высунуў галаву ў акно: ашалелым ад жаху позіркам "абмацаў" свой шлях, у канцы якога... ужо была агароджа з калючага дроту.

А што? Усё правільна: сцеражонага Бог сцеражэ. І толькі ён ведае, на што здольныя гэтыя мастакі... У тым ліку — і выпіць.

Ілья Шахрай, г. Мінск.

Цудадзейны сродак

У тым, што звяздоўскі "народны провад" — справа запатрабаваная, сумнявацца не даводзіцца, бо ў ім жа ўсё пра жыццё, пра людзей, якія ні ёсць. Карысна паглядзець на сябе збоку, карысна пасмяяцца, цікава пра нешта даведацца, а то і навучыцца...

У мінулую вясну сышліся мы да сяброўкі на талаку — бульбу садзіць. Праца гэта не з лёгкіх нават для чалавека здаровага, а там адна маладзіца ну ніякая была. Пытаюся: "Што з табой?". Яна ў адказ: "Сорам прызнавацца.. З жыватом нешта... Чацвёрты тыдзень лекі п'ю — і ніякага толку".

Шкада чалавечка. Мусіць, таму і ўспомніла я бацькаў расказ пра тое, як яны, салдацікі, у вайну ў балотах сядзелі, як спасцігла іх тая ж немач. Чым толькі, казаў, ні лячыліся — рады даць не маглі. Аж пакуль нехта не даўмеўся альховых шышак запарыць... Умомант войска паднялося.

Расказала пра гэта жанчынцы. Потым сама схадзіла ў алешнік, назбірала тых шышак, параіла, як заварыць. Не паверыце: з адной шклянкі на ногі паставіла!

На гэтым мая "кар'ера знахаркі" магла б і скончыцца, калі б сусед у тую ж вясну індыкоў не завёў, калі б я хоць-нехаць не стала назіраць, як жа яны растуць... Гляджу летам — ладныя ўжо, з добрую курыцу сталі.

Але ж птушка гэта дужа далікатная: мода ў яе — ледзь што — і, як зараз кажуць, адкінулася. Найчасцей — з-за праблем у стрававальнай сістэме.

Дык вось. Заўважаю я неяк, што індыкі суседавы нейкія сумныя парабіліся. А гэта (кажу яму) трывожны сігнал.

Ён патыліцу чэша, пытаецца, што рабіць.

Прынесла і яму тых альховых шышак. Кажу: "Завары, папаі адварам — раптам дапаможа... Што не пашкодзіць — факт (гэта тая ж хіна).

Паспрабаваў ён. І што вы думаеце? Птушкі, якія ўжо схапілі хваробу, сканалі, а вось астатнія, тыя, што "прайшлі прафілактыку" — выраслі. Дапамаглі шышкі! Думаю так, бо індыкоў гадавала яшчэ адна гаспадыня (дарэчы, медык па адукацыі). Дык у яе з 20 асобін тая немач выкасіла 13.

...Карацей, перад Калядамі ўдзячны сусед прынёс мне ці не паўіндыка — маўляў, у знак удзячнасці...

Такі "знак" ды задарма, я, вядома ж, прыняць не магла (сапраўдныя знахаркі плату за паслугі не бяруць), а вось кавалачак... У якасці падарунка...

На свята з індычынай была. Вельмі смачнае і карыснае мяса! Ёсць, скажу вам, разлік і гадаваць гэтую птушку, і ратаваць. Буду рада, калі некаму дапаможа мой цудадзейны сродак.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён.

А не гаўкай!

У далёкія ўжо студэнцкія гады мы жылі ў інтэрнаце — па чатыры чалавекі ў адным пакоі. Стыпендыі былі рублёў па сорак, здаецца — невялічкія, а вось жаданняў... Ведама, маладыя — хацелася і прысмакаў купіць, і ў кіно з дзяўчынай схадзіць, і рубель на нейкую абноўку вымеркаваць...

Што датычыцца ежы, то на ёй, лічылася, можна эканоміць. У большасці студэнтаў бацькі жылі ў вёсках, грошай дзецям падкінуць не маглі, а вось прадуктаў... Ці не з кожнага акна звешваліся тады сеткі з варэннямі, саленнямі, маслам, салам... Пры жаданні можна было і нешта гатаваць. Мы, напрыклад, рабілі гэта па чарзе, калі, вядома ж, мелі з чаго... Калі не — перабіваліся нейкай бутэлькай малака з хлебам альбо з батонам. А то і наогул "сядзелі на вадзе" — гэта значыць, пілі чай. І добра, калі з цукрам.

Дык вось... Ці не пасля стыпендыі пайшлі мы з сябрам у краму, купілі неабходнае, з цяжкімі сеткамі крочым назад. Бачым: наперадзе ў нас дзве дзяўчыны з паралельнага курса — відаць, як і мы, з крамы, бо з авоськамі. Але ж ідуць (пад ручкі ўзяўшыся), пра нешта размаўляюць ды так зайздросна смяюцца... А сябрук мой да гэтага таксама ахвотны, яго хлебам не кармі — дай нейкі жарт састроіць.

Той штурхель мяне локцем: давай мы іх папалохаем, ззаду ціхенька падкрадзёмся і за ногі... А я дык яшчэ і загаўкаю для большага жаху.

Як надумалі, так зрабілі. Рэакцыя?

Ды чаканая: дзяўчаты з перапуду, вядома ж, запішчалі — на ўсю іванаўскую. І... сталі бараніцца. Гэта значыць, адна, не доўга думаючы, агрэла авоськай па "сабаку", другая — па мне. І гэта яшчэ б нічога, калі б у тыя часы малако ды кефір прадаваліся, як цяпер — у пакетах, а то ж — у шкляных бутэльках! А яны — поўныя, як тыя каменні.

Мы з Васілём узвылі ад болю і, што называецца, з капытоў, бо справа зімой была, тратуар пад нагамі слізкі. Прычым падалі не адны — збілі з ног і дзяўчат.

Загрымелі, вядома ж, і нашы бутэлькі — па вуліцы пацякло малако.

...Не помню, як у сябра, а ў мяне спіна балела доўга. І гэта, думаў, яшчэ за шчасце, што ўдар прыйшоўся па ёй! Калі б па галаве — страсенне мазгоў было б гарантаванае.

А зрэшты ў маладосці, яно, магчыма, і патрэбна, каб надалей ведаць, і з кім жартаваць, і як. Прынамсі, так, як мы, з дзяўчатамі ці жанчынамі я нікому б не раіў: а раптам цяжарная?

М.П. Багданаў, в. Новы Пагост, Мёрскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ніколі не забудуся, як я, выпускніца ВНУ, прыехала працаваць у вясковую школу, як ўдзвюх з гэткай жа маладой каляжанкай пасяліліся на прыватнай кватэры. Пашчасціла...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика